Сёньня, 20 лістапада, спаўняецца 70 гадоў з дня пачатку ў 1945 Нюрнбэрскага судовага працэсу над былымі кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны.
Давялося мне наведаць Нюрнбэрг, 600-й залю Палацу юстыцыі, дзе 65 год таму праходзіў гэты судовы працэс.
Менавіта ў Нюрнбэргу ў 1927 годзе адбыўся першы зьезд Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі. Менавіта тут нарадзіліся расавыя «нюрнбэрскія законы», якія сталі асновай Галакосту. Кола замкнулі, фашызм асудзілі там, дзе ён пачаўся. І Нюрнбэрг цяпер перш за ўсё вядомы менавіта як месца, дзе судзілі фашызм.
Я слухаю аўдыёгід, гляджу на лаву падсудных і думаю пра сваю краіну.
Пра менскі Дом-музэй першага зьезду Расейскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, будучай камуністычнай партыі, чыіх кіраўнікоў, ідэолягаў і простых выканаўцаў пакуль не асудзілі ні наводным судзе. Дом-музэй першага зьезду РСДРП па-ранейшаму прымае гасьцей, яго фінансуе дзяржава, сюды дагэтуль водзяць школьнікаў на экскурсіі. Камунізм забраў мільёны жыцьцяў, і ня быў асуджаны. Кола не замкнулася. Тое, што пачыналася ў Менску, дагэтуль жыве. Жыве ў лініі Сталіна, у прамовах, сьвятах, сьцягах, назвах вуліц, плошчаў, гарадоў.
Пра пэрсанальныя пэнсіі — у экспазыцыі музэю гляджу на фота начальніка аднаго з канцэнтрацыйных лягераў, якога вядуць на эшафот. У яго засяроджаны твар, ногі скаваныя, плечы апушчаныя. І думаю пра тое, што пераважная большасьць начальнікаў гулагаўскіх лягераў, тых, хто кіраваў расстрэламі ў Курапатах, скончылі жыцьцё на пэрсанальнай пэнсіі. Напэўна таму ў беларускіх турмах дагэтуль катуюць, дагэтуль гулагаўскія парадкі.
Пра генэрала Захаранку — «Нельга выконваць злачынныя загады, у чалавека ёсьць заўсёды маральны выбар адмовіцца выконваць злачынны загад», — слухаю агучаныя нормы міжнароднага права і згадваю зьніклага міністара ўнутраных справаў Беларусі, які расказваў, як ён адмовіўся выканаць любы загад прэзыдэнта...
Пра судзьдзяў — Нюрнбэрскі працэс праводзілі ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя і СССР, але удзел савецкай дэлегацыі быў найменшым, чытаю на адным са стэндаў. Чаму?
Ня ведаю, адзначаю для сябе толькі, што савецкі абвінаваўца Рудэнка лічыцца датычным да масавых сталінскіх рэпрэсій ва Ўкраіне, другі прадстаўнік СССР судзьдзя Нікітчанка ўдзельнічаў у вынясеньні сотняў прысудаў невінаватым падчас Вялікага тэрору. Але яны былі ў Нюрнбэргу па іншы бок лавы падсудных.
Шмат пра што думаецца ў Нюрнбэргу — у тым ліку і пра тое, чаму цяпер тут такое прыгожае і заможнае жыцьцё.
Верагодна, і ў Менску трэба будзе некалі пачынаць з таго, з чаго пачыналася і ніяк ня скончыцца — са знакамітага «ня толькі дрэннага», што працягвае агрэсіўна буяць з заляў улады, судоў, тэлеэкранаў.
У Менску, праўда, катастрафічна цяжка з памяшканьнямі — для зьездаў апазыцыйных партыяў, для канцэртаў музыкаў з чорнага сьпісу, для кніжных прэзэнтацыяў забароненых паэтаў. Але заля знойдзецца.