Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У заводзкіх цэхах мерзнуць рабочыя


Шмат якія прамысловыя прадпрыемствы выявіліся не гатовымі да лютых маразоў, якія трымаюцца ўжо трэці тыдзень.

І калі многія будоўлі спынілі працу, то ў заводзкіх цэхах людзі мерзнуць. Рабочыя Менскага заводу аўтаматычных ліній скардзяцца на вельмі нізкую тэмпэратуру ў цэхах. На мінулым тыдні, калі на двары было мінус 25, у некаторых цэхах таксама была мінусавая тэмпэратура. Старшыня прафкаму заводу аўтаматычных ліній Валер Дыбоўскі гэтую інфармацыю пацьвердзіў:

«Па падрыхтоўцы да зімы ня ўсе мерапрыемствы выкананыя, якія маглі б палепшыць умовы працы. Самы вялікі цэх — зборачны — мог забясьпечыць прымальную тэмпэратуру (назаву так, не па санітарных нормах), але такіх участкаў няшмат.

Карэспандэнтка: «Адзін рабочы казаў, што на мінулым тыдні было мінус 8 градусаў у цэху».
Ліцейны цэх наагул не ацяпляецца. Адтуль людзей нават адпускалі.

«Цалкам магчыма, я веру. Ліцейны цэх наагул не ацяпляецца. Адтуль людзей нават адпускалі. Другі такі ўчастак ведаю — кавальна-нарыхтоўчы цэх. Там таксама адключаныя батарэі, і людзі забясьпечаныя толькі цёплым спэцадзеньнем. Адзінае, чаго мы змаглі дамагчыся, гэта тэхнічныя перапынкі. І падтрымліваем людзей у цэхах гарачай гарбатай».

Адмыслоўца Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі таксама пацьвярджае, што на заводзе з тэмпэратурным рэжымам ёсьць праблемы:

«У мінулым годзе, дарэчы, у нас таксама была такая сытуацыя з МЗАЛам. Мы рабілі захады, штрафавалі галоўнага інжынэра. У нас быў такі інцыдэнт летась».

А вось галоўны інжынэр МЗАЛ Барыс Шчурэвіч абураецца, пачуўшы пытаньне пра холад у цэхах:

«Я ня ведаю, гэта нейкая правакацыя. Літаральна на мінулым тыдні прыходзіла на завод праверка, спэцыялісты зь Міністэрства прамысловасьці. І я асабіста зь імі хадзіў з градусьнікам па цэхах. І ў нас 15, 16, 17 градусаў стабільна ў цэхах».

Карэспандэнтка: «Наагул мінус ня можа быць?»

«Не».

Карэспандэнтка: «Але ў мінулым годзе былі праблемы з санстанцыяй па холадзе…»

«Во, цікава! Ведаеце, якія ў нас праблемы?..»

І тут галоўны інжынэр пачаў доўга распавядаць, як завод вучыць моладзь, яна атрымлівае па некалькі спэцыяльнасьцяў і ўцякае. А паколькі на кантракце, то, як распавёў галоўны інжынэр, —

«Вось ён і пачынае прыдумляць, што на заводзе тэмпэратурны рэжым не выконваецца альбо грошы несвоечасова даюць».

Якая ў ліцейным і кавальна-нарыхтоўчым цэхах павінна быць тэмпэратура, пытаюся ў адмыслоўцы Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі:

«Калі ён апрацоўвае дэталі вагой да 10 кіляграмаў, і фізычная праца сярэдняй цяжкасьці, тэмпэратура дапушчальная павінна быць 15 — 22 градусы ў халодны пэрыяд»

Карэспандэнтка: «Ну а пра мінусавую тэмпэратуру наагул у ніякіх нарматывах няма гаворкі?»

«Мінус — не, канечне! У халодны пэрыяд году дапушчальная ад плюс 13 пачынаецца».

Праблемы з тэмпэратурным рэжымам у маразы, натуральна, ня толькі на заводзе аўтаматычных ліній, а і на іншых вялікіх заводах, кажа старшыня прафкаму Валер Дыбоўскі:

«Усе гэтыя праекты будаўніцтва заводаў такой магутнасьці рабіліся 50 гадоў таму. Велічэзныя цэхі прадугледжвалі мора ацяпленьня. А цяпер магутнасьці не загружаныя. А плаціць па лічыльніку трэба. Вось і здараюцца збоі».

Адмыслоўца Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі тлумачыць:

«Наймальнікам павінны праводзіцца захады для зьніжэньня неспрыяльнага ўзьдзеяньня парамэтраў мікраклімату, якія знаходзяцца ніжэй альбо вышэй за дапушчальныя велічыні. Дадатковы абагрэў, розныя могуць быць захады. Але захады павінны рабіцца наймальнікам».

Старшыня прафкаму МЗАЛ Валер Дыбоўскі кажа, што ад прафсаюзаў паступалі канкрэтныя прапановы што да працаўнікоў у халодных цэхах:

«Трэба пры такой тэмпэратуры зьмяншаць колькасьць працоўных гадзін з захаваньнем заробку».

Але на такія крокі адміністрацыя заводу не ідзе. А рабочыя заводу, у якіх сярэдні заробак 2,5 мільёна, вымушаныя працаваць у халодных цэхах, каб пракарміць сям’ю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG