Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сустрэнуцца Ірына Халіп і Наста Палажанка праз год пасьля Плошчы?


Суд дазволіў Алесю Бяляцкаму сустрэчу з бацькам, але ня вырашыў пытаньне аб канваіраваньні вязьня. Ірына Халіп разьлічвае 19 сьнежня пабачыцца з Настай Палажанкай, зь якой апынулася на адных нарах год таму. Мікалая Статкевіча зьмясьцілі ў ПКТ і рыхтуюць да суду. Жонка Зьмітра Бандарэнкі рыхтуецца да сустрэчы з мужам, скарочанай на адзін дзень.

19 сьнежня бацьку палітвязьня Алеся Бяляцкага 82-гадоваму Віктару Усьцінавічу Бяляцкаму стала блага і да яго выклікалі хуткую дапамогу. Сваякам лекары паведамілі, што хворы ў вельмі цяжкім стане і ня выключана самага горшага. Жонка палітвязьня Натальля Пінчук зьвярнулася ў Першамайскі суд па дазвол на сустрэчу Алеся Бяляцкага, якога трымаюць ў Жодзінскім сьледчым ізалятары, з бацькам, які знаходзіцца ў Менску. Ад пачатку вялікага спадзяваньня на дазвол не было, але ў сярэдзіне дня судзьдзя Тамара Высоцкая сустрэчу дазволіла і выдала адпаведны дакумэнт. Мой званок засьпеў Натальлю Пінчук ў Жодзінскім СІЗА, дзе, аднак, узьніклі новыя праблемы.

«Мне далі наступную паперу: „Суд Першамайскага раёну дае Бяляцкаму Віктару Усьцінавічу спатканьне зь Бяляцкім Аляксандрам Віктаравічам. Разам з тым, тлумачым, што вырашэньне ўсіх пытаньняў з дастаўкай і этапіраваньнем абвінавачанага, арганізацыяй бясьпекі на шляху сьледаваньня абвінавачанага знаходзіцца ў кампэтэнтнасьці СІЗА № 8 г.Жодзіна“. І вось мы прыехалі сюды, а тут сказалі, што гэта якраз не іх кампэтэнцыя і што трэба зноў зьвяртацца ў суд, каб адтуль падалі заяўку на канваіраваньне. Такім чынам, гэтая валакіта працягваецца».
Трэба зноў зьвяртацца ў суд, каб адтуль падалі заяўку на канваіраваньне. Такім чынам, гэтая валакіта працягваецца.

Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў. У Беларусі і сьвеце шмат хто кажа пра перасьлед за кампанію падтрымкі ахвяраў рэпрэсіяў і за аб’ектыўнае назіраньне за мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

У дзень гадавіны Плошчы журналістку Ірыну Халіп, жонку экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава выклікалі ў міліцыю на 18 гадзінаў вечара. Аднак асуджаная за Плошчу на ўмоўны тэрмін зьняволеньня Ірына Халіп ісьці ў міліцыю адмаўляецца.

«Я туды не пайду, я гэта адразу сказала і нават напісала пра гэта на асобніку, які забраў з сабой участковы. У гэты час я буду ў музычнай школе, куды прывяду сына. А потым — нейкія мае асабістыя сустрэчы, размовы, ўспаміны...Хацелася б з Настай Палажанкай убачыцца, зь якой з таго дня мы паўтара месяца на адных нарах прабылі... Мы зь ёй пра сустрэчу дамаўляліся, але цяжка нешта напэўна ведаць, бо за ёй жа таксама па пятах ходзяць».

Адваката да Андрэя Саньнікава гэтак і не дапусьцілі. Ірына Халіп сказала, што не атрымлівала ад Андрэя Саньнікава лістоў зь Віцебскай калёніі і таму вельмі непакоіцца, ці жывы яе муж увогуле.

Андрэй Саньнікаў асуджаны за Плошчу на 5 гадоў зьняволеньня.

Марына Адамовіч паведаміла пра новы ціск на свайго грамадзянскага мужа, былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча.

«У мяне цалкам пацьверджаная інфармацыя, што Мікола ў ПКТ, што яго туды закінулі літаральна праз паўгадзіны, як выпусьцілі з карцэру і што цягам двух тыдняў будзе суд аб пераводзе яго ў турму».
Мікола ў ПКТ, што яго туды закінулі літаральна праз паўгадзіны, як выпусьцілі з карцэру.

На 20 сьнежня прызначана заключэньне шлюбу паміж Мікалаем Статкевічам і Марынай Адамовіч у Шклоўскай калёніі. 19 сьнежня Марына Адамовіч прысьвяціла зборам у дарогу. Жанчына спадзяецца, што ім зь Міколам дадуць магчымасьць сустрэцца хаця б на некалькі хвілінаў.

Мікалай Статкевіч асуджаны за Плошчу на 6 гадоў зьняволеньня.

Сёньняшні дзень прысьвячае зборам і жонка палітвязьня Дзьмітрыя Бандарэнкі Вольга Бандарэнка. У яе доўгатэрміновае спатканьне з мужам . Яно мусіць пачацца 21 сьнежня.

«Мусілі даць спатканьне на 3 дні, а насамрэч, калі лічыць ня даты, а суткі, атрымліваецца два. Бо ў пятніцу адтуль вывозяць. Атрымала ад яго ліст. Піша, што цяжка яму пра ўсё пісаць. Яшчэ піша, што ціск падняўся, рабілі яму ўколы. На мінулым тыдні было вельмі блага, страшэнна балела галава».

Зьміцер Бандарэнка асуджаны за Плошчу на 2 гады зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG