Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За людзей можна прымаць любыя эканамічныя санкцыі»


Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан запатрабавала ад уладаў Беларусі вызваліць палітзьняволеных. Калі яны ня будуць вызваленыя, да Беларусі надалей будуць ужывацца эканамічныя санкцыі, а для дзьвюх соцень беларускіх афіцыйных асобаў захаваюцца візавыя забароны. Камэнтары беларускіх палітыкаў.





Камэнтуючы гэтыя заявы лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў адзначыў: «Пазыцыя ЗША і пэрсанальна дзяржсакратара спадарыні Клінтан найбольш прынцыповыя і найбольш адэкватныя таму, што адбываецца ў Беларусі. Я згодны з гэтай пазыцыяй, падтрымліваю яе. Перш за ўсё праз прысутнасьць палітвязьняў. Ну што гэта такое? Колькі было заяў з боку Эўразьвязу, тых жа ЗША: адпусьціце вы ні ў чым не вінаватых людзей і мы наладзім з вамі стасункі. Гэта азначае, што яны дапамаглі б нам, я маю на ўвазе ўсё грамадзтва, выйсьці з крызісу. Год ужо людзі сядзяць. За людзей можна прымаць любыя эканамічныя санкцыі. Гэта пазыцыя любога нармальнага чалавека, які разумее каштоўнасьць чалавечага жыцьця і ўрэшце рэшт боль. Так што, дзякуй спадарыні Клінтан. Дзякуй Эўразьвязу, усім тым, хто найперш думае ў Беларусі пра людзей, пра тое як ім знаходзіцца ў лукашэнкавых турмах».

Паводле палітыка Вінцука Вячоркі, вельмі важнае тое, што сама Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан прыехала ў Вільню на сэсію Рады міністраў АБСЭ: «Гэта сьведчыць аб тым, што ЗША ўсё ж паварочваюцца да эўрапейскіх спраў. Магчыма, пэўнае аслабленьне эўрапейскіх акцэнтаў ужо заканчваецца. Першыя міжнародныя крокі дэмакратычнай адміністрацыі паказвалі, што каб жа так не было, што ў іх будзе менш увагі праблемам дэмакратыі ў сьвеце. У тым ліку ў нашым рэгіёне. Цяпер, відаць, жыцьцё паказала і падзеі ў Беларусі, а цяпер яшчэ ва Ўкраіне і ў Расеі, што наіўнавата было спадзявацца на „перазагрузкі“ і рабіць выгляд, што тут усё добра. Таму сам факт яе заявы па Беларусі мае велізарнае значэньне. І тое, што яна нагадала ня толькі пра візавыя, але і эканамічныя рычагі ўзьдзеяньня на цяперашнюю ўладу ў Беларусі. І найважнейшае цяпер тое, каб адбылася амэрыканска-эўрапейская сынхранізацыя беларускай палітыкі».

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін адзначыў, што толькі рэальныя эканамічныя санкцыі могуць дапамагчы вызваленьню палітвязьняў: «Вельмі добра, што ЗША таксама падзяляюць гэтую думку і гатовы рашуча дзейнічаць у гэтым напрамку. Тое, што кажуць, вось, могуць быць наступствы для простага люду, калі будуць эканамічныя санкцыі, гэта ўсё ад злога. Заўсёды можна знайсьці такія меры, якія найперш будуць узьдзейнічаць на ўладу і яе прадстаўнікоў у бізнэсе. А такія прадстаўнікі вядомыя і амэрыканцы ня раз агучвалі гэтыя прозьвішчы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG