Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня ўсе дачакаюцца новай вясны


Дзе і як зімуюць адзінокія, старыя і інваліды? Рэгіянальны агляд «Свабоды».

Напярэдадні цяперашняй зімы ўлады Беларусі афіцыйна заяўлялі, што больш як 17 тысяч старых і адзінокіх, сярод якіх багата інвалідаў, атрымаюць прытулак у дзяржаўных дамах-інтэрнатах і сацыяльных прытулках. Аднак рэальная сытуацыя горшая, чым прагназавалі чыноўнікі. Выяўляецца, што ў сельскай мясцовасьці больш як 300 тысяч чалавек – інваліды й яшчэ блізу 200 тысяч – адзінокія пажылыя людзі, якія засталіся без радні.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Старыя гінуць у агні


З пачатку году на тэрыторыі Гомельскай вобласьці загінула ад пажараў амаль паўтара дзесятка чалавек. Летась за год – 172 чалавекі.
Ратуючыся ад марозу, вяскоўцы гарачэй напальваюць свае печы, грубкі, стаякі – усё, што дае цяпло. На жаль, не абыходзіцца без ахвяраў.

На Каляды ў вёсцы Палесьсе Сьветлагорскага раёну ў сваёй хаце ад агню загінуў 63-гадовы пэнсіянэр. Пажарныя зрабілі выснову, што было няспраўнае пячное ацяпленьне, з-за гэтага й здарыўся пажар.

У пасёлку Пабядзіцель Лоеўскага раёну 21 студзеня ноччу ўсчаўся пажар у хаце 87-гадовага пэнсіянэра Міхала. Калі пажарнікі патушылі агонь, то знайшлі ўжо дзядулю нежывым і абгарэлым.

«За два дні да трагедыі была наш лекар зь мэдсястрой…»


У мясцовым сельсавеце сьцьвярджаюць: калі ў спадара Міхася памерла жонка, яму прапаноўвалі пажыць у палаце сястрынскага догляду, арганізаванай пры Бывалькаўскім участковым шпіталі. Але стары адмовіўся:

«У палату гэтую сястрынскага догляду мы ж ня можам сказаць: «Імем рэвалюцыі – паехалі!» Мы ж ня маем права завезьці чалавека сілай. У вас трое дзяцей, але вы адзін жывяце, і мы вас усё адно забіраем – біцца ж ня будзеш. Неаднаразова езьдзілі да яго. За два дні да трагедыі была наш лекар з мэдсястрой, таблеткі прывозілі, гутарылі».

Вяскоўцы, якія жылі па суседзтву, кажуць, што дзед Міхась моцна пакутаваў у гэтую зімку, хаця дзеці й наведвалі яго:

«От яго й забіралі, а ён нікуды не пайшоў. Прагараваў, бедны. Ужо падаў, такі слабенькі быў. Прамучыўся чалавек».

Суразмоўніца, спадарыня Марыя, і сама мае за плячыма 80 гадоў. Кажа, што зімою надзвычай цяжка, хоць і замацаваны за ёй сацыяльны работнік. Але ён прыходзіць толькі два разы на тыдзень. Астатні час трэба ўвіхацца самой, каб напаліць у хаце, згатаваць ежу.

У палату сястрынскага догляду Марыя таксама ісьці не жадае:

«Лепей няма, як у сваёй хаце памерці. Сам гаспадар: як хачу, так і варочаю».

Пасьля лякарні завозяць у дом састарэлых


Тым часам Бывалькаўская палата сястрынскага догляду, арганізаваная службай сацыяльнай дапамогі, перапоўненая. Пра гэта кажа мэдсястра:

«У нас 22 чалавекі, а трэба, каб было 20. Ужо два лішнія. Калі ў каго няма дзяцей, то на паўгода ў нас, а пасьля ў Капаткевічы завозяць у дом састарэлых».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Пра цяжкасьці, якія маюць старэйшыя людзі ў вясковай мясцовасьці, калі дарогі засыпае сьнег ды мацнеюць маразы, расказвае гарадзенскі карэспандэнт «Свабоды».

Спадар Генрых жыве ў вёсцы Сялявічы Слонімскага раёну. Ён кажа, што сацыяльных работнікаў у вёсцы можна ўбачыць, але пакуль ня ўсё зроблена, каб палегчыць жыцьцё старых людзей:

«Старым цяжка прапаліць у хаце, дроў прынесьці...»


«Пара дзяўчат у вёсцы жывуць, наведваюць старых – штосьці ім купіць, прынесьці, так нешта дапамагчы па хаце. У нас у вёсцы нібыта робяць дзённы пункт знаходжаньня для старых, яшчэ не дакончылі. З садка дзіцячага перарабляюць сацыяльны цэнтар такі. Праблемаў у нас на вёсцы асабліва няма. Ёсьць адзінокія людзі, але дровы ў іх ёсьць, праблема толькі, што старым часам цяжка прапаліць у хаце, дроваў прынесьці, так што яны занадта не шыкуюць, што да паліва».

Ёсьць прыклады, калі дапамагаць пажылым людзям стараюцца суседзі, кажа спадар Генрых. Напрыклад, гэта робіць адзін ягоны знаёмы фэрмэр:

«Дапамагае старым найперш тутэйшы фэрмэр»


«Хутар каля шашы, там жыве фэрмэр і па суседзтве ёсьць старыя. Дык ён дапамагае ім, калі трэба дарогу прачысьціць і штосьці прывезьці часам».

Мастаўчанін спадар Уладзімер зазначае, што на вёсцы бывае цяжка знайсьці прыдатных людзей, якія б маглі працаваць сацыяльнымі работнікамі, дапамагаць адзінокім і нямоглым:

«На вёсцы ў мяне жывуць сваякі. Там складана з сацыяльнымі работнікамі. Бо хто такі сацыяльны работнік? Знаходзяць такога чалавека, які ў вёсцы жыве і дапамагае тым, хто старэйшы. А калі вёска маленькая, там алькаголікаў хапае, знайсьці нармальнага чалавека, каб дапамагаў – гэта цяжка. Але такога чалавека цяжка знайсьці нават у вялікіх вёсках, дзе трыста дамоў».

«Пэнсіі не хапае, каб за газ плаціць…»


Мікола Баўсюк жыве ў Гарадзенскім раёне. У вёсцы праведзены газ, але старэйшым пэнсія не заўсёды дазваляе за яго плаціць, кажа ён:

«Людзі, каторыя эканомяць газ, яны паляць печкі. Таму што з пэнсіі не хапае за ўсё плаціць. Пакінулі грубкі свае, каб за газ менш плаціць, дзесьці троху дроваў нарыхтавалі».

За газ на месяц можа выходзіць нават сто тысяч рублёў, кажа Мікола Баўсюк. Дарэчы, ён – прыхільнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. У ягоных аднадумцаў узьнікла задума зьвярнуць увагу ўладаў на недахоп бальнічных ложкаў. У зімовы час хворых больш, палаты перапоўненыя, кажа Мікола Баўсюк:

БХД зьверне ўвагу грамадзкасьці на цяперашнія недахопы ў шпіталях


«Мы хочам узьняць цяпер праблему таго, што не хапае месцаў у лякарнях. Наша аднапартыйка трапіла ў лякарню і ляжала ў нейкай каморцы, дзе няма ні цяпла, ні сьвятла. То мы хочам зьбіраць па вобласьці подпісы за тое, каб больш зьявілася месцаў у шпіталях. У іншыя раёны патэлефанаваў, там таксама так – вельмі скучана, многа людзей у адной палаце, не хапае месцаў. Ня думаюць мясцовыя ўлады пра лякарні».

МЕНШЧЫНА

Актывіст апазыцыі з Капыльшчыны Віктар Дашкевіч кажа, што асабіста дапамог свайму адзінокаму аднавяскоўцу атрымаць неабходную сацыяльную дапамогу.

«Майго аднаклясьніка брат адзін жыве ў вёсцы, у цэнтры калгаса. Так склалася, што ён апынуўся адзін, хоць і выгадаваў трое дзяцей.

Увосень пры абсьледаваньні яго жыльля супрацоўнікі МНС загадалі разбурыць печку, бо нібыта яна не адпавядала патрабаваньням бясьпекі. Гаспадар паслухаўся й уласнымі рукамі разбурыў тую печку. А неўзабаве восень надышла, стары застаўся без цяпла… І ён гэтую бяду так блізка прыняў да сэрца, што неўзабаве зьлёг ад хваробы…

«Прозьвішча ў кампутар трапіла, але ў райсабесе чалавека ня ведаюць…»


Я паспрабаваў яму дапамагчы. І выявіў, што яго прозьвішча ёсьць у кампутары раённага цэнтру сацыяльнай дапамогі. Але нават сацыяльныя работнікі зьдзівіліся, што ён значыцца ў іхніх сьпісах. Ведаць ня ведалі, што ён яшчэ жыве…»

Шмат хворых і адзінокіх таксама ў вёсцы Вязынь Вілейскага раёну на Меншчыне. У маразы заставацца ў неацепленых хацінах небясьпечна. Старыя зімуюць у адной сэзоннай хаце. Да гэтага землякоў падбіла Лідзія Сьляпцова. Як сацыяльны работнік яна пераняла польскі досьвед і арганізавала перасяленьне адзінокіх вяскоўцаў на зіму ў невялікі дом, дзе раней была бібліятэка.

Пад дом сэзоннага пражываньня прыстасавалі пустую бібліятэку


Удакладняе Лідзія Сьляпцова:

«Мяркую, што ў любым выпадку такія прыватныя дамы сэзоннага адпачынку прыжывуцца. Мы акцэнт рабілі на самастойнасьць людзей, каб гэты дом не быў падобны да дзяржаўнага інтэрнату, дзе яны б мелі толькі свой ложак, а пацыентаў абслугоўваў пэўны пэрсанал».

Карэспандэнт: Але ж тут людзі змушаныя дзяліцца сваёй пэнсіяй?

Сляпцова: Абавязкова. Яны цалкам фінансуюцца за кошт сваёй пэнсіі. І прадукты купляюць, і аплачваюць камунальныя паслугі.

Кожны чакае новай вясны свайго жыцьця…


У вясковым доме сіняга колеру ў вёсцы Вязынь цяпер паўтара дзясятка насельнікаў. Кожны чакае новай вясны свайго жыцьця. Пра гэта кажа Лідзія Сьляпцова:

«Яны яшчэ маюць сілы пасадзіць нешта ў сваім гародзе, сустрэцца з аднавяскоўцамі. Гэта іх, безумоўна, грэе…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG