Тэмы выпуску:
«На палітвязьняў ціснуць, каб ня даць ім амністыі». З допісаў у праграму
«Турмой сёньня не спалохаеш нават жанчыну». Сьведчаньні грамадзкай актывісткі
Глыбоцкая калёнія вачыма былога вязьня. Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць
Духоўная дапамога за кратамі. Каму дазволеныя спатканьні са сьвятарамі, а каму — не.
Чытачы, слухачы праграмы, наведнікі сайту, занепакоеныя станам здароўя Мікалая Аўтуховіча, які паводле СМС-паведамленьня, што прыйшло карэспандэнту «Свабоды» зь Івацэвіцкай калёніі, зрабіў замах на сваё жыцьцё. Паводле зьвестак з калёніі, раны былі настолькі сур’ёзнымі, што палітвязьня прыйшлося везьці па мэдычную дапамогу ў гарадзкі шпіталь. Цяпер Аўтуховічу, зноў жа паводле ананімных крыніцаў з калёніі, робяць перавязкі ў мэдсанчастцы калёніі. Сам вязень нібыта на месяц ізаляваны ў ПКТ.
Адміністрацыя папраўчай установы інфармацыю не пацьвярджае.
«На палітвязьняў ціснуць, каб ня даць ім амністыі»
Аўтары допісаў жадаюць найхутчэйшага выздараўленьня палітвязьню. Яны адзначаюць, што правакацыі ў дачыненьні да Мікалая Аўтуховіча ды іншых палітвязьняў — Мікалая Статкевіча, Андрэя Саньнікава, Зьмітра Дашкевіча, цяпер, напярэдадні гадавіны Плошчы, становяцца ўсё больш вычварэнскімі.
Чытач Віктар К. выказвае меркаваньне, што «на палітвязьняў ціснуць з той мэтай, каб ня даць ім амністыі на пачатку 2012 году»:
«У тых, хто трымае ўладу, проста сьвярбяць рукі, каб разам пакончыць з усімі нязгоднымі зь імі. Нахабныя нумары з тым, каб людзі проста так зьнікалі, не праходзяць. Вось і прыдумляюць, як давесьці да ручкі палітвязьняў за кратамі. Не спэцслужбы, а зборышча дурняў, якія працуюць паводле прымітыўнай схемы. У іх толькі адны мэтады: камэры, этапы і пры гэтым прэсаваць, прэсаваць і прэсаваць... Як я хачу паглядзець, як гэтае кодла нелюдзяў ў вельмі хуткай будучыні будзе ліхаманкава трэсьціся перад цяперашнімі палітвязьнямі, поўзаць на каленях і маліць аб літасьці!»
«Турмой сёньня не спалохаеш нават жанчыну»
Напярэдадні гадавіны 19 сьнежня свае словы падтрымкі ўдзельнікам Плошчы, а таксама палітвязьням, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, перадала жыхарка Бабруйску, маці дваіх дзяцей, мадэльер паводле адукацыі і актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Сьмірнова:
«Дарагія нашы сябры, дарагія суайчыньнікі. Трымайцеся. Вы мужныя, вы сьмелыя, вы лепшыя. Таму й баяцца вас. Вы наша надзея, вы наш гонар. І Беларусь будзе жыць вечна, бо ў нас ёсьць такія хлопцы, як вы. Страшна быць глухім, сьляпым і бяз руху, але яшчэ страшней разумець тое, што такі ж лёс можа чакаць нашых дзяцей і ўнукаў. Гэтага ні ў якім разе нельга дапусьціць. Калі ўлады лічаць, што могуць запалохаць турмой грамадзянаў, то яны памыляюцца. Турмой сёньня, напэўна, не спалохаеш нават жанчыну.
Усё ж якая б ноч ні была цёмная, прыйдзе сьвітанак. Я веру: сарве з вачэй павязкі наш народ і пабачыць сьвятло».
Ня так даўно Галіна Сьмірнова адседзела пяць сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю Народнага сходу і ўдзел у ім і стала першай грамадзкай актывісткай у горадзе, якой давялося зьведаць умовы адбыцьця пакараньня ў мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня. Больш падрабязна пра гэтыя пяць незабыўных дзён свайго жыцьця яна расказала журналісту Свабоды.
«Свабода: «11 лістапада з залі суду Вас адразу прывезьлі ў ізалятар. Ніхто не чакаў, што такі жорсткі прысуд вынесе вам Натальля Шэгеда. Як вас там сустрэлі? Што там пабачылі?»
Сьмірнова: «Сустрэў мяне дзядзечка з добрай усьмешкай. Прадставіўся — гаспадаром гатэлю. Я ўспрымала ўсё гэта таксама як гульню. Калі прыйшла ў камэру, то не да гульні стала. Гэта была самая натуральная прыбіральня. Я там не магла чытаць, ні газэты, ні кнігі. У шэсьць вечара й шэсьць раніцы выводзілі нас у агульную прыбіральню. Там можна было памыцца, набраць вады для пітва. У самой камэры было вядро плястмасавае. Каму не цярпелася, то калі ласка туды. Было дужа халодна. Такое было адчуваньне, што я патрапіла ў сярэднявечча».
"Свабода": "А з кім давялося сядзець? Гэта былі спрэс жанчыны асацыяльных паводзінаў?"
Сьмірнова: «Былі такія, якія называлі сябе „абавязанымі“. Калі іх пазбавілі мацярынства, яны павінны былі плаціць грошы дзяржаве — вось за гэта яны траплялі на суткі. У апошні мой дзень да нас прывялі жанчыну — у яе было шэсьць судзімасьцяў — за забойства й пяць рабаваньняў. У маёй камэры была жанчына, хворая на псарыяз у вострай форме, яна таксама казала, што хварэла на сухоты».
«Свабода»: «Ці расказвалі Вы сваім сукамэрніцам, за што трапілі на суткі. Якая рэакцыя ў іх была?»
Сьмірнова: «Я, канечне, расказала за што трапіла. 12 лістапада мусіў адбыцца другі сход. Я яго правяла ў камэры. Пры мне былі матэрыялы маёй справы, а таксама мая прамова, якую я зачытвала на судзе. Жанчыны ўсё гэта перачытвалі па некалькі разоў. Адна жанчына прапанавала ў павестку дня ўнесьці ня толькі вызваленьне палітзьняволеных, але й таксама вызваленьне сутачнікаў. Другая прапанавала правесьці Народны сход усяго ізалятара».
«Свабода»: «Казаць пра выхаваўчую ролю адміністрацыйнага пакараньня не выпадае. Тады чым яно ёсьць, прынамсі, для жанчынаў — запалохваньнем, ці свайго роду катаваньнем?»
Сьмірнова: «Чалавек, калі мае пагрозу нечым заразіцца, — то гэта варта разглядаць як катаваньне. Падобнае пакараньне толькі азлабляе людзей. Я, зразумела, не хачу, каб нехта там быў, але кратамі, напэўна, цяпер не спалохаеш».
Пасьля адміністрацыйнага арышту Галіна Сьмірнова будзе намагацца палепшыць умовы ўтрыманьня сядзельцаў у ізалятары часовага ўтрыманьня.
Глыбоцкая калёнія вачыма былога сядзельца
Сёньня наш расказ пра Глыбоцкую калёнію. Тут цягам некалькіх месяцаў у камэры-адзіночцы ўтрымліваецца і будзе ўтрымліваецца ажно да красавіка палітвязень, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Нататкі пра калёнію напісаў яе колішні вязень, наш актыўны чытач і слухач Зьміцер Каляда.
Менчуку Зьмітру Калядзе — 38. У Глыбоцкай калёніі адбываў пакараньне ў 2003-2004, калі гэта была ўстанова асобага рэжыму. Потым была Івацэвіцкая калёнія. Справа Зьмітра ў свой час мела шырокі рэзананс у незалежных СМІ. Чалавек, які сьведчыў супраць яго, зьяўляўся сваяком вельмі высокага чыноўніка. Каляду пакаралі 12 гадамі пазбаўленьня волі. Аднак, у выніку некалькіх судоў, умяшаньня міжнародных арганізацыяў тэрмін пакараньня скарацілі.
«Гэта было цяжка, але... я выжыў»
Кажуць, што многія з тых, якія сядзелі, а потым вырашылі пачаць новае жыцьцё з нуля, імкнуцца хутчэй выкінуць з памяці ўсё, зьвязанае зь няволяй, адмовіцца ад былых кантактаў і проста ўстрымлівацца ад ўсялякіх размоваў на гэтую тэму. У Зьмітра Каляды, як ён піша, крыху іншае стаўленьне да гэтага:
«У мяне — інакш. Турма — гэта частка майго жыцьця, ад якой ніяк не адмяжуесься. Пэрыяд вельмі цяжкі. Аднак... я выжыў. І мне заўсёды дарагія весткі, якія я атрымліваю адтуль, ад маіх колішніх сяброў. Я таксама ўважліва сачу за тым, як там за кратамі даводзіцца вельмі далёкім ад крымінальнага сьвету людзям, тым, хто трапіў у турэмны асяродак толькі таму, што пакрытыкаваў улады і год таму выступіў супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Я часта думаю пра гэтых людзей і імкнуся ўявіць сябе: як ім цяпер там у ПКТ, ШЫЗА, карцэры. Мне давялося пасядзець у розных штрафных памяшканьнях. Калёнія ў Глыбокім мае рэпутацыю самай жорсткай і самай закрытай папраўчай установы краіны. Яе галоўная асаблівасьць — камэрная сыстэма. Вязьні ўтрымліваюцца не як у звычайнай зоне ў бараках, а ў колішніх манаскіх кельлях. Знаходзіцца калёнія на тэрыторыі былога ўніяцкага кляштару — архітэктурнага помніку ХVIIІ стагодзьдзя».
Падчас адседкі і пасьля Зьміцер цікавіўся гісторыяй гэтага збудаваньня. Высьветліў, што заснавальнікі кляштару манахі-базыльяне неўзабаве пасьля яго пабудовы стварылі на гэтай тэрыторыі бясплатную школу для дзяцей сялян і дробнай шляхты, пры манастыры дзейнічаў шпіталь, базыльяне падтрымлівалі сялян хлебам у неўрадлівы гады.
«Малітоўнага шэпту ў кельлях не чуваць ад 1939»
Потым, нібы па нейкай канфэсійнай эстафэце, кляштар перадавалі праваслаўным, каталікам. Але наступіў 1939, а зь ім і савецкая ўлада. З таго часу малітоўнага шэпту ў колішніх манаскіх кельлях больш не чуваць, а злачынствы, якія адбыліся там, напэўна, ужо не адмоліш аніякімі малітвамі...
Спачатку, пасьля ўзьяднаньня ўсходніх і заходніх беларускіх земляў, у манастыры разьмясьціўся НКУС, а старадаўнія падзямельлі запоўніліся вязьнямі ды іх катамі. Падчас вайны 1941-1945 гадоў немцы пераўтварылі кляштар ў канцлягер, дзе ўтрымліваліся савецкія і італьянскія ваеннапалонныя. Пасьля вайны кляштар пераўтварыўся ў вязьніцу для асабліва небясьпечных савецкіх рэцыдывістаў. Да 1970 году на тэрыторыі турмы яшчэ стаяў адзін з найкаштоўнейшых шэдэўраў беларускага дойлідзтва ў стылі позьняга барока. Але паводле загаду тагачасных беларускіх савецкіх уладаў (гэта было менавіта ў брэжнеўскі, а ня сталінскі час), унікальны помнік узарвалі.
«Людзі, з-за якіх было зьдзейсьнена гэта злачынства, і цяпер жывуць непакаранымі. Чаму?» — пытаньне, на якое Зьміцер Каляда так і не атрымаў адказу.
«Калі ў Глыбокае трапіў я, гэта была калёнія асобага рэжыму. Можа, бачылі ў фільмах або ў перадачах паласатую вопратку на ЗК? Толькі палоскі вэртыкальныя, а не гарызантальныя. Ад канца 1990-х гэту вопратку можна было і не насіць. Проста нашывалі па тры паласы белага колеру або фарбавалі белым на задняй частцы курткі-робы. Былі і такія, хто хадзіў па-старому, у паласатай. У герархіі рэжымаў калёній гэта самая высокая прыступка (пасьля агульнага, узмоцненага і строгага). Турма быццам бы і маленькая, аднак адчуваньне, што гумавая. У адрозьненьне ад калёній, шпацыр нармаваны — 2 гадзіны ў суткі. Ёсьць яшчэ прамзона. Хто ходзіць на працу, той неба і сонца бачыць ды і паветра ўдыхае пабольш. Ёсьць яшчэ асобны барак, дакладней, 3-ці паверх, дзе знаходзяцца «раскрытыя», гэта значыць тыя, якім праз пэўны час адседкі судом зьмянялі ўмовы ўтрыманьня — пераводзілі з камэры ва ўмовы звычайнай зоны. Але многія ня вельмі прагнулі мяняць камэру на барак ...
«Самагонка ў камэры і байкі старых рэцыдывістаў»
У камэры свой мікраклімат, свае нюансы. Калі кантынгент падбіраецца годны, не напружаны, то і сядзець ў камэры можна без праблем. Некаторыя нават выганялі самагоначку, каб сядзелася весялей. Сярод плюсаў — ня трэба хадзіць у сталоўку — усё прыносяць у камэру. Што тычыцца харчаваньня, то ў Глыбокім заўсёды кармілі нядрэнна ў параўнаньні зь іншымі калёніямі. Лічу, што гэта заслуга саміх ЗК — так паставілі і вырашылі пытаньне. Судзіце самі: у асноўным на асобы рэжым траплялі людзі бывалыя, тыя, якія прайшлі і Крым, і Рым, зь вялікім досьведам адседак. Таму і вырашаць пытаньні для сябе яны ўмелі. Як там цяпер з харчаваньнем, мне невядома, але не думаю, што добра — на двары крызіс.
Дарэчы, існуе памылковае меркаваньне, што на асобым рэжыме запар гвалтаўнікі і забойцы. Падчас маёй адседкі былі і такія. Аднак у асноўным сядзелі за крадзяжы, рабаваньні. Шмат было і так званых кішэньнікаў або прадстаўнікоў эліты злодзейскага сьвету. Зразумела, на пачатку 2000-х многае было ня так, як у старыя часы. Кантынгент вязьняў істотна амаладзіўся. Аднак традыцыі, атмасфэра мінулых гадоў тады ўсё яшчэ захоўваліся.
Калі падчас размоваў са старымі сядзельцамі, пытаўся ў іх, як прынята гаварыць у нашай субкультуры, «за мінулае» (ня «пра», а менавіта «за»), заўсёды чуў адказ, што раней было лепш. Напэўна, таму, што самі былі маладзейшымі і іхняе жыцьцё было ў разгары... Чуў ад гэтых людзей розныя турэмныя байкі.
Напрыклад, калі ў 1991 у СССР быў путч, то прыгналі спэцтэхніку, калёнію ачапілі войскамі, а экскаватары ледзь не катлаваны капалі, каб скідваць, а потым закопваць трупы. Ну, яны ўвогуле вясёлыя людзі, гэтыя рэцыдывісты, асабліва небясьпечныя. Ці яшчэ такая гульня была. Гэта я сам бачыў і прымаў удзел. З прамзоны бачная дарога. Так ставілі стаўкі: зь якога боку зьявіцца машына, якога колеру і г.д. Хто адгадваў, той і выйграваў стаўку, цыгарэты, напрыклад. Яшчэ памятаю сустрэчу Новага 2004 году. Сядзім, а тут пад акном камэры музыка, зэкі шансон граюць. Адзін на баяне, другі на гітары, елка стаіць з парай лямпачак...
Нейкія вясёлыя і нават радасныя ўспаміны пра той час усё ж прыходзяць... Хаця пра турму ў Глыбокім на сучасным слэнгу інакш, як «жэсьць», ня кажуць«.
«Свой 30-ты дзень народзінаў сустрэў у ШЫЗА»
Зьміцер піша, што часта думае пра людзей, якія трапілі ў турэмны асяродак выключна з-за сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыі. Адміністрацыя турмы заўсёды імкнецца прэсаваць менавіта такіх. Знаходзіцца ў адзіночцы Глыбоцкай калёніі, дзе цяпер Дзіма Дашкевіч, гэта вельмі жорстка. Найперш псыхалягічна. У часы, калі ў калёніі быў асобы рэжым, у адзіночку маглі кінуць нават на год. «Але ж нічога, моцныя духам людзі гэта могуць вытрымаць!» Каляда ўпэўнены, што яго цёзка Дашкевіч, а таксама палітвязьні, якіх прэсуюць у іншых калёніях, належаць да катэгорыі стойкіх людзей. Самому былому асуджанаму ня цяжка ўявіць, як адчуваюць сябе палітзьняволеныя ў карцэры, ПКТ, ШЫЗА
«У штрафным ізалятары ў Глыбоцкай калёніі ў лістападзе 2003 мне давялося сустракаць уласнае 30-годзьдзе. Падставы для пакараньня ШЫЗА ў адміністрацыі знойдуцца заўсёды. Патрабаваньні турэмнікаў да вязьняў часам настолькі абсурдныя ды зьняважлівыя... Напрыклад, дарослых мужыкоў прымушаюць крыкам вітаць нейкіх вырадкаў у пагонах. Саміх жа вырадкаў у гэтыя хвіліны проста расьпірае ад ганарыстасьці. Калі ж бачаць, што не крыкнуў — адразу ў карцэр. Дык вось, той свой дзень народзінаў я запомніў на ўсё жыцьцё. Але галоўным чынам таму, што нармальныя людзі ёсьць паўсюль. І хоць у ШЫЗА забароненыя і цыгарэты, і гарбата, і іншае, а было і тое, і другое, і трэцяе...
Наколькі я ведаю, цяперашнія вязьні там утрымліваюцца у больш жорсткіх рэжымных умовах, чым у мой час... Турэмная сыстэма „ўдасканальваецца“. Пастаянна прыдумляюцца нейкія правілы, указы, каб зрабіць жыцьцё ЗК яшчэ больш цяжкім. А інакш, для чаго ўтрымліваць такое войска турэмнікаў ды вертухаеў?»
«ЛЮДЗІ ў турмах не перавядуцца ніколі, як бы мянты не каламуцілі»
«Шмат інфармацыі з Глыбокага на волю не даходзіць. Зь нелегальнай сувязьзю праблема. Але сёе-тое трапляе па той бок кратаў. І як бы мянты не спрабавалі шыфраваць сваю дзейнасьць, зьдзяйсьняць у закрытым рэжыме ў дачыненьні да гэтых людзей чарговую мярзоту, асабліва тым, хто ўтрымліваецца ў адзіночцы, ШЫЗА, ПКТ — усё так ці інакш будзе вядома. Шыла ў мяшку ня ўтоіш. Побач камэры зь іншымі ЗК. Такі закон турмаў: калі па суседзтву каго-небудзь пачынаюць прэсаваць, то ўпрагаюцца людзі зь іншых камэраў, яны пачынаюць барабаніць у дзьверы, выкрыкваць мянтам сваё стаўленьне. Шум атрымліваецца заўсёды вялікім. Я ўпэўнены, што ЛЮДЗІ не перавядуцца ў турмах ніколі, як бы мянты не каламуцілі. Падтрымаць Зьмітра Дашкевіча ды іншых палітвязьняў у вязьніцах знойдзецца каму».
Калі чалавек знаходзіцца за кратамі — падчас сьледзтва ці пасьля суду — кантакты зь людзьмі з волі вельмі абмежаваныя: адвакат, родныя. Ёсьць яшчэ спадзяваньне на сустрэчу са сьвятаром, калі ў самога вязьня ўзьнікне такая думка, патрэба. Апошнім часам сьвятары рэгулярна наведваюць месцы зьняволеньня, у эпархіях ёсьць адказныя за гэта. Ці ўсе арыштаваныя, зьняволеныя могуць разьлічваць на спатканьне з ксяндзом ці бацюшкам?
«Маліцца за тых, хто ў бядзе»
Вядома, што існуе традыцыя — маліцца за тых, хто ў бядзе, у нястачы. Сёньня ў Беларусі застаюцца палітзьняволеныя. Год таму сотні людзей трапілі за краты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, асабліва пацярпелі дэмакратычныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта. Ці ўспаміналіся іхнія імёны ў малітвах? Гаворыць грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні Андрэй Крот:
«Ведаеце, я, як турэмны душпастыр, заўсёды малюся за людзей, якія знаходзяцца ў турмах: незалежна ад таго, зь якіх прычынаў яны туды трапілі.
А наконт падзеяў мінулага году, то я прытрымліваюся такой лёгікі, што калі мае парафіяне замаўлялі службу за кагосьці, то тады я маліўся. Важна было не зрабіць з гэтага палітычную акцыю, а па просьбе маіх вернікаў маліцца».
Айцец Андрэй Крот кажа, што аказвае духоўную дапамогу ўсім, хто трапіў за краты ў Горадні:
«Я рэгулярна наведваю гарадзенскую турму, зьяўляюся там капэлянам, прыходжу да тых людзей, якія жадаюць сустрэцца са сьвятаром. Большы акцэнт раблю на духоўную дапамогу. Таму што часта бывае так, што людзі знаходзяцца ў духоўнай разгубленасьці. Яны, можа быць, не гатовыя былі да таго, што трапяць у турму, не зрабілі, можа, нейкага вялікага злачынства, ці, скажам, незвычайнага чагосьці. Але іхняе жыцьцё склалася так, як з той кашуляй: калі адзін гузік пачаць зашпільваць няправільна, то ўрэшце ўсе гузікі будуць няправільна зашпіленыя. І гэтыя трагедыі прыводзілі іх у турму».
«Да палітычных сьвятароў не пускаюць»
Сёньня, аднак, здараюцца выпадкі, калі палітычным зьняволеным не дазваляюць сустрэцца са сьвятаром праваслаўнай ці каталіцкай канфэсіі. Беларускі карэспандэнт польскай «Газэты выборчэй» Андрэй Пачобут днямі прызнаны журналістам году ў суседняй Польшчы. Тры месяцы ён правёў сёлета за кратамі ў сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы N1. Яго арыштавалі па абвінавачаньні ў абразе ў публікацыях адносна прэзыдэнта Лукашэнкі. Суд апраўдаў журналіста: абразы не было. Аднак Андрэя Пачобута ўсё роўна асудзілі — за «паклёп» на Лукашэнку. Выкананьне прысуду было адкладзена на два гады, журналіста вызвалілі ў судовай залі.
У цяжкія хвіліны за кратамі Андрэй Пачобут хацеў сустрэцца з ксяндзом. За сьценамі турмы знаходзіцца катэдральны касьцёл, сьвятары якога рэгулярна наведваюць вязьняў. Андрэй Пачобут распавядае:
«Я тады вырашыў, што сустрэнуся з ксяндзом, паразмаўляю... Таму што да псыхоляга я не пайду, бо гэта чалавек у форме. А ксёндз — гэта чалавек, зь якім бы я мог паразмаўляць. Ты там сядзіш, сядзіш незаконна і нарываесься на нейкага дурня ў форме, які пачынае цябе за любую дробязь чапляць, у выніку ты можаш трапіць у карцэр, а пасьля вярнуцца ў гарадзенскую турму ўжо злосным парушальнікам. Гэта менавіта такі падыход да чалавека ў стрэсавым стане, гэта там называецца „ламаць рогі“. Я падумаў тады: тут трэба зьвяртацца да ксяндза. Каб ён дапамог з адчуваньнем тваёй заціснутасьці. Але я быў адзіным зьняволеным, якому не дазволілі сустрэцца з ксяндзом».
Тое, што было дазволена іншым вязьням, журналісту Пачобуту не дазволілі, усе ягоныя просьбы наконт сустрэчы са сьвятаром сустракала глухая сьцяна.
Пачобут: «А з ксяндзом было так: я спачатку вусна зьвярнуўся, потым —пісьмова. Затым я яшчэ пісьмова мусіў зьвяртацца да судзьдзі. І аніводнага адказу я на гэтыя запыты не атрымаў. У матэрыялах маёй крымінальнай справы маё хадайніцтва аб тым, каб мне далі сустрэцца з ксяндзом, яно ляжыць, і на яго няма ніякага адказу. Карацей, нават фармальна парушаны закон. Чаму гэтак адбылося, хто прымаў рашэньне аб гэтым, я ня ведаю. Але цяпер я ведаю, што абодва ксяндзы, каторыя ходзяць у турму да зьняволеных, яны зьвярталіся да аховы з тым, каб сустрэцца са мною, але ім было адмоўлена».
Ксёндз: вязьням патрэбная размова
Гарадзенскую турму наведваюць ксяндзы Казімір Жыліс і Валеры Быкоўскі.
«Людзям, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, найперш патрэбная размова, — гаворыць айцец Валеры. — Мы размаўляем пра іхняя жыцьцё, пра тое, як яны бачаць сваё далейшае жыцьцё, сваю будучыню, ці яны стараюцца штосьці зьмяніць у сабе. Мы гаворым пра Пана Бога, які любіць чалавека. Пасьля адбываецца катэхізацыя, удзяляем неабходныя сакраманты, найчасьцей гэта споведзь, сьвятая камунія, а таксама хрышчэньне. Нікому мы не адмаўляем у спатканьні, у размове, бо гэта наша місія».
Раней гарадзенскую турму наведвалі толькі ксяндзы, да іх зьвярталіся і каталікі, і праваслаўныя, і няверуючыя.
Год таму за сьценамі гарадзенскай турмы сядзеў былы вязень Ігар, ён сёньня ўспамінае:
«Ксёндз хадзіў па камэрах. Памятаю: мы ішлі на прагулку, а ён зьявіўся ў турэмным двары. Хтосьці сказаў: „Добрай раніцы, сьвяты айцец“, а той у адказ працягнуў яму руку. Як старому знаёмаму сказаў: „Прывітаньне“, — ды яшчэ па імені зьвярнуўся. Гэта было ўсё ў прысутнасьці кантралёра, і той, для каго мы былі быдлам, аж скрывіўся ад злосьці».
Ігар ўзгадвае таксама, што пра падзеі 19 сьнежня 2010 году ў Менску яны даведаліся праз Беларускае Тэлебачаньне. Вельмі перажывалі за удзельнікаў Плошчы, прызнаецца былы вязень. Ён сам нават маліўся.
Зьняволеных таксама наведваюць сьвятары праваслаўнай канфэсіі, а ў Ваўкавыскай калёніі нават існуе царква.

Зваротная сувязь

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць

Духоўная дапамога за кратамі