Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой анёл паляцеў на неба


Год, як ня стала Тацяны Сапач
Год, як ня стала Тацяны Сапач
Вось і ўсё, што я падумаў, калі мы з Таняй разьбіліся на машыне.

Што яшчэ думаць. Што Тані больш няма, што раптоўны чорны лёд, што ў нас быў поўны парадак з паездкай і тысяча першае падарожжа? Але тады зусім нічога не зразумела. Я падумаў так, каб было тлумачэньне: мой анёл паляцеў на неба.

Гэтую думку я запісаў адразу, на другі ці трэці дзень. Я проста сядзеў і запісваў думкі. Не таму, каб не вар’яцець, і не таму, каб суцішыць вусьціш, і тым больш не таму, каб нечым заняцца. А таму, каб усё ўвогуле і ўсе ўвогуле ня страцілі сэнсу. Таня б ніколі не даравала гэтае страты. Пакуль ёсьць сэнс, яна жывая.

...

Я ня бачыў, як анёл паляцеў на неба й ня ведаю, як гэта бывае. Але я хачу так думаць, а не казаць: «Тані больш няма».

Мабыць, анёламі не нараджаюцца, а калі-кольвек становяцца, паступова, з гадамі нехта ператвараецца ў анёла. Мы радуемся, што побач жыве такі фантастычны чалавек, нам здаецца, што ён робіцца ўсё больш дасканалым, мудрым, добрым, жаданым. Так і ёсьць. Мы толькі ня думаем, чаму сваёй дасканаласьцю ён так вылучаецца сярод іншых? Таму што ён усё менш чалавек і ўсё больш анёл. І аднойчы, калі анёл дасягае поўнае дасканаласьці, а нам здаецца, што ў ім увасобленае ўсё наша шчасьце, адбываецца неспадзяванка. Анёл адлятае на неба.

...

Кажуць, замнога шчасьця не бывае. Цяпер я ведаю, што бывае,
і гэта менавіта тое, што з намі адбылося.

...

Мой анёл жыў вельмі яркае, эмацыйнае, радаснае жыцьцё. Часам здавалася, што так ня можа быць. Можа быць, і не магло.

...

16 студзеня быў неверагодна прыгожы дзень. Мароз, засьнежаныя крэўскія ўзгоркі і вялізнае сонца ў дымцы. Па гэтых узгорках да Мілідаўшчыны мы ледзьве ехалі лядовай дарогай.

Калі ў Мілідаўшчыне на ўзгорку я стаў кідаць прах прыгаршчамі ўгару, ён не апускаўся на зямлю, а жоўта-брунатнай дымкай уздымаўся ў неба. І ўсё неба рабілася такога самага колеру. Так было выкананае Таніна колішняе жаданьне — разьвеяць у Мілідаўшчыне.

Агромністае белае сонца паказалася і ў Маркаве, дзе на могілках пахавалі часьціну праху і паставілі вялікі праваслаўны крыж. Было адчуваньне, што гэта мой анёл зазірае з вышыні — што тут робіцца, на ўзгорку пасярод белага сьнегу і чорных палосак лесу, пад нахіленай старой бярозай.

Таню пахавалі побач зь яе бабай Тацянай і дзедам Васілём. Калі летась на Радаўніцу мы даглядалі іхную магілу, дык прыселі на грудку побач. Грудок быў несапраўднай магілай. Гэта Таніна цётка Люба з Турэц-Баяраў так хацела пахавацца да сваіх і наўмысна падсыпала грудок. Але пахавалі яе зь сям’ёй, у Турэц-Баярах. А грудок застаўся, нібы адмыслова для Тані.

...

На тое, каб скончылася ўсё ранейшае жыцьцё, хапіла трох сэкундаў. І раптоўнага чорнага льду на дарозе.

Мы нікуды не сьпяшаліся, машына была ў добрым стане, на добрай зімовай гуме. Мы праехалі трыста км, заставалася сто. Да паўночы прыяжджаем дахаты, можна ня гнаць і размаўляць пра Зойку, Адэльку і ўсіх і ўсё на сьвеце. Асабліва пра супольныя пляны, якіх у нас мора. Хіба толькі палітыка ўносіла дысананс у гэтае проста шчасьце. Някляеў зьбіты і ў турме. Таня будзе рабіць пра яго фільм, каб распавесьці сьвету пра бясчынства ў Беларусі.

Праехалі Нёман. На спуску машыну заносіць, разварочвае і сустрэчны бусік улятае нам ззаду і збоку. Тры сэкунды. Роўна каб Таня сказала: «Што адбываецца?» — і, не атрымаўшы адказу і не зразумеўшы, што адбываецца, пакінула мяне і ўсіх нас. Тры сэкунды кажуць мне пра тое, наколькі крохкае гэтае жыцьцё і гэтае шчасьце. Наколькі, бывае, ад нас не залежыць нічога.

Пасьля ўдару я апынуўся на заднім сядзеньні, а Таня засталася сядзець на сваім месцы. Я паклікаў яе, яна не адказала. Я памкнуўся да яе, але першы падыйшоў да яе маладзён, кіроўца бусіка, які назваўся доктарам. Ён агледзеў Таню. «Нет больше твоей Танечкі». Ён выклікаў хуткую, якая прыехала праз тры хвіліны і пацьвердзіла, што «нет». 27 сьнежня 2010 году.

...

Кіроўца бусіка ехаў зь сяброўкай. І я думаю пра тое, што ў нашага сутыкненьня магло быць шмат іншых вынікаў. Маглі пацярпець усе, мог пацярпець нехта з бусіка, мог не пацярпець ніхто. Але атрымалася так, што ў «чыстай рэшце» ўсё на сьвеце засталося, як было, толькі раптам ня стала Тані. Быццам паводле нечага пляну або суроку. Раз... і ўсё працягваецца, толькі безь яе.

...

На большасьці фотак Таня сьмяецца і ніяк не асацыюецца са смуткам. Дваццаць шэсьць гадоў нашага супольнага жыцьця. Можа быць, апошнім часам занадта насычанага. Мы літаральна кожны дзень кудысьці ехалі, ехалі, ехалі...

...

За 17 гадоў за стырном я безьліч разоў трапляў на лядовыя дарогі, але тут і не дарога была, а менавіта кавалак ільду.

Мы ехалі 80 км пры магчымых 90. Ніякіх абмежавальных ці папераджальных знакаў не было. І льду не было ні да таго месца, ні пасьля, у чым я пераканаўся, калі пазьней дабіраўся да Вільні. Хутчэй за ўсё, лёд на гэтым схіле ўтварыла вільгаць, нагнаная зь вялікай ракі. Пазьней мне казалі, што гэтае месца здаўна праклятае. Словам, паліцыі доўга разьбірацца не прыйшлося. Сьледчы, толькі выйшаўшы з машыны, упаў.

...

Гадоў пяць таму Таня стала зьбіраць фігуркі анёлаў. Мяне гэта трохі дзівіла, бо схільнасьці да калекцыянаваньня ці якога фэтышу яна была пазбаўленая начыста. Але вось — дзясяткі фігурак на розных паліцах, з керамікі, саломы, паперы і невядома з чаго яшчэ. Вобразныя, «адухоўленыя» або проста забаўныя. Анёлы зьявіліся на падушачках на канапе. Анёлы набываліся ў падарункі, якіх Таня рабіла мноства і зь любой нагоды. Можа быць, яна інтуітыўна атачала сябе сваімі?

На сорак дзён мы замовілі службу ў Петрапаўлаўскім саборы ў Менску. Я стаяў са сваімі думкамі, і раптам зразумеў, што перад мной — палічка з анёламі, быццам перанесеная сюды з хаты — дзясяткі фігурак з керамікі, саломы, паперы...

...

Пасьля ўсяго сястра сказала: «Танечка не хацела вяртацца ў Вільню». Пра пераезд зь Вільні мы гаварылі заўсёды. Мы любілі гэты горад, але ў жыцьці мусіў быць рух, перамены, пярэбары ў іншую сытуацыю. У самой Вільні мы за дваццаць гадоў зьмянілі пяць адрасоў. Асабліва рашуча гаварылі пра пераезд апошнім годам. Езьдзілі ў Заслаўе глядзець там жытло, размаўлялі з рыэлтарамі, нават аддалі Валеру Самусёнку ключ ад кватэры, каб паказваў яе на продаж. Але пакупнік не знаходзіўся, наша чаканьне цягнулася год. Ясна, што калі б хата прадалася, мы б адразу пераехалі ў Менск ці пад Менск. Мы жылі гэтым пераездам і чаканьне рабілася крытычным. Да таго ж і пераезд у Менск не выглядаў жаданым альбо сэнсоўным. Проста гэтая стабільнасьць стала невыноснай і ёй, і мне. Мы мусілі зрушыць зь месца.

...

Таня хацела (і не хацела) здымаць дакумэнтальнае кіно. Апошнім часам у яе было ажно тры замовы і тры задумы, але яна ўсяляк адкладала гэтую працу. Яе штотыднёвая перадача на тэлевізіі, якую яна рабіла дваццаць гадоў, прайшла ўсе магчымыя вяршыні творчасьці і не аднойчы дасягала дасканаласьці, выкарыстоўвала ўсе магчымыя формы і тэмы. Рэч у тым, што й рабіла Таня гэтую перадачу як дакумэнтальнае кіно. Многія выпускі былі сапраўднымі фільмамі, нават безь перабольшаньня, мастацкімі творамі, якія ня страцілі свае вартасьці праз год ці дзесяць гадоў. Зь іншага боку, перадачы зьліваліся ў нармальную беларускую тэлевізію, дзе знаходзілася месца ўсім тэмам і людзям, што былі забароненыя на БТ. Але творчая прага рабіць перадачу за столькі гадоў вычарпалася, а рабіць руціну або халтуру Таня ня ўмела. Вось жа тыя фільмы, якія яна мелася здымаць, былі па сутнасьці з таго самага шэрагу перадач. Хацелася чагосьці зусім іншага, паваротнага, зусім-зусім новага. Але пытаньне «што б гэта магло быць?» заставалася пакуль без адказу.

...

У верасьні Адэля з Паўлам падарылі нам тыднёвы побыт на Касе. Сэзон скончыўся, але было яшчэ зусім цёпла і здавалася, што мы апынуліся ў раі. Мы купаліся ў моры, бясконца шпацыравалі й бясконца глядзелі фільмы, дасланыя Тані перад «Магніфікатам», куды яна неўзабаве паедзе ў журы. Ясна, што мы іх ня проста глядзелі. Мы гаварылі, гаварылі, гаварылі. Тады ж я сказаў Тані, што адчуваю я ў гэтых размовах пра Бога, пра веру і пра людзей — дабрэю. Сам працэс дабрэньня падабаўся мне. Я заўважыў, што няма падставаў злавацца на кагосьці, на каго злаваўся. Магчыма, гэта была памылка. Побач зь безабароннай Танінай дабрынёю апынаўся такі ж безабаронны я. Мы не задумляліся пра тое, што існуем у сьвеце, дзе ёсьць таксама і зло, падступства, а таксама людзі, якія з усіх сілаў могуць жадаць нам няшчасьця. Мы адкрыліся ў сваёй дабрыні і абяззброіліся. Жыць гэтак было зусім камфортна і радасна. Я перастаў думаць пра затоеную ў некім нянавісьць, дурату або злосьць. Але ад таго ўсё гэта існаваць не перастала.

...

Калі я глядзеў на паўтарамесяцовую Зойку, якая відавочна намагаецца нешта сказаць, я разумеў, што яна хоча гэта сказаць адтуль, адкуль прыходзіць яе душа, адтуль, дзе цяпер Таня, можа быць гэта нейкія Таніны словы яна хоча сказаць. Але нябачная сьцяна разьдзяляе нашы вымярэньні. Таму сэнсу гэтых словаў мы ня можам пачуць і зразумець. У гэтай недасяжнасьці закладзеная пакутная непераадольнасьць той нябачнай сьцяны.

...

Таня была ня мышкай, ня коткай і нават ня зайчыкам. Яна была ластаўкай. Ці вы бачылі ластаўку? Яна жыве ў дзесяць разоў хутчэй за іншых. Мабыць і пражывае сваё жыцьцё хутчэй...

...

У яе вершах я знаходжу шмат прадказаньняў ды шмат знакаў таго, што і як адбудзецца.

Надыдзе сьнежань, і аднойчы ранкам
я раптам анічога не пазнаю:
адменіцца і дзень, і сьвет, і дом —
і я сябе, напэўна, не пазнаю...


На сорак дзён у Маркаве мы са шваграм насілі сталы ў Танін бацькоўскі дом. Было сутоньне. Але каля варотцаў сядзібы на сьнезе добра быў відаць кінуты некім скамечаны ручнік. Звычайны просьценькі кухонны ручнік з малюнкам. У незвычайным месцы і ў незвычайны час. Як цытата зь верша.

О, гэта ноч!.. Стамляюцца зьмяняцца
сьляпыя вочы вечных сьветлафораў.
І аціхаюць шолахі шалёных,
з абпаленымі крыламі, мятлух,
і ўладны над дарогай павадыр
няшчаснага вандроўніка-нябогі
са сьмехам і шкадобаю камечыць
ручнік, што зьвязваў рухі іхных рук...


Верш называецца «Адзінота».

...

Тры найбольшыя страты ў маім жыцьці зьвязаныя з заўчасным сыходам жанчын, якія былі ўвасабленьнем гэтага жыцьця, яго асновай, ім самім. Заўчасная сьмерць мужчыны ўспрымаецца як чын у змаганьні з ворагам, з абставінамі ці хваробай. Мужчына толькі дзяяч у тым жыцьці, якое ўвасабляе жанчына. Таму заўчасная сьмерць блізкай жынчыны заўсёды ўспрымаецца як катастрофа.

Баба Хвядора, мама Зоя і Таня. Усе насілі прозьвішча Дубавец, усе ня мелі ў сабе дубаўцоўскай крыві. Усе адышлі гвалтоўна і раптоўна, трыццаць, дзесяць гадоў ці год таму. Насуперак звыклай лёгіцы, нібы гэта й сапраўды быў лёс ці сурок. І колькі ні праходзіць часу, адчуваньне страты не прытупляецца, а застаецца з табою — быццам рука, якую калісьці страціў, быццам час, на які скараціўся твой дзень.

...

Пасьля Тані я зразумеў, што сэнс жыцьця — у тых, для каго ты жывеш. І больш ні ў чым.

...

Таня сьніцца камусьці і кажа: «Я жывая. Зрабеце тое. Спытайцеся ў таго». А я ня кідаюся расшукваць яе па гэтых урыўках інфмацыі, быццам ужо ведаю, што не знайду. Што тут замінае? Межы пазнаньня ці наша ўяўленьне пра межы нашага пазнаньня? Нашто расшукваць, калі і так усё ясна? Ясна што?

Мы ніколі ня лезем туды, бо гэта быццам бы парушае наш альгарытм, гэта больш, чым нам дадзена і ў нас закладзена. Але ж у бытавых сытуацыях мы часьцяком парушаем свае альгарытмы. Ці гэта проста — трэнажор, бой зь ценем, імітацыя, якая здымае большыя пытаньні?

Можа тут адказ, чаму наша літаратура такая маленькая? Тады Таніна літаратура — выключэньне. А мне дацягнуцца да яе — як да космасу. Можа быць, з космасам трэба гуляць, як гэта робяць «несьвядомыя» дзеці — у іх на ўсё ёсьць пытаньне, на якое ў дарослых няма адказу.

Мне хочацца запусьціць гэты свой унутраны калайдэр, але ён увесь час зьбіваецца.

...

Мы выехалі з Гайнаўкі ў самыя Каляды. Чаму ўвечары — прычына была адна. Назаўтра, у аўторак, а 12-й у Тані было дамоўленае інтэрвію са старшынём літоўскіх пісьменьнікаў Ліняўскасам, які перакладаў Някляева, пра Някляева, які сядзеў у «Амэрыканцы», інтэрвію салідарнасьці. Ясна, што нашых гайнаўскіх гэта ніяк не пераконвала, таму паездка выглядала амаль як уцёкі.

Калісьці Някляеў прыслаў Тані ліст. Ён быў літкансультантам у «Знаменцы», яна — школьніцай, якая пісала вершы. Ліст быў адназначны, мэтр раіў дзяўчынцы болей вершы не пісаць. Шмат гадоў пазьней яны сустракаліся, былі разам на паэтычным пленэры ў Нідзе, Таня запісала на відэа для архіву вялізнае інтэрвію з Пракопавічам, дзе ён расказвае ўсё сваё жыцьцё і сьмяецца што да «ісьці ў палітыку»... Словам, гэта было да таго. А калі ён у палітыку пайшоў, мы сталі шмат пра яго гаварыць, і раптам высьветлілася, што Таня зь ім сваякі. Празь Мядзьведзкіх...

Але Таня за Някляева не галасавала.

Надоечы выпадкова сустрэты ў цягніку Юзік Янушкевіч сказаў мне, што пра Таню і пра тое, што Някляеў жывы, ён даведаўся адначасова.

...

Што такое «той сьвет»? Ён паралельны ці ён складзены толькі з нашых эмоцыяў? Нешта замінае мне думаць пра яго. Што? Тое, што думаць пра яго — значыць вось тут зараз яго прыдумляць? А гэта несур’ёзна? Не, ня толькі гэта. Тое, што яго няма па вызначэньні? Але чаму тады мы нічога ня ведаем пра жыцьцё і сьмерць? І гэтае няведаньне сядзіць у нас вельмі ўпэўнена, як інстынкт.

.....

Цяпер я раскажу адну гісторыю. Галі Навумчык у Празе прысьнілася Таня. Ня тое, каб яны былі блізкімі, хутчэй наадварот. Нават ня бачыліся цэлую вечнасьць. Проста ёсьць такая зьява — свае людзі. Зь іншым ты й не знаёмы, але ведаеш, што ён свой, і ён гэта пра цябе ведае. Я ўжо быў у Празе, дзе жывуць Навумчыкі. Можа таму Таня і прысьнілася Галі? Бо мела пасланьне да мяне.

Навумчыкі патэлефанавалі раніцай, я яшчэ спаў. Галя ад’яжджала ў Дрэздэн, але мусіла пераказаць сон, бо ён моцна ўсхваляваў яе. Таня прасіла вынесьці з нашае хаты яе рэчы, а пра ўсе дэталі ведае Іра.

Пра рэчы я стаў распытваць Ларыску, швагровую, у Маркаве. Яна сказала, што гэта пра рэчы, якія былі ў машыне, бо астатнія рэчы могуць быць у хаце да году ці, калі трэба, увогуле застацца, гэта не замінае. А вось той Танін пляцачок можа ёй муліць.

Я папрасіў Людвіку, і празь дзень пляцачка ў хаце ўжо не было.

Але што рабіць з Ірай? Ірынаў я ведаю нямала, але гэта можа быць нехта і невядомы. Прынамсі, мая хросная Дубянецкая напісала мне, што яна нічога ня ведае.

Колькі мне ні пераказвалі пра Таню ў снах розныя людзі, яна заўсёды паўтарала: я жывая. Можа быць, калі азавецца Іра, якая ведае нешта, у нас будзе шанец зазірнуць за гэтую дурацкую мяжу пазнаньня?

Не магу паверыць, што Тані няма, і не магу паверыць, што яна недзе ёсьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG