У чым прычына канфліктаў?
Валер Карбалевіч: «У Смалявіцкім раёне мясцовыя жыхары выступаюць супраць зносу сваіх дамоў дзеля будоўлі кітайцамі індустрыяльнага парку. У Менску жыхары пратэстуюць супраць таго, што высякаюць дрэвы ў парку 40-годзьдзя Кастрычніка, каб збудаваць тут гатэль „Пэкін“. Можна ўзгадаць і іншыя падобныя канфлікты. Канфлікт інтарэсаў — гэты звычайная зьява ва ўсім сьвеце. У чым асаблівасьці гэтых канфліктаў у Беларусі?»
Міхась Пашкевіч: «Праблема ў тым, што ўлады ігнаруюць грамадзтва, грамадзкую думку пры заключэньні і рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў. Яны ня звыклыя да пратэсту людзей. Урад лічыць, што кіруецца высокімі матывамі, прыцягвае замежныя інвэстыцыі ў краіну. У Эўропе на грамадзкія пратэсты ўлады зважаюць. Яны пільнуюць, каб ніводнае дрэва не загінула.
Учора я ўдзельнічаў у перамовах грамадзян Смалявіцкага раёну з старшынём Менскага аблвыканкаму Батурам. Было ўражаньне як з твораў Якуба Коласа, як пан гутарыць з палешукамі, з прыгоннымі сялянамі. Батура быў падобны да пана, якога малявала савецкая прапаганда.
Мы даведваемся пра інвэстыцыйныя праекты толькі пасьля. Няма ніякіх абмеркаваньняў. А дэпутаты Палаты прадстаўнікоў далі дазвол на будаўніцтва гэтага індустрыяльнага парку, яны зацьвердзілі дамову з кітайцамі. У панядзелак мы будзем сустракацца з дэпутатам ад Смалявіцкага раёну і будзем патрабаваць ініцыяваць дэнансацыю гэтай дамовы.
Праблема ў тым, што мясцовыя ўлады, дэпутаты ня ў стане ўплываць на рашэньне гэтага пытаньня. Усё залежыць ад прэзыдэнта, ды яшчэ віцэ-прэм’ера Тозіка, які лабіруе гэты праект.
Па нашай прапанове жыхары Смалявіцкага раёну накіравалі ліст амбасадару Кітайскай Народнай Рэспублікі з просьбай аб сустрэчы. Трэба, каб, акрамя ўладаў і інвэстара, грамадзкасьць стала трэцім суразмоўцам».
Карбалевіч: «Можа, няма беларускага грамадзтва як суб’екта грамадзка-палітычнага жыцьця, як суб’екта, які ўплывае на нейкія рашэньні. Акрамя таго, у Беларусі няма прыватнай уласнасьці. Таму значна лягчэй, чым на Захадзе, любога грамадзяніна выкінуць зь ягонага жытла, зямельнага ўчастку».
Кірыла Пазьняк: «Пратэсты носяць кропкавы характар. Існуе нэгатыўнае стаўленьне грамадзтва да кітайскай экспансіі, хоць улада ўсяляк піярыць сяброўства з Кітаем».
Няма мэханізму абароны правоў людзей
Пазьняк: «Ёсьць сыстэмныя хібы, якія спараджаюць гэтыя канфлікты. Гэтыя праекты закрытыя. Людзі ня ведаюць ні іх сутнасьці, ні наступстваў іх рэалізацыі, ні схем кампэнсацый, з дапамогай якіх можна было б улагоджваць гэтыя канфлікты. Падчас эканамічнага крызісу ўлады аддаюць прыярытэт замежнаму бізнэсу, а не сваім грамадзянам, хоць прадэкляравана, што Беларусь — дзяржава для народу.
Акрамя таго, незадаволеньне выказвае невялікая купка людзей. Таму іх можна ігнараваць. Але небясьпека для ўладаў палягае ў тым, што гэтыя пратэсты ў выглядзе і страйкаў, і іншых формаў здараюцца ўсё часьцей. Ствараецца крытычная маса».
Незадаволеньне выказвае невялікая купка людзей. Таму іх можна ігнараваць.
Карбалевіч: «Людзі ўзгадваюць пра свае правы толькі тады, калі іх нешта непасрэдна чапляе. І тады яны даведваюцца, што ў краіне няма мэханізмаў абароны сваіх правоў. Адзінае, што ім дазволена, — гэта пісаць чалабітную».
Пашкевіч: «Усё прыходзіць з часам. Зараз нам пішуць: маўляў, навошта вы іх абараняеце, а дзе яны былі 19 сьнежня 2010 году? Калі апазыцыя зойме такую пазыцыю, то яна ня будзе адрозьнівацца ад улады. Цяпер у апазыцыі ёсьць велізарная мажлівасьць для працы. Вось з панядзелка мы запускаем юрыдычную лінію „Будаўнічы кантроль“. Трэба сыстэматызаваць парушэньні пры рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў. А так эколягі пратэстуюць супраць зьнішчэньня дрэваў, ахоўнікі гістарычных помнікаў — супраць разбурэньня будынкаў, якія маюць гістарычную каштоўнасьць. У іншых раёнах Менску (Уручча) людзі пратэстуюць супраць ушчыльненьня забудовы.
Праблема ў тым, што кіраўнік Менску Ладуцька — гэта ня мэр гораду, а прараб. Ён раней працаваў прарабам і цяпер выконвае будаўнічую замову. Мы імкнемся выйсьці на закон аб грамадзкім абмеркаваньні і да паўнамоцтваў гарадзкой улады.
Хачу зьвярнуць увагу, што Батура падчас сустрэчы зрабіў невялікі крок насустрач грамадзянам. Ён заявіў, што прапануе грамадзкае абмеркаваньне гэтага праекту ў Смалявіцкім раёне».
Да чаго вядзе непразрыстасьць у выбары замежных фірмаў?
Карбалевіч: «Здарыўся яшчэ адзін скандал, але трохі іншага кшталту. Беларускія ўлады фактычна разарвалі дамовы з расейскай кампаніяй „Ітэра“, якая павінна была будаваць дзелавы цэнтар „Мінск-Сіці“. Магчыма, гэта вынік своеасаблівага спосабу выбару беларускімі ўладамі той ці іншай замежнай кампаніі? Бо ўжо ня першы раз улады падпісваюць нейкія дамовы аб рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту з замежнікамі, дзяржаўныя мэдыі даводзяць велізарныя выгоды для краіны, а ў выніку атрымоўваецца пшык. Узгадайма праект з распрацоўкай сланцаў ды іншыя. У чым тут прычына?»
Няма сыстэмы празрыстых конкурсаў, тэндэраў, усе рашэньні прымаюцца закулісна і па-валюнтарысцку.
Пазьняк: «Тут мы бачым тыя ж самыя сыстэмныя хібы, толькі на вышэйшым узроўні. Не адладжаны працэс прыцягненьня буйных інвэстыцый. Няма сыстэмы празрыстых конкурсаў, тэндэраў, усе рашэньні прымаюцца закулісна і па-валюнтарысцку.
Да таго ж падчас крызісу і беларускі бок, і інвэстары пачынаюць пераглядаць папярэднія ўмовы. Напрыклад, „Ітэра“ лічыць, што праект „Мінск-Сіці“ ўжо не такі фінансава прывабны, як раней, і хацела зьмяніць умовы. Плюс наракае на бюракратызм. Лукашэнка кажа, што знойдуцца кампаніі, якія гатовыя рэалізаваць гэты праект на ранейшых умовах.
А расейскі капітал падыходзіць да супрацоўніцтва зь Беларусьсю прагматычна. Там лічаць грошы і разумеюць, што Беларусі цяпер надта патрэбныя інвэстыцыі. Таму расейцы выстаўляюць свае ўмовы».
Пашкевіч: «Гэты праект „Мінск-Сіці“ даўно ператварыўся ў міт, здань. Расейскі капітал мае дрэнную звычку набываць у Беларусі, Украіне, Малдове актывы на запас і не разьвіваць іх належным чынам. А беларускім уладам трэба паказваць хуткі рост, бо Менск — гэта візытоўка. Узгадайма ўвагу да будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, „Мінск-Арэны“.
Я сам сутыкнуўся зь цікавым прыкладам. Былы тралейбусны парк супраць былой сядзібы БНФ ужо колькі гадоў мусіў быць забудаваны расейскай фірмай. Няма і новага тралейбуснага парку ва Ўруччы. Але ўлады не аддаюць нікому ні тую пляцоўку, ні другую.
Я чытаў, што і некаторыя арабскія інвэстары таксама пераглядаюць свае падыходы. Цяпер найбольшы прыярытэт кітайцам».