Расея і Кітай наклалі вета на праект рэзалюцыі ААН, які падтрымлівае плян Лігі арабскіх дзяржаў па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Сырыі.
Рэзалюцыя абмяркоўвалася сёньня на спэцыяльным пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН у Нью-Ёрку. Усе астатнія 13 членаў рады, сярод якіх ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя, падтрымалі рэзалюцыю.
Прадстаўніцтва Вялікай Брытаніі пры ААН назвала блякаваньне рэзалюцыі "ганебным крокам" з боку Расеі і Кітаю. Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў, што заблякаваная рэзалюцыя падрывае ролю ААН і міжнароднай супольнасьці ў часе, калі Дамаск павінен "пачуць аб'яднаны голас" з патрабаваньнем спыніць гвалт.
У сваю чаргу Масква заявіла, што праект рэзалюцыі "небезнадзейны", але фармулёўкі ў тэксьце павінны быць зьмененыя так, каб міжнародная супольнасьць не станавілася на адзін з бакоў у грамадзянскай вайне.
Напярэдадні сырыйскія вайскоўцы абстралялі з цяжкой артылерыі горад Хомс – адзін з цэнтраў апазыцыйных выступаў – забіўшы больш за 200 чалавек. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў учорашняе бамбардаваньне Хомсу «агідным нападам» і абвінаваціў сырыйскія ўлады ў забойствах цывільных асобаў. Афіцыйны Дамаск адпрэчыў факт бамбардаваньня гораду і ўсклаў адказнасьць за забойствы ў горадзе на тэрарыстычныя групоўкі