Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» перададзены на подпіс у Белы дом


Чакаецца, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпіша закон, паведамляе Хэльсынская камісія ЗША.

Напярэдадні гадавіны разгону акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году старшыня Камісіі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе (Хэльсынская камісія ЗША) Крыстафэр Сьміт прадставіў законапраект у Сэнаце ЗША .

Законапраект Сьміта быў першапачаткова прыняты Палатай прадстаўнікоў 6 ліпеня 2011 году. Дакумэнт са зьменамі зацьвердзілі аднагалосна 14 сьнежня. Дэбаты па законапраекту адбыліся 19 сьнежня. Канчатковае галасаваньне прайшло 20 сьнежня.

«Гэты закон пашле магутны сыгнал беларускаму дыктатару. Закон таксама тычыцца дзьвюх незаменных прыладаў кожнага дыктатара — службы бясьпекі і прапаганды. Гэта пакажа таемным службам Лукашэнкі, што мы надзяляем увагу, хто яны і што яны робяць. Закон дазваляе зьбіраць інфармацыю пра тое, як Лукашэнка пашырае свой кантроль над інтэрнэтам у Беларусі. Ён таксама пасылае сыгнал беларускаму народу: урад Злучаных Штатаў не забыўся, што адбылося ў сьнежні мінулага году. І мы салідарныя з народам Беларусі, а не з прыгнятальнікам Лукашэнкам і ягонымі паслугачамі».

У «Акце аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі» асуджаюцца апошнія парушэньні правоў чалавека, зьбіцьцё, арышты актывістаў апазыцыі і кандыдатаў на прэзыдэнта, маніпуляцыя выбарчымі кампаніямі, уціск незалежных СМІ, нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў у Беларусі.

Кангрэс ЗША настойвае на тэрміновым вызваленьні без перадумоваў усіх палітычных вязьняў у Беларусі, падтрымлівае жаданьне беларускага народу жыць ва ўмовах дэмакратыі, выкананьня правоў чалавека і падзелу ўладаў, зьберажэньня незалежнасьці і сувэрэнітэту краіны.

Кангрэс настойвае на непрызнаньні вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году, падтрымлівае заклікі пра новыя выбары адпаведна стандартам АБСЭ, а таксама выказвае падтрымку дэмакратычным рухам і арганізацыям у Беларусі, якія даюць магчымасьці «пакончыць з тыраніяй» у сваёй краіне.

Кангрэс таксама заклікае да поўнага расьсьледаваньня зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі, заклікае Міжнародную фэдэрацыю хакея замарозіць плян правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 года ў Менску, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні.

Кангрэс таксама заклікае ўрад ЗША працягваць падтрымку радыё, тэлевізійнага і інтэрнэт-вяшчаньня на Беларусь.

Сэнат падтрымлівае санкцыі, уведзеныя супраць афіцыйнага Менска, у прыватнасьці пашыраны сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у ЗША, уведзеныя дадатковыя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, а таксама ініцыяваную падрыхтоўку да замарожваньня актываў шэрагу асобаў у Беларусі.



Камісія па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе, вядомая таксама як Хэльсынская камісія ЗША, зьяўляецца незалежным агенцтвам фэдэральнага ўраду ЗША. Ён даручана сачыць за выкананьнем Хэльсынскіх пагадненьняў і прасоўваньня ўсеагульнай бясьпекі праз заахвочваньне правоў чалавека, дэмакратыі ў 56 краінах.

У Хэльсынскую камісію ЗША ўваходзяць 9 прадстаўнікоў Сэнату, 9 прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў і 3 прадстаўнікі ўраду ЗША. Камісія, створаная ў 1976 годзе, выводзіць сваю назву ад гэтак званага Хэльсынскага заключнага акту, які падпісалі ЗША, Канада і эўрапейскія дзяржавы ў Хэльсынкі ў 1975 годзе ў завяршэньне канфэрэнцыі аб бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG