Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускім сілавікам хацелася б мець такую ўладу, як у Расеі»


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

«Правядзем парлямэнцкія выбары, і думаю, што нам трэба зьвярнуць сур’ёзную ўвагу на палітычную рэформу або рэформу палітычнай сыстэмы нашай краіны», — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію кітайскім журналістам. Якіх перамен можна чакаць ад гэтай палітычнай улады, ці будуць яны сапраўднымі альбо касмэтычнымі? Як зьмянілася сутнасьць цяперашняга рэжыму за год, што прайшоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: Заявіўшы пра тое, што ў Беларусі магчымая палітычная рэформа, Аляксандар Лукашэнка не ўдакладніў, у якой форме яна можа адбыцца. Зыходзячы з досьведу, лёгікі гэтай улады, зыходзячы з ранейшых заяваў, ці можна чакаць нейкіх рэальных зьменаў?

Чавусаў: Такую заяву, зробленую ў першую чаргу на адрас замежных слухачоў, цяжка ўспрымаць як сур’ёзную заяўку на нейкія палітычныя рэформы. Хутчэй гаворка ідзе пра наданьне Беларусі іміджу больш прывабнай краіны. Не сакрэт, што якраз зь іміджам у Беларусі вялікія праблемы, і як паветра неабходныя замежныя інвэстыцыі. Акурат для таго, каб зрабіць Беларусь больш прывабнай, і робяцца такія заявы пра нібыта падрыхтоўку да новай лібэралізацыі. Але пакуль гэта немагчыма ўспрымаць сур’ёзна.

Цыганкоў: Тым ня менш словы пра палітычную рэформу Лукашэнка публічна вымавіў, і пра гэта яму будуць нагадваць. На нейкія крокі давядзецца ісьці. Якія бясьпечныя зьмены ўлада магла б дапусьціць, не мяняючы сутнасьці сыстэмы?

Чавусаў: Мы бачым, што якраз сутнасьць улады мяняецца, аднак інстытуцыйны дызайн рэжыму застаецца нязьменным. Мы бачым, як улада ў Беларусі манапольна перайшла ў рукі сілавога блёку, і можна прагназаваць, што яны зацікаўленыя ў тым, каб сыстэма ўлады была ў нечым падобная да той мадэлі, што існуе ў Расеі. Там сілавікі акумулявалі ў сваіх руках уладу як палітычную, гэтак і эканамічную, мэдыйную, вызначаюць цалкам характар дзяржаўнай палітыкі.

Напэўна, беларускім сілавікам хацелася б мець нешта падобнае, як у Расеі. Магчыма, і будуць уведзеныя нейкія элемэнты дэкаратыўнай псэўдадэмакратыі, як гэта ёсьць у Расеі. Але ня думаю, што вынікам такіх зьменаў можа стаць наданьне большага значэньня праву, а тым больш дэмакратыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG