Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі КДБ зацікавіліся маладафронтаўцамі


Маладафронтаўцы не выключаюць, што беларускія спэцслужбы рыхтуюць правакацыю супраць іхнай арганізацыі, якая не зарэгістраваная ў Беларусі.

Пра гэта яны заявілі на адмысловай прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася ў офісе БНФ, і распавялі пра факты ціску з боку ўладаў.

Пасьля затрыманьня шасьцёх маладафронтаўцаў 19 сьнежня мінулага году на акцыі з нагоды гадавіны Плошчы ў турме на Акрэсьціна іх дапытвалі супрацоўнікі КДБ. Яны цікавіліся дзейнасьцю «Маладога фронту» і пыталіся пра іх ролю ў арганізацыі. Паводле Міколы Дземідзенкі, допыты суправаджаліся пагрозамі фізычнай расправы ці адлічэньня з навучальнай установы. Разам з тым некаторым прапаноўвалася падпісаць паперы аб супрацоўніцтве.

«У цэнтры ізаляцыі разам з нашымі актывістамі знаходзіліся сябры іншых арганізацый і звычайныя людзі. Але цікавасьць КДБ была менавіта да сяброў „Маладога фронту“. Улічваючы, што прапаноўвалі падпісваць некаторыя паперы і прыходзілі неаднаразова, мы заклапочаныя тым, што гэта можа быць новая правакацыя супраць „Маладога фронту“. У тым ліку могуць быць распачаты новыя крымінальныя справы. Нам, безумоўна, гэтага не хацелася б. Пачынаецца на нас ціск, сяброў спрабуюць вэрбаваць, каб даведвацца пра нашы плянаваныя акцыі. Праз СМІ мы хацелі б папярэдзіць супрацоўнікаў КДБ пра адказнасьць за незаконныя дзеяньні супраць моладзі».

Непаўналетні Раман Пратасевіч распавёў, што супрацоўнікі КДБ забралі яго з дому 30 сьнежня.
Зайшлі ў мой пакой і сказалі, каб я зьбіраўся і наагул што мяне арыштоўваюць, каб накіраваць у нейкі інтэрнат.

«Мяне вырвалі з дому. Прыкладна а 13-й гадзіне нечакана пагрукалі ў дзьверы, маці адчыніла, і зайшлі двое невядомых. Яны не прадставіліся. Зайшлі ў мой пакой і сказалі, каб я зьбіраўся і наагул што мяне арыштоўваюць, каб накіраваць у нейкі інтэрнат. Вывелі з дому, пасадзілі ў машыну і павезьлі. Пакуль мяне везьлі, было досыць шмат пагрозаў. Прывезьлі ў будынак КДБ. Там яны праводзілі, як яны сказалі, прафіляктычную гутарку. Пагражалі зьняць пра мяне сюжэт для БТ. Казалі, што трэба даражыць сваімі бацькамі, бо гэта сьвятое. Мне не прапаноўвалі падпісаць нейкія паперы, але далі знаць: маўляў, калі што, я павінен быць на сувязі. Сёньня, калі я выходзіў з дому, мне зноў патэлефанавалі з КДБ і сказалі, каб я не казаў пра тое, што было, каб я думаў галавой».

Астатніх маладафронтаўцаў дапытвалі ў турме на Акрэсьціна. Міхаіл Мускі распавёў, што падчас дзесяцісуткавага арышту супрацоўнікі КДБ наведваліся да яго шэсьць разоў.

«Яны пагражалі мне адлічэньнем з унівэрсытэту і тым, што я пайду ў войска. Яшчэ яны цікавіліся фінансаваньнем кіраўніцтва „Маладога фронту“, у прыватнасьці Насты Палажанкі, запытвалі нумары грантаў, прымушалі падпісаць паперу аб неразгалошваньні. Да мяне прыходзілі трое чалавек. Казалі, што калі ты ня будзеш з намі супрацоўнічаць, прыйдуць маскі-шоў».
Казалі, што калі ты ня будзеш з намі супрацоўнічаць, прыйдуць маскі-шоў.

Маладафронтавец Павал Сяргей таксама распавёў, што да яго прыходзілі супрацоўнікі КДБ падчас зьняволеньня.

«Яны сталі пагражаць, што могуць мяне адлічыць з вучобы, што могуць быць нейкія праблемы з бацькамі, з братам. Потым яны пачалі мяне пужаць войскам. Таксама казалі, што сюды могуць уварвацца іншыя людзі і мы будзем з табой размаўляць зусім іначай, усё скончыцца зьбіцьцём. Потым казалі, што мы цябе зараз забярэм у войска. Пасьля яны прапаноўвалі, давай мы будзем табе тэліць, казаць слова „Ваня“, і ты будзеш нам распавядаць, калі ты едзеш у Менск, што вы там робіце і так далей. Калі я адмовіўся, яны казалі, што ў мяне будуць праблемы».

Уладзімер Яроменак распавёў, што 28 сьнежня да яго ў турму прыйшоў супрацоўнік КДБ, якога ён ведае яшчэ па справе «аб масавых беспарадках». Размаўляць зь ім Уладзімер адмовіўся.

«Пачаліся пагрозы, што я зараз знаходжуся пад прафіляктычным наглядам, у мяне ёсьць два парушэньні, і калі я ня буду сядзець спакойна, тады магчыма, што я зноў траплю ў хуткім часе за краты. Цяпер, калі я вызваліўся з Акрэсьціна, мне патэлефанавалі з дэканату майго ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі і сказалі, што я ў іх ужо не навучаюся і магу прыйсьці па дакумэнты».

Мікола Дземідзенка заявіў, што маладафронтаўцы зьдзіўленыя такой рэзкай рэакцыяй з боку ўладаў. Яны хочуць зрабіць гэтыя факты публічнымі, каб сябрам не давялося ўцякаць за мяжу і ладзіць прэс-канфэрэнцыі там.

Камэнтар у КДБ атрымаць не ўдалося, бо начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч не ўздымаў слухаўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG