Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўклівая акцыя рэжыму


Нешта незразумелае адбылося вакол продажу «Белтрансгазу». Спачатку 12 сьнежня расейскае агенцтва «ПРАЙМ» агучыла ўмовы кантракту, якія аказаліся зусім не такімі спрыяльнымі, як нам казалі па тэлебачаньні. Беларускі бок абавязаўся выкупіць усе набытыя расейцамі акцыі «Белтрансгазу» за 5 мільярдаў даляраў у тым выпадку, калі хаця б адзін пункт, азначаны ў дакумэнце ў якасьці абавязкаў беларускага боку, ня будзе выкананы. Адразу пасьля гэтага дзяржаўнае агенцтва «Белта» адрэагавала жорсткім камэнтаром «Газпром, не хістай трубу», які ўжо пасьпелі ўспрыняць як аднаўленьне інфармацыйнай вайны. На мой погляд, ніякага ўзнаўленьня вайны няма, ёсьць праява прынцыповай розьніцы ў разуменьні паняцьця публічнасьці ў Расеі і Беларусі. Ды спроба Расіі захаваць уласныя капіталы ў экзатычных беларускіх умовах.

Калі ўсё — сакрэт

Вельмі цікава ўчытвацца ў тое, у чым, уласна кажучы, аўтар «Белты» пабачыў праблему. Ён піша, што «дэталі зьздзелкі па продажы „Белтрансгазу“ да нядаўняга часу заставаліся пад ведамасным грыфам», прычым гэта для яго натуральна, бо «не ад сёньняшняга дня ўзьнікла завядзёнка — вялікія грошы і вялікія зьдзелкі пазьбягаюць аголенасьці». Гэтая фраза — «вялікія зьдзелкі пазьбягаюць аголенасьці» вельмі сымптаматычная для Беларусі і, здаецца, зусім ніяк не зразумелая ў Літве ці Нямеччыне. Што гэта значыць, «вялікія зьдзелкі пазьбягаюць аголенасьці»? Хто можа патлумачыць? Размова ідзе не пра тое, што алігарх А набыў у алігарха Б новую яхту і намагаецца, каб гэтая купля «пазьбегла аголенасьці». Размова ідзе пра тое, што кіруючая кляса сучаснай Беларусі, дарэчы, кляса, да легітымнасьці якой у сьвеце ёсьць пытаньні, вырашыла прадаць тую маёмасьць, якая належыць усім жыхарам Беларусі. І вельмі натуральна было б, шаноўная «Белта», каб кожны беларус ведаў, на якіх дакладна ўмовах гэта было зроблена. Бо мне, напрыклад, цікава, ці гэта былі найлепшыя ўмовы і ці ня страцілі мы нешта з-за таго, што купля адбывалася на тле эканамічных і палітычных санкцыяў Эўразьвязу ды пры адсутнасьці (часовай?) геапалітычнай альтэрнатывы заляцаньням Масквы да нашай грамадзкай маёмасьці. «Аголенасьць», аб якой піша «Белта», не пасуе прыватнаму жыцьцю, аднак вельмі натуральная для міждзяржаўных стасункаў.

Маўчаньне як глеба для падману

Відавочна, што беларускі рэжым — рэжым маўклівы. Калі жадаеце, адзін з асноўных чыньнікаў беларускага дабрабыту, своеасаблівая «залатая акцыя» — гэта менавіта маўклівасьць ды непублічнасьць. Ніколі на сьвеце ў Менску не атрымалася б весьці двайную, трайную гульню паміж Эўразьвязам і Масквой, Масквой і Кітаем, Кітаем і краінамі Блізкага Ўсходу, краінамі Блізкага Ўсходу і ЗША, — калі б усе абставіны гэтай гульні былі публічнымі. Калі б усе бізнэсоўцы ў сталіцы дакладна ведалі, колькі запрошана за той ці іншы аб’ект, якія ўмовы прапанаваныя, што на паперы, што засталося па-за дакумэнтамі, на ўзроўні абяцаньняў. Калі б кожны раз пасьля перамоваў на найвышэйшым узроўні нам без намёкаў казалі аб тым, што дакладна мы агучылі ў якасьці ўмоваў, напрыклад, прызнаньня Абхазіі. І да чаго дакладна дамовіліся па «Беларускаліі». Бо як толькі мы гучна тлумачым, што зараз будзем рабіць з «Беларускаліем» з расейцамі, цікавасьць да гэтай кампаніі з боку Кітаю зьнікае. А яна ж, гэтая цікавасьць, нам патрэбная для таго, каб як мага лепш дамовіцца з расейцамі. Што цікава, дык гэта абыякавасьць грамадзтва. Яго нейкім чынам прызвычаілі да думкі, нібыта продаж актываў краіны — гэта дзяржаўная справа і звычайным грамадзянам сваю пысу ў гэтыя справы лепей не суваць. Аднак, тое, што праходзіць зь беларусамі і што яшчэ можа неяк спрацаваць з азіятамі ды прадстаўнікамі іншых, недасьведчаных у бізнэс-стратэгіях Беларусі, нацыяў, натыкаецца на супраціў у Расеі. Які Беларусь ужо пасьпела адчуць ды зразумець.

У чым прычына гаварлівасьці Масквы?

«Дык у чым сэнс цяперашняга інфармацыйнага залпу? — задае пытаньне аўтар „Белты“. І сам адказвае на яго. — Кароткае, але дзівугоднае тлумачэньне палягае ў тым, што ў апошняе дзесяцігодзьдзе „Газпром“ ажыцьцяўляў даволі энэргічную экспансію па ўсім фронце ад Балтыкі да Чорнага мора, падчас якой расейскаму газаваму гіганту даводзілася як адбіваць, гэтак і ініцыяваць сур’ёзныя інфармацыйна-палітычныя атакі [...]. І санкцыянаваны працёк адыгрывае ў гэтым выпадку ролю інфармацыйнай дубінкі. Аглушыць партнэра, каб быў больш згаворлівы».

Не пагаджуся зь «Белтай». Прычына таго, што Масква агучыла драконаўскія ўмовы паперы — прынцыпова іншая. Відавочна, што гэта не гуманістычная прага да публічнасьці ў міждзяржаўных стасунках. Расія добра разумее, што кантракт, аб якім ніхто нічога ня ведае, гэта кантракт, які можна інтэрпрэтаваць. Кантракт, аб якім шмат чаго можна казаць кітайцам, эўрапейцам ды іншым даверлівым суразмоўцам. Кантракт, які можна дэманстраваць уласным грамадзянам як прыклад дурасьці расіян, як прыкмету геніяльнасьці кіруючай клясы. Урэшце, непублічны кантракт — гэта кантракт, які можна парушыць. Калі другі бок пачне лямант, можна спаслацца на нейкія цьмяныя пункты гэтага кантракту, якіх у кантракце ніколі не было. Цяпер, калі вакол дакумэнту пачаўся халівар, парушыць яго будзе складана: мэдыі падрабязна асьвятлілі, што страціла Беларусь і што набыла Расея.

Па-іншаму гэта не назавеш: Масква дала Менску ўрок таталітарнай публічнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG