Абаронца Курапатаў. Сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Былы вязень сталінскіх лягераў. Быў сасланы з маці ў Сыбір у Краснаярскі край у паўтарагадавалым узросьце і рэабілітаваны толькі праз 50 гадоў.
«Ён быў з намі з першых дзён фронтаўскага руху, на працягу 20 гадоў кіраваў Каліноўскай радай Фронту і Партыі ў нашай сталіцы. Мужны і прынцыповы чалавек, Пятро Пятровіч заўсёды казаў людзям праўду і заўсёды жыў у праўдзе... Побач зь ім людзі станавіліся здольнымі на подзьвіг. У яго вучыліся шчырасьці і любові да беларушчыны. Пятро Пятровіч — з сапраўднай народнай эліты, на якой грунтуецца беларускае нацыянальнае Адраджэньне», — чытаю фрагмэнт некралогу КХП БНФ і згадваю свае сустрэчы з Пятром Шашкелем у Курапатах.
Там яго можна было сустрэць амаль кожную суботу. Пятро Шашкель прыходзіў ва ўрочышча, бо ня мог не прыйсьці. Ставіў новыя крыжы, аднаўляў паламаныя вандаламі, прыбіраў, саджаў кветкі, прыносіў і запальваў сьвечкі. Ён быў сярод тых, хто аднаўляў Крыж пакуты, апаганены вандаламі пяць гадоў таму.
Ад 1988 кожныя Дзяды яго зь кветкамі і бел-чырвона-белым сьцягам можна было пабачыць у першых шэрагах жалобнага шэсьця.
«Калі не памятаць пра продкаў, пра Дзядоў, мы ня будзем мець ні будучыні, ні нават сёньняшняга дня», гаварыў ён у інтэрвію "Свабодзе" ў 2008
«Мне было няпоўныя два гады, а брату няпоўныя два месяцы, калі ў 1946 годзе мы былі асуджаны разам з маці як дзеці ворагаў народа. Дзень гэты для ўсіх нашых родных — гэта дзень памяці загіблых ня толькі ў Курапатах, а па мноству тых Курапатаў, якія раскіданы па нашай любай Бацькаўшчыне — Беларусі», гэта ягоныя словы на Дзяды-2007.
«Тысячы, дзесяткі тысяч людзей загінулі ў астрогах, у лягерах, на лесапавале... У імя загінуўшых я зьвяртаюся да вас: бараніце нашу краіну, нашу Беларусі», казаў ён на Дзяды ў 2006.
«Гэта адначасна і сьвяточны дзень, паколькі шмат моладзі ідзе сёньня, каб пакланіцца нявінна загінулым. У нейкай ступені і смутнае пачуцьцё, таму што я страціў сваіх бацькоў, сам быў рэпрэсаваны. Мяне рэабілітавалі толькі ў 1996-м годзе», — згадваў Пятро Шашкель у 2005 годзе.
Памятаю, як сем гадоў таму вязень сталінскіх лягераў Алесь Юршэвіч з Мёраў за свае грошы наняў аўтобус прывёз у Курапаты каштаны і высадзіў алею. Ня ўсе тады зразумелі, чаму каштаны ў Курапатах. Але дрэвы прыжыліся. Пасьля сьмерці Юршэвіча ў яго памяць Пятро Шашкель з паплечнікамі подоўжылі каштанавую алею.
Я больш не пабачу ў Курапатах Пятра Шашкеля. Але там стаяць усталяваныя і абароненыя ім крыжы і растуць каштаны...
20 сакавіка 2008
З паплечнікамі на талацэ (у другім шэрагу чацьверты справа)