Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія падзеі рэхам адгукнуцца і ў Беларусі


24 сьнежня ў Маскве пад агульным лёзунгам «За сумленныя выбары» прайшла чарговая акцыя людзей, якія ўпэўненыя, што расейскія ўлады сфальсыфікавалі вынікі думскіх выбараў.

Удзельнікі масавай акцыі, а сёньня на яе сабралася яшчэ болей народу, чым на папярэднюю, патрабуюць неадкладных палітычных рэформаў і дэмакратызацыі жыцьця ў Расеі. Ці могуць расейскія падзеі ўзьдзейнічаць і на сытуацыю ў Беларусі? Меркаваньні палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў і палітолягаў.

Акцыя на праспэкце Сахарава ў Маскве

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць: расейскія падзеі могуць паўплываць і на становішча ў Беларусі. Бадай, упершыню яны сыходзяць не з Крамля, а ад дэмакратычнай супольнасьці:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«У гэтым фішка, у гэтым навізна. Тое, што зараз адбываецца ў Расеі, вымушае ўлады ўносіць карэктывы ў стратэгію, у свае паводзіны. І гэта можа прывесьці да прымусовых зьменаў на ўзроўні заканадаўства і на карэктыроўцы правіл гульні ў Расеі.

Калі гэта адбудзецца, то гэта стане маленькай перамогай ня толькі дэмакратычнай супольнасьці ў Расеі але і паўплывае на Беларусь. Калі Пуцін, Мядзьведзяў пойдуць на тое, каб рэальна лібэралізаваць правілы правядзеньня выбарчых кампаній, то тады ў іх узьнікае матывацыя не падтрымліваць у міжнародных структурах тых, хто трымаецца за старыя, замшэлыя формы. Тады Лукашэнка проста згубіць матываванага саюзьніка ў міжнародных структурах».

На сёньняшнім мітынгу ў Маскве былы міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын высунуў ідэю аб стварэньня сталай пляцоўкі для адкрытага дыялёгу паміж уладай і грамадзтвам. Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што існуюць два галоўныя складнікі пасьпяховых перамоваў як у Расеі, так і ў Беларусі:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Па-першае, наяўнасьць рэальнай сілы, якая стаіць за кожным з бакоў перамоваў, у дадзеным выпадку за расейскай апазыцыяй. Другі момант — гэта супольныя дзеяньні і супольная пазыцыя з боку апазыцыі. І тут вельмі важна, каб палітычная апазыцыя змагла дамовіцца з грамадзянскай супольнасьцю і выступаць на адной плятформе. І тады ўжо не так важна, хто становіцца галоўным перамоўшчыкам, хто сядае за стол перамоваў з уладай. Бо наяўнасьць першых двух чыньнікаў у пэўнай ступені гарантуе посьпех такіх перамоваў».

Магчымыя перамены ў Расеі могуць закрануць і фінансавыя дачыненьні краіны з Беларусьсю, лічыць палітоляг Кірыл Коктыш:

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
«Тыя зьмены, якія адбываюцца зараз у Расеі (а прэзыдэнт Мядзьведзеў ужо зрабіў моцныя і шырокія крокі насустрач патрабаваньням грамадзкасьці), як паказваюць сёньняшнія падзеі ўжо не спрацоўваюць. І гэта азначае, што Расея будзе рэалізоўваць у большай ці меншай ступені лібэральныя запыты. У дачыненьні да Беларусі гэта будзе азначаць, што пад сумнеў могуць паставіць тыя дамовы, якія Лукашэнка падпісаў наконт расейскіх дапамогі і датацыяў. То бок выдзяленьне тых грошай і льгот, якія Беларусь хоча атрымаць цягам двух бліжэйшых гадоў, можа быць пастаўленае пад пытаньнем».

Рэха маскоўскіх падзеяў адгукнецца і на Беларусі, упэўнены сустаршыня грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка. І калі ў Расеі справа дойдзе да канкрэтнага і адкрытага дыялёгу ўладаў і грамадзкасьці, то у нейкай ступені падобнае можа адбыцца і ў Беларусі:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Але любы дыялёг павінен быць канкрэтным, як кажуць па канкрэтным пытаньні. Проста весьці дыялёг плёну не дае. У той жа Расеі ён ужо фармальна вядзецца — ёсьць нейкая грамадзкая палата. Можна стварыць яшчэ нешта новае і гэтым прыкрыцца.

Дыялёг павінен быць канкрэтным. І каля вярнуцца да нашай рэчаіснасьці, то, я ведаю, грамадзянскай супольнасьць гатовая да дыялёгу. Але не проста паразмаўляць. А гаварыць пра зьмены выбарчага заканадаўства, пра практыку правядзеньня выбараў і г.д. І тады дыялёг мае сэнс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG