Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзімер Каткоўскі


Кніга Уладзімера Арлова «Імёны Свабоды» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла ў сьвет у 2007 годзе. Цяпер зьявіўся яе гукавы варыянт — аўдыёкніга ў выкананьні аўтара. Кніга дапоўненыя новымі разьдзеламі, якія мы зьмяшчаем на нашым сайце.

19.6.1976, Менск — 25.5.2007, Прага.

Пахаваны на могілках "Пятроўшчына" ў менскім мікрараёне Паўднёвы Захад


Пра Ўладзю Каткоўскага я пачуў, калі ён быў яшчэ ліцэістам. Шмат хто з выпускнікоў ліцэю пры БДУ, дзе тады вучыўся і мой сын Раман, неўзабаве ўпэўнена заявіў пра сябе ў самых розных сфэрах. Яно і ня дзіўна: гэта былі першыя выпускнікі ўжо незалежнай Беларусі. Перад моладзьдзю расчыняўся сьвет. Мары пра сваю, вольную й дэмакратычную краіну натхнялі й давалі магутную іньекцыю крэатыву.

Уладзевы здольнасьці й неверагодная працавітасьць, памножаныя на апантанасьць новымі інфармацыйнымі тэхналёгіямі, прывялі яго спачатку на студэнцкую стажыроўку ў ЗША, а потым у Амэрыканскі ўнівэрсытэт у баўгарскім Благоеўградзе. Там Каткоўскі вывучаў інфарматыку, а дакладней — кампутарнае праграмаваньне й журналістыку. Хапіла часу і на тое, каб пабыць выкладчыкам самому: сустрэтая ва ўнівэрсытэце альбанка Янада хутка загаварыла па-беларуску. Стаўшы Ўладзевай жонкай, яна авалодала нашай моваю так, што недасьведчаныя госьці зь Беларусі маглі запытацца ў Янады, дзе тая нарадзілася: у Менску, Полацку ці, можа, у якой палескай вёсачцы?

Супольна зь Янадай ён стварыў сайт "Літванія, зямля ліцьвінаў".

У сяброўскіх размовах пра Каткоўскага і ў ягоных афіцыйных характарыстыках нельга было абысьціся бяз слова "першы".

Ён стаў адным зь першых айчынных інтэрнаўтаў і адным зь першых беларускамоўных блогераў. Ён першым узяўся за беларусізацыю "твару" пошукавіка Google. Яго называлі першым сапраўдным інтэрнэт-амбасадарам Беларусі. І сапраўды, у розных краінах сьвету я сустракаў людзей, якія першае ўяўленьне пра нашую краіну атрымалі дзякуючы Каткоўскаму, вядомаму ў сеціве як rydel23 і br23.

Уладзя быў самым маладым супрацоўнікам Беларускай службы Радыё Свабода і першым у яе гісторыі вэб-майстрам, якога ўзялі на працу выключна ў такой ролі.

Дырэктар беларускай "Свабоды" Аляксандар Лукашук, называючы Каткоўскага ўнікальным спэцыялістам, дадаваў, што Ўладзевы праекты часта апярэджвалі магчымасьці тэхнічнага аддзелу, але Каткоўскі меў рацыю і такім чынам прымушаў усіх рухацца наперад.

Уладзя Каткоўскі са сьцягам у Празе, сакавік 2006
Уладзя Каткоўскі са сьцягам у Празе, сакавік 2006
Вынікам таго руху сталася бясспрэчнае лідэрства сайту нашага радыё сярод двух дзясяткаў рэдакцыяў. У сакавіку 2006 году, падчас пратэстаў на плошчы Каліноўскага, сайт "Свабоды" наведала чвэрць мільёна чалавек.

Сяргей Шупа, таксама калега Каткоўскага, неяк зазначыў, што, працуючы дзень і ноч над сваімі праектамі, Уладзя жыў пераважна ў кібэрпрасторы.

А Рыгор Барадулін зь любоўю і захапленьнем сказаў пра нашага інтэрнаўта № 1 наступнымі радкамі:

Каткоўскі — рупны вэб-мастак,
Умее зрушана, нязмушана
Сайт па-крывіцку ўбачыць так,
Што сайт
Рашуча зьбеларушвае
Ўсіх праз дапытны інтэрнэт,
Каму баліць крывіцкі сьвет.

Апрача асноўнай працы, Уладзевым клопатам былі беларуская Вікіпэдыя, сайты Pravapis.org і "Мартыралёг Беларусі". Ён пісаў артыкулы, удзельнічаў у дыскусіях і форумах, радаваў сваімі перакладамі, сярод якіх бліскучыя, на маю думку, фрагмэнты "Кнігі сьмеху й забыцьця" Мілана Кундэры. Дарэчы, выбар для пераўвасабленьня па-беларуску менавіта гэтага твору славутага чэскага пісьменьніка дае ўяўленьне ня толькі пра густ, але і пра ўнутраны сьвет перакладчыка.

Мяркуйце самі. Вось невялікі ўрывак:

"Я лічу знакавым той факт, што Густаў Гусак выгнаў з унівэрсытэтаў і дасьледчых інстытутаў сто сорак пяць гісторыкаў. (Кажуць, што заміж кожнага выгнанца загадкава, як у казцы, зьяўляўся недзе ў Багеміі помнік Леніну.) Аднойчы ў 1971 годзе адзін з тых гісторыкаў, Мілан Хюбль, у сваіх акулярах з надзвычай тоўстымі лінзамі, наведаў мяне ў маёй кватэры-студыі на Барталямэйскай вуліцы. З вакна мы глядзелі на вежы замку Градчанаў, а ў душы панаваў сум.

— Ліквідацыя народу пачынаецца, — казаў Хюбль, — калі ў яго адбіраюць памяць. Зьнішчаюцца ягоныя кнігі, ягоная культура, гісторыя. А пасьля іншыя пішуць для яго іншыя кнігі, даюць яму іншую культуру, выдумляюць яму іншую гісторыю. Тады народ пакрысе пачынае забываць, кім ён ёсьць і кім быў. Астатні сьвет забывае пра гэта яшчэ хутчэй.

— А як наконт мовы?

— Ня вартая турботаў. Яна стане звычайным фальклёрам і, раней ці пазьней, загіне сваёй сьмерцю.

Ці гэта была адно гіпэрбала, прадыктаваная надзвычайнай журботай?

Праз шэсьць месяцаў Хюбль быў арыштаваны і атрымаў шматгадовы турэмны тэрмін..."

У Празе — дзе некалі адбывалася цытаваная размова Кундэры з Хюблем і адкуль цяпер выходзіць у эфір "Свабода", мне выпала двойчы ўдзельнічаць у прысьвечаных гістарычнай праблематыцы он-лайнавых канфэрэнцыях. Мы працавалі на пару з Уладзем. У памяці і сёньня жывое аблічча прыгожага юнака з высокім чыстым ілбом і набрынялымі онталягічнай сумотаю вачыма інтравэрта, якія зьнячэўку маглі зазьзяць адкрытасьцю й неверагоднай прыязнасьцю.

Я сказаў бы, што Ўладзя валодаў кампутарам ня проста дасканала, ён абыходзіўся зь ім элегантна й віртуозна. Часам думалася, што зараз захлынуся ў безьлічы пытаньняў, на якія трэба імгненна адказаць, але Ўладзя своечасова кідаў мне выратавальнае кола ледзь прыкметнай усьмешкі. Здавалася, я яшчэ толькі дадумваў адказ, а ён ужо пачынаў яго набіраць...

У 2006-м партал TUT.BY прысудзіў Каткоўскаму Гран-пры конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў. Гэта быў заслужаны й сымбалічны падарунак да 30-годзьдзя "патрыярха" Белнэту.

Уладзя не пасьпеў атрымаць узнагароду.

За тры дні да круглай даты на адной з цэнтральных вуліц Прагі ён разам з жонкаю трапіў у аўтакатастрофу. Янада страціла нагу, Уладзя апынуўся ў коме.

Ягонае існаваньне доўжылася ў праскім шпіталі амаль цэлы год. Хочацца верыць, што ўвесь гэты час Уладзя быў тут. Мэдыкі не перакрэсьлівалі надзеі блізкіх, сяброў і калегаў. З сынам заўсёды былі бацькі Ірына й Леанід. Яны і журналісты-"свабодаўцы" стваралі вакол Уладзі дарагі яму беларускі сьвет. Хто ведае, можа, ён сапраўды чуў у навушніках перадачы свайго радыё. Можа, быў удзячны за навіны, за вершы, якія чыталі ўголас пры ягоным ложку...

Дзіва не адбылося.

Шмат распавяла мне пра Ўладзю ўбачаная праз колькі месяцаў старонка зь яго нататніка з контравэрсійнымі парамі словаў:

Надмагільле Уладзімера Каткоўскага.
Надмагільле Уладзімера Каткоўскага.
Эўразія — Эўропа
Рускае праваслаўе — Свабода рэлігіяў
Манаполія — Канкурэнцыя
Пародыя — Аўтэнтыка
Абыякавасьць — Талерантнасьць
Самагон — Крамбамбуля
Дэпрэсія — Аптымізм
Страх — Мужнасьць
Краты — Воля...

Слупок антытэзаў зноў паўстаў перад вачыма на фантастычнай паводле сваёй атмасфэры вечарыне салідарнасьці з тымі, хто сядзеў за Плошчу-2010. Вечарыну наладзіла родная Ўладзева сястра, маладая юрыстка Дар’я Каткоўская. У нейкі момант мне ўявілася, што дзесьці побач і яе брат.

Адчуваньне сустрэчы з Уладзем Каткоўскім у мяне амаль кожны раз узьнікае і тады, калі я выходжу ў сеціва.

Калі вы хочаце атрымаць дыск, прышліце заяўку з паштовым адрасам на svaboda@rferl.org
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG