Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз — Лукашэнку: і санкцыі, і хаўрус адначасова


Вядучыя нямецкія выданьні Wirtschaftsblatt і Financial Times Deutschland пішуць пра заняпад, у якім апынулася Беларусь падчас кіраваньня Лукашэнкам і пра тое, што, нягледзячы на санкцыі, ЭЗ зьяўляецца найбуйнейшым хаўрусьнікам беларускага рэжыму.

Як піша Wirtschaftsblatt, да сваёй незалежнасьці Беларусь была адной з самых эканамічна перадавых саюзных рэспублік. БССР зьяўлялася галоўным мантажным цэхам Савецкага Саюзу, тут вырабляліся запатрабаваныя ў іншых рэгіёнах СССР аўтамабілі-цяжкагрузы ды трактары. Жыцьцёвы ўзровень беларусаў быў адным з самых высокіх у параўнаньні зь іншымі рэспублікамі.

Але пасьля развалу савецкай імпэрыі беларускія тавары страцілі сваю канкурэтназдольнасьць. Эканамічныя рэформы маладая краіна не праводзіла, прэзыдэнт Лукашэнка не дапускаў прыватызацыі. У Беларусі, як і ў часы СССР, працягвала існаваць каманднае кіраваньне гаспадаркай.

Дзеля таго, каб ня падаў жыцьцёвы ўзровень у краіне, Беларусь мусіла пазбаўляцца залежнасьці ад сваіх гандлёвых партнэраў. Аднак посьпехам стаў перашкаджаць ціск Захаду, ад якога ня выратавала нават уступленьне ў Мытны саюз з Расеяй ды Казахстанам.

У сувязі зь ціскам рэжыму на апазыцыю, ігнараваньне дэмакратычных правоў і свабодаў, Міжнародны валютны фонд і ЭЗ пачалі выстаўляюць Менску ўсё больш жорсткія патрабаваньні. У выніку валютнага крызісу і трохразовай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты вялікія страты панесьлі як мясцовыя прадпрыемствы, так і замежныя інвэстары, у тым ліку Telekom Austria, якія раней былі дапушчаныя ў Беларусь са згоды Лукашэнкі, піша Wirtschaftsblatt.

Як адзначае іншае нямецкае выданьне Financial Times Deutschland, відавочна, што падтрымка дэмакратыі ў Беларусі патрабуе ад ЭЗ самых жорсткіх санкцыяў супраць Менску. Аднак, мяркуючы па аб’ёме гандлёвага сальда, Эўразьвяз, тым ня менш, можна назваць найбуйнейшым хаўрусьнікам рэжыму Лукашэнкі.

Нягледзячы на палітычную ізаляцыю Беларусі, сфэра яе зьнешняга гандлю разьвіваецца ўсё больш пасьпяхова. Леташні экспарт беларускіх тавараў у краіны ЭЗ у параўнаньні з пазалеташнім вырас на 221%, і адчувальна перавышае аб’ём экспарту ў Расею. Квітнее і дзелавая актыўнасьць эўрапейскіх бізнэсоўцаў у Беларусі. Напрыклад, нямецкія банкі і прадпрымальнікі летась інвэставалі ў эканоміку краіны як ніколі раней.

Здавалася б, добрыя ўгоды зьяўляюцца ключом да эканамічнай стабільнасьці і тым самым да росквіту краіны і яе грамадзян, адзначае Financial Times Deutschland. Аднак у выніку нязначнай прыватызацыі беларускай эканомікі, тавары і прыбытак сканцэнтраваныя ў руках дзяржавы. Таму ўсе ўгоды служаць найперш дабрабыту ўлады.

Атрымліваецца, што дзякуючы станоўчаму сальда зьнешняга гандлю зь Беларусьсю, які ў 2011 склаў 6 мільярдаў эўра, ЭЗ стаў адным зь вядучых партнэраў рэжыму і працягвае дапамагаць яму заставацца на добрых пазыцыях.

Паводле нямецкага выданьня, неабходныя мэтанакіраваныя захады, якія б закранулі рэжым і адначасна нанесьлі найменшы ўрон шэраговым беларускім грамадзянам. У Беларусі існуе вельмі маленькая колькасьць фактычных алігархаў, пераважна з былых супрацоўнікаў КДБ, якія ўладжваюць важныя для рэжыму экспартныя гешэфты, прыцягваючы ў краіну замежны капітал і праводзячы гэтак мовіць псэўдапрыватызацыю, каб знайсьці пакупнікоў на Захадзе.

Акрамя таго, лічаць экспэрты, Беларусь не здольная абыйсьці эканамічныя санкцыі шляхам пашырэньня сувязяў з Расеяй. Беларускі экспарт, перш за ўсё ў такіх важных галінах, як вытворчасьць угнаеньняў, сталі, а таксама перапрацоўка нафты, цалкам арыентаваныя на Захад. Эўропе варта перакрыць каналы, праз якія ідзе фінансаваньне апарату Лукашэнкі. Гэтага жадаюць шматлікія беларускія праваабаронцы і палітвязьні. Размова ідзе не пра пакараньне, а пра тое, каб пасьлядоўна адстойваць такія асноватворныя каштоўнасьці, як правы чалавека і дэмакратыя, піша Financial Times Deutschland.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG