Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незьлічоная армія чыноўнікаў дбае толькі пра сябе...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
Тэма, якая часта гучыць у пошце «Свабоды» — жыцьцё цяперашніх «намэнклятурнікаў», шматлікай арміі чыноўнікаў, на якіх трымаецца палітычны рэжым аднаасобнай улады ў Беларусі. Як ацэньваюць людзі вынікі іхнай дзейнасьці? Ці знаходзяць адказы на свае пытаньні, блукаючы па заблытаных калідорах улады і кланяючыся перад кожным начальніцкім сталом?

Сёньняшнюю размову пачну з аднаго зь лістоў на гэтую тэму, які даслаў нам Мікола Скок з Баранавічаў. Слухач піша:

«Немагчыма ўжо цярпець самаўпраўства незьлічонай арміі чыноўнікаў, якія дбаюць толькі пра сябе....А іх разьвялося — процьма. Вось хоць бы як у нас у Баранавічах. У цэнтры гораду на вуліцы Савецкай — 6-павярховы гмах. На 2-м паверсе раней была сацыяльная ўстанова. Для пэнсіянэраў зручна было дабірацца. Дык гэтую ўстанову перавялі на вуліцу Грыбаедава. У дождж туды без гумовых ботаў ня дойдзеш. А яе месца заняў камсамол (БРСМ).

У цэнтры — вялікі
3-павярховы будынак былога гаркаму партыі. Была ў ім некалі мастацкая школа для дзетак. Дык цяпер дзяцей вытурылі чыноўнікі, паставілі міліцэйскі пост. Далей на Савецкай вуліцы — 2-павярховы дом для чыноўнікаў. (Гэта ўжо, лічы, 11 паверхаў дармаедаў). А прыплюсуйце сюды па 5–6 паверхаў на тэкстыльным камбінаце, заводзе аўтаматычных ліній ды на іншых прадпрыемствах. Я налічыў больш за 50 паверхаў чыноўнікаў.

Для іх у кінатэатры «Кастрычнік» — начны клюб, у самім гаркаме — раскошны бар. Насупраць гаркаму ў гатэлі «Турыст» — казіно. Затое ва ўсім горадзе з
200-тысячным насельніцтвам ня знойдзеш простай крамы з гароднінай ды садавіной. А былі ж гэтыя крамы — «Бурачок», «Рэпка» ды іншыя. Гародніну ды садавіну можна знайсьці на кірмашах, але ўсе яны на ўскраінах гораду... — піша ў сваім лісьце на «Свабоду» Мікола Скок з Баранавічаў. — У цэнтры быў кірмаш — так званы «пятачок». Дык зачынілі яго. Тэрыторыю абнесьлі высокім жалезным плотам. Там будуць нібыта залі кампутарных гульняў.

Два крокі адсюль — крама «Кулінарыя», дзе стала групуюцца чырванашчокія дзецюкі-мянялы. Трэба даляры — дык у іх таньней. І бяз пашпарта.

За «Кулінарыяй» — малады парк. Пры ўваходзе з самай раніцы тоўпяцца цыганкі — прыходзяць як на працу. Ловяць моладзь — угаворваюць пагадаць. Цераз парк ідуць міліцыянты, чыноўнікі, судзьдзі — і ўсе робяць выгляд, што не заўважаюць ні мянялаў, ні варажбітак. Адварочваюцца. А вось калі якая бабка прысядзе тут, каб прадаць які бурачок, — міліцыянты тут як тут. І цягнуць яе за рог — штрафаваць. Я назіраў неяк такую карціну. Старая пры гэтым крычала: «Ды не спэкулянтка я. Хачу прадаць, каб лівэркі купіць»... Дарэчы, купіць лівэрку — не такая простая справа. У некаторых крамах нават запісвацца папярэдне трэба«
.

Чыноўніцкая каста, сапраўды, мае вялікую схільнасьць да памнажэньня ўласных шэрагаў. Здавалася, пасьля 1991 году, калі распусьцілі КПСС, колькасьць рознага кшталту начальнікаў павінна была істотна скараціцца. І на першым часе гэта сапраўды адбывалася. Будынкі былых гаркамаў, абкамаў і райкамаў партыі аддавалі пад мастацкія школы, самім былым партыйным функцыянэрам давялося шукаць новую працу. Але вось мінула два дзесяцігодзьдзі. Прайдзіцеся па тых самых будынках. Усюды — чыноўнікі (цяпер ужо не «партыйныя», а «вэртыкальныя»). Усе раней страчаныя пазыцыі бюракратыя адваявала, ды яшчэ скардзіцца, што і гэтага мала: трэба, маўляў, ствараць новыя структуры... Гэта пры тым, што насельніцтва Беларусі за гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі скарацілася на мільён чалавек...

Тэма чыноўніцтва гучыць і ў лісьце нашага слухача Алеся Суворава са Смаргоні. Ён зацікавіўся тым, як у Беларусі становяцца чыноўнікамі — і дзеля гэтага дэталёва азнаёміўся з законам «Аб дзяржаўнай службе». Пасьля гэтага ў слухача ўзьнікла шмат пытаньняў. У сваім лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Згодна з гэтым законам грамадзяніну, які ўпершыню паступае на такую службу, трэба здаваць кваліфікацыйны іспыт. Здаецца, усё зразумела і правільна. Але ж рэальна кіраўнік вобласьці, які прызначае камісію, што прымае такія іспыты, лёгка можа маніпуляваць ёю. Загадае паставіць нейкаму кандыдату адмоўную адзнаку — хіба тая камісія адважыцца пярэчыць? Вось і заваляць няўгоднага кандыдата, як бы добра ён ні падрыхтаваўся.

Да таго ж, як я ведаю, кандыдатаў цяпер правяраюць і спэцслужбы. Калі вы ўдзельнік нейкай апазыцыйнай партыі ці арганізацыі, дык дарога да намэнклятурнай пасады вам закрытая.

Цікава, што ні лекар, ні настаўнік, ні работнік культуры дзяржаўнымі служачымі ў Беларусі не зьяўляюцца. А чаму? Яны што, служаць не дзяржаве? Ці атрымліваюць заробкі не зь дзяржаўнага бюджэту?»
.

Калі настаўнікаў ды мэдыкаў прызнаць дзяржслужбоўцамі, дык тады ім таксама давялося б плаціць высокія заробкі, прызначаць адмысловыя падвышаныя пэнсіі і даваць шэраг іншых ільготаў ды прывілеяў, якія ў Беларусі маюць толькі дзяржаўныя чыноўнікі. Дзяліцца ўласнымі прывілеямі саноўная намэнклятура з простанародзьдзем не жадае.

Што да кваліфікацыйнага іспыту, то гэта — простая фармальнасьць. Калі вы чалавек з вуліцы, ніхто вас да такога іспыту не дапусьціць, як бы старанна вы да яго ні рыхтаваліся. Тое, хто і якім чыноўнікам стане, вырашаюць у Беларусі зусім не на падставе іспытаў.

Аўтар наступнага ліста Ігар Косьцін з Магілёва зьдзіўлены, што беларуская апазыцыя спрачаецца наконт таго, ці ўдзельнічаць у будучых парлямэнцкіх выбарах. Слухач піша:

«Разумны палітык ніколі ставіць так пытаньне ня будзе. Любую магчымасьць данесьці свае ідэі (калі яны ёсьць) да народа трэба выкарыстоўваць. Спасылкі на тое, што выбары будуць несумленнымі, нічога не мяняюць.

Калі ў апазыцыі будуць годныя кандыдаты, а не крыкуны з пустой галавой, то людзі ўбачаць іхныя вартасьці і прагаласуюць. Але гэта павінны быць разумнікі ва ўсіх адносінах — сьветлыя галовы.

Я вось зараз сяджу і думаю: за каго з апазыцыйных палітыкаў прагаласаваў бы з чыстым сумленьнем? Перабіраю ў памяці тых, хто на слыху, і не знаходжу такіх. Усе нейкія зачуханыя, несамастойныя. Так што патрэбны годныя кандыдаты, тады і людзі за іх прагаласуюць.

І калі ўжо ісьці на выбары, дык ісьці сумленна, а ня дзеля правакацыі. А то ўжо якія галасы чуюцца? Маўляў, вылучым кандыдатаў, а перад самым галасаваньнем назло ўладзе здымем іх. Гэта ж будзе авантура, якая лішні раз ахарактарызуе апазыцыю з найгоршага боку.

Як бы цяперашняя апазыцыя ні ставілася да ўлады, яна заўсёды павінна быць прыстойнай, вышэйшай за ўсялякія бойкі і сваркі.

Апазыцыя надзвычай патрэбная ў кожнай краіне. Але гэта павінна быць апазыцыя ад народа, якая працуе на гэты народ. Калі ж апазыцыя — гэта Моські, павадок якіх знаходзіцца ў чужога дзядзькі ў іншай краіне — то падтрымкі яна мець ня будзе»
.

Вось цікава, спадар Косьцін, калі б я вас зараз папрасіў назваць хаця б некалькі імёнаў з тых 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, за якіх, як вы лічыце, прагаласавалі беларусы на мінулых выбарах як за яркіх, адметных палітыкаў, якія перамаглі апазыцыянэраў — каго б вы назвалі? Хто зь іх адпавядае вашым крытэрам? Хто заявіў пра сябе з высокай парлямэнцкай трыбуны як незалежная асоба, сьветлая галава, разумнік і праўдаруб? Яны ж па ўсіх прынцыповых пытаньнях галасуюць толькі так, як прадпісвае прэзыдэнцкая адміністрацыя. Нязгодных там даўно няма, і ніякія дыскусіі не вядуцца.

Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў свой новы ліст на «Свабоду» напісаў пасьля таго, як убачыў рэпартаж дзяржаўнага тэлебачаньня пра наведваньне Аляксандрам Лукашэнкам царквы. Спадар Кастусь піша:

«Пасьля гэтага я зусім перастаў разумець: які ўсё ж рэлігійны сьветапогляд мае наш сонцападобны? Нідзе дакладных зьвестак на гэты конт я не знайшоў. Што ён не мусульманін, не каталік, не юдэй і не пратэстант — гэта дакладна. Але і ў сьвяточна прыбраным праваслаўным храме ні прэзыдэнт, ні ягоны малодшы сын Міколка так ні разу і не перахрысьціліся. Нават тады, калі цалавалі абраз Божай маці. Выглядала гэта, бадай, крыху дзікавата.

Ды й наагул Рыгоравіч ня ведаў, куды схаваць сваю правую руку, і ўвесь час то трымаўся ёй за жывот, быццам ён у яго балеў, то засоўваў за пазуху.

Атэістам Рыгоравіча таксама назваць не выпадае — абраз ён усё ж такі цалаваў, пры гэтым нават спрабаваў адлюстраваць на твары падабенства адухоўленасьці!

Таму, паколькі ўсё дзейства адбывалася пад пільным вокам тэлекамэр з далейшай дэманстрацыяй на ўсю краіну, то я дазволю сабе зрабіць выснову: і праваслаўны храм, і сьвята Раства Хрыстовага, і нават мітрапаліта Філарэта Лукашэнка выкарыстаў як сродкі таннага піяру.

Ну што ж, гэта яму ўдалося. Адпіярыўся Рыгоравіч па поўнай праграме!

Тут трэба яшчэ ўзгадаць, што перад Новым годам Рыгоравіч неяк не па-хрысьціянску паводзіў сябе і падчас наведваньня пэўных дзіцячых устаноў. Я маю на ўвазе вось што. У Эвангельлі ад Мацея (разьдзел 6, вершы
1–3) сказана:

«Смотрите, не творите милостыни вашей пред людьми с тем, чтобы они видели вас, иначе не будет вам награды от Отца вашего Небесного.

Итак, когда творишь милостыню, не труби перед собою, как делают лицемеры в синагогах и на улицах, чтобы прославляли их люди. Истинно говорю вам, они уже получают своё. У тебя же, когда творишь милостыню, пусть левая рука не знает, что делает правая...»

Цікава, ці гэта нехта «адпіярыў» прэзыдэнта такім няўклюдным чынам, ці ён сам выдумаў гэтае тэлешоў з падарункамі сіротам перад тэлекамэрамі? Ня ведаю, як на каго, але на мяне яно зрабіла ня вельмі прыемнае ўражаньне. Не па-хрысьціянску гэта — выкарыстоўваць у якасьці сродку піяру яшчэ і дзяцей-сірот (хочаце, згаджайцеся са мною, хочаце — не)«
.

Ня ўсё, што адбывалася ў той дзень у храме, трапіла ў аб’ектывы тэлекамэр, спадар Кастусь. Дасьведчаныя праваслаўныя людзі кажуць, што Аляксандар Лукашэнка ў царкве час ад часу ўсё ж хрысьціцца. Здараецца, не ў належны момант і ня разам з усімі іншымі вернікамі — але гэта ўжо дэталі. Тым больш што зацятым вернікам спадар Лукашэнка ніколі не лічыўся, а свой рэлігійны сьветапогляд гадоў дзесяць таму вызначыў ёмкім выразам, які адразу стаў афарызмам. Багасловы дагэтуль не далі адказу, хто ж яны такія — «праваслаўныя атэісты», да якіх прылічыў сябе беларускі прэзыдэнт.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG