Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брыгада муляраў гатовая звольніцца на знак салідарнасьці


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі

У Магілёве брыгада муляраў акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд» запатрабавала ад адміністрацыі прадпрыемства, каб тая працягнула працоўны кантракт зь іхным калегам Аляксеем Паўлоўскім.

У адваротным выпадку 15 чалавек на знак салідарнасьці з Паўлоўскім гатовы звольніцца. Муляры таксама заявілі пра выхад з афіцыйнага прафсаюзу.

Працоўны кантракт з актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксеем Паўлоўскім сканчаецца 10 лютага. Яму ўжо паведамілі, што кантракт працягнуты ня будзе. Прычынаў адміністрацыя прадпрыемства не называе. Сам жа актывіст лічыць, што яго звальняюць за адстойваньне інтарэсаў працоўных. Тае ж думкі прытрымліваюцца й яго калегі па брыгадзе.

«Пацярпеў ён за тое, што спрабуе патрабаваць ад кіраўніцтва прадпрыемства тое, што нам прадугледжана кантрактам. Патрабуе паляпшэньня бытавых умоваў, забесьпячэньня спэцвопраткай, інструмэнтам. Цяпер ён займаецца тым, каб праводзілася пэрыядычна атэстацыя — каб было ясна: мы працуем у шкодных умовах ці ня ў шкодных», тлумачыць адзін з удзельнікаў брыгады Ігар Палякоў.

Брыгада лічыць, што звальненьне Паўлоўскага несправядлівае, таму вырашыла зьвярнуцца да кіраўніцтва:

«На знак салідарнасьці з Паўлоўскім мы напісалі калектыўную заяву, што ў выпадку непадаўжэньня кантракту зь ім каб кантракты скасавалі й з намі. Пад заявай падпісаліся пятнаццаць чалавек. Скасуюць кантракты, дык скасуюць. Мы ж ня рэкетам займаемся, не спрабуем вымагаць нечага. Мы намагаемся абараніць свайго таварыша», заяўляе Ігар Палякоў.

У прафсаюзным камітэце прадпрыемства цьвердзяць, што не атрымлівалі пакуль заявы муляраў, таму ад камэнтароў устрымліваюцца. Факт непадаўжэньня кантракту з Паўлоўскім у прафкаме прызнаюць.

Адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемства выказаў сваё разуменьне сытуацыі з напісаньнем калектыўнай скаргі:

«Народ цяпер коціць на Расею. Што ж мы будзем будаваць у Беларусі? Людзі хочуць звальняцца і хочуць сёньня. Я ж ня супраць, што людзі будуць болей зарабляць, але ёсьць парадак — пройдзе месяц, тады звальняйся. Таму й пішуць калектыўныя скаргі, што вось адміністрацыя парушае правы. Кідаюць працоўныя кніжкі».

Аляксей Паўлоўскі працаваў на будоўлі дрэваапрацоўчага камбінату, які ўзводзіцца на літоўскія інвэстыцыі. Неўзабаве па атрыманьні паведамленьня аб спыненьні кантракту яго перавялі на іншы аб’ект. Пазыцыю брыгады ён камэнтуе наступным чынам:

«Сапраўды, тут праяўленая салідарнасьць са мной. Вось так можна змагацца і на заводах, і ў калгасах, і на фабрыках, калі выганяюць людзей».

Большая частка падпісантаў заявы — сябры незалежнага прафсаюзу РЭП. Яго колькасны склад за апошні час, паводле прававога інспэктара прафсаюзу па Магілёўскай вобласьці Аляксея Яўгенава, вырас на трыццаць працэнтаў:

«Ніхто цяпер не бароніць людзей, нават на вялікіх дзяржаўных прадпрыемствах, дзе ёсьць дзяржаўныя прафсаюзы. Таму яны прыходзяць да нас. Яны вымушаныя, бо няма куды болей зьвяртацца».

Ніводная суполка прафсаюзу РЭП на Магілёўшчыне ня мае статусу зарэгістраванай. У Бабруйску на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў легальна дзейнічае суполка Свабоднага прафсаюзу Беларускага, а на «Белшыне» — суполка Беларускага незалежнага прафсаюзу. Колькасьць сяброў, паводле кіраўніцтва суполак, апошнім часам расьце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG