Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — сярод дастаўцаў зброі ў Судан


Пастаўкі ўзбраеньня з Кітаю, Расеі і Беларусі прычыняюцца да сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў суданскім рэгіёне Дарфур — гаворыцца ў справаздачы праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя».

Зважаючы на сытуацыю, праваабаронцы заклікаюць урады тэрмінова ўзмацніць цяперашняе неэфэктыўнае эмбарга ААН на пастаўкі зброі ў ахоплены грамадзянскім канфліктам Судан і падпісаць дзейсны дагавор аб гандлі ўзбраеньнямі.

У справаздачы «Судан: Няма канца канфлікту ў Дарфуры» «Міжнародная амністыя» спасылаецца на зьвесткі ААН ды ілюструе, як Кітай, Расея і Беларусь «працягваюць пастаўляць зброю і боепрыпасы ў Судан, нягледзячы на пераканаўчыя сьведчаньні, што гэтая зброя выкарыстоўваецца супраць цывільных жыхароў у Дарфуры.

У дакумэнце, у прыватнасьці, гаворыцца, што ў пэрыяд паміж 2008 і 2010 гадамі Судан атрымаў зь Беларусі 15 самалётаў «Су-25». Паведамленьні пра гэтыя пастаўкі зьявіліся яшчэ ў кастрычніку 2010 году — агенцтва «Ройтэрс» спасылалася тады на канфідэнцыйную справаздачу камісіі экспэртаў ААН, якая сочыць за выкананьнем эмбарга.

Самі па сабе пастаўкі зброі ў Судан не зьяўляюцца нелегальнымі, але пры гэтым, паводле ўмоваў эмбарга ААН, патрабуюцца гарантыі ад суданскіх уладаў, што зброя ня будзе скарыстаная ў Дарфуры.

Канфлікт у Дарфуры разгарэўся ў 2003 годзе, калі паўстанцы, збольшага неарабскага паходжаньня, выступілі супраць ураду. У выніку ваенных дзеяньняў, паводле ацэнак ААН, загінулі звыш 300 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG