30 лістапада першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандар Федарцоў прыгаварыў Зьмітра Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва да сьмяротнага пакараньня. Праваабаронцы і грамадзкія дзеячы ўжо асудзілі такі жорсткі вырак. Сям’я Кавалёва заявіла, што будзе прасіць Аляксандра Лукашэнку захаваць жыцьцё Ўладзіславу.
«Ёсьць прыкметы крымінальнага злачынства — заведама неправасуднага рашэньня»
«Ня веру, бо памятаю страшную справу Міхасевіча»
Івонка Сурвіла: «Сумняюся ў справядлівасьці суду»
Грамадзкая думка пра віну Канавалава і Кавалёва
Папа Бэнэдыкт XVI спадзяецца на адмену сьмяротнага пакараньня
21.30 Генсек Рады Эўропы: «Правасудзьдзе, але ня помста»
Генэральны сакратар Рады Эўропы заклікае беларускія ўлады не прыводзіць у выкананьне сьмяротны прысуд у дачыненьні да Канавалава і Кавалёва.
Генэральны сакратар Рады Эўропы Турбэрн Ягланд заклікаў беларускія ўлады не прыводзіць у выкананьне сьмяротны прысуд у дачыненьні да Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Рады Эўропы, адпаведную заяву Ягланд зрабіў 30 лістапада пасьля таго, як стаў вядомы вэрдыкт Вярхоўнага суду Беларусі.
«Я заклікаю беларускія ўлады адмяніць сьмяротны прысуд, які быў сёньня вынесены Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіслава Кавалёву, — сказаў генэральны сакратар Рады Эўропы. — Злачынства, у якім яны прызнаныя вінаватымі, было барбарскім, але іх пакараньне не павінна стаць такім жа. Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе ўсё яшчэ караюць сьмерцю людзей. Я заклікаю ўлады неадкладна ўвесьці мараторый на прымяненьне гэтай вышэйшай меры пакараньня. Ахвяры і сем’і тых, хто пацярпеў 11 красавіка, заслугоўваюць правасудзьдзя, але ня помсты».
20.40 Эўрапейская грамадзянская супольнасьць не пагаджаецца са сьмяротнымі выракамі.
Для краінаў, якія зьяўляюцца сябрамі Рады Эўропы, сьмяротнае пакараньне сёньня — гэта нешта недапушчальнае, заявіў у сераду ў Брусэлі сябра Эўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту Анры Малос.
20.03 Кэтрын Эштан выказала шкадаваньне з нагоды прысуду ў Менску
«Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу Кэтрын Эштан шкадуе, што Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў сёньня спсп. Канавалава і Кавалёва да сьмяротнага пакараньня і выказвае спадзяваньне, што іх права на абскарджаньне прысуду можа быць цалкам рэалізаванае», — такую заяву зрабіла Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў справах зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан.
Мая Кацыянчыч: «Эўрапейскі Зьвяз выступае супраць прымяненьня сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах. Мы лічым, што сьмяротнае пакараньне зьяўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, што не дазваляе якога-небудзь перагляду, яно не забясьпечвае стрымліваньне злачынных паводзінаў і непрымальна адмаўляе чалавечую годнасьць і цэласнасьць... Высокі прадстаўнік заклікае Беларусь, якая зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца сьмяротнае пакараньне, далучыцца да глябальнага мараторыю на пакараньне сьмерцю ў якасьці першага кроку да яго усеагульнай адмены».
19.40 Два сьмяротныя прысуды, вынесеныя сёньня ў Беларусі, не адпавядаюць міжнародным стандартам справядлівай судовай працэдуры, лічыць прадстаўнік Amnesty International.
«У нас ёсьць сур’ёзныя засьцярогі, што і Дзьмітры Канавалаў, і Уладзіслаў Кавалёў падвяргаліся жорсткаму абыходжаньню з мэтай прымусіць іх да прызнаньні, і што гэты працэс не вытрымлівае міжнароднай ацэнкі», — сказаў Джон Далгайзэн, намесьнік дырэктара рэгіянальных праграмаў у Эўропе і Цэнтральнай Азіі.
«Беларусь мае недахопы сыстэмы правасудзьдзя і рэгулярна парушае міжнародныя нормы справядлівага судовага разбору, існуе высокая рызыка судовай памылкі і пакараньня невінаватага чалавека», — сказаў ён.
Прадстаўнік Amnesty International зьвяртае ўвагу, што ў часе судовага разбору Уладзіслаў Кавалёў адмовіўся ад сваіх прызнаньняў, атрыманых, як ён сьцьвярджае, пад ціскам. Ён заявіў, што падчас допыту ён пачуў крыкі Дзьмітрыя Канавалава і палічыў, што наступным будуць катаваць яго. Яго маці паведаміла, што абодва яны былі зьбітыя падчас допыту. У парушэньне іх права на прэзумпцыю невінаватасьці, раніцай 13 красавіка прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што двое мужчын, якія былі затрыманыя, прызналіся ў тэракце, а таксама ў папярэдніх выбухах у Беларусі. На самай справе, Канавалаў і Кавалёў у той дзень не былі дапытаныя.
«Сьмяротнае пакараньне зьяўляецца непапраўчым, і мы выступаем супраць яго выкарыстаньня ва ўсіх выпадках. Прэзыдэнт Лукашэнка павінен неадкладна аб’явіць мараторый на сьмяротнае пакараньне і далучыцца да ўсё большай колькасьці краінаў, якія адмаўляюцца ад гэтага барбарскага пакараньня », — сказаў Джон Далгайзэн, нагадаўшы, што Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая ўсё яшчэ прымяняе сьмяротнае пакараньне.
19.15 Дэпутаты Эўрапарлямэнту Раўль Ромэва (Гішпанія) і Эдвард Кукан (Славаччына) пракамэнтавалі сьмяротныя прысуды ў Менску.
Эдвард Кукан: «Гэта — трагічная навіна, бо здаецца, што намаганьні эўрапейскіх і сусьветных структураў прывесьці Лукашэнку ў розум — не спрацоўваюць. Таму я мяркую, што будзе неабходна ўжыць больш моцныя захады».
Раўль Ромэва: «Калі якая-небудзь краіна хоча быць паважанай з пункту гледжаньня правоў чалавека, у прынцыпе, сьмяротнае пакараньне павінна быць адменена там, дзе яно існуе — ці то ў Беларусі ці то ў ЗША, ці там, дзе гэта адбываецца. Так што ў гэтым выпадку, мая адзіная пазыцыя — я рашуча асуджаю любыя пакараньні сьмерцю пры якіх заўгодна абставінах».
18.50 Марылюіза Бэк: Прысуд Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву ашаламіў
Прыгавор Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву «ашаламіў», —заявіла ад імя партыі «Зялёныя» дэпутат бундэстага Марылюіза Бэк, камэнтуючы вынесены Вярхоўным судом Беларусі 30 лістапада сьмяротны прысуд абвінавачваным у тэракце.
У заяве Бек адзначаецца, што «ёсьць усе падставы сумнявацца ў вінаватасьці асуджаных». «Невыносна думаць аб тым, што магчымая прычына, па якой гэтыя двое маладых людзей павінны расстацца з жыцьцём, — гэта непахіснасьць улады дыктатара», — падкрэсьлівае Бек.
Дэпутат заклікала Беларусь, апошнюю краіну ў Эўропе, дзе захавалася практыка прымяненьня сьмяротнай кары, увесьці на яе мараторый. Прыгаворы, на яе думку, толькі даказваюць, што гэтая форма пакараньня «абсалютна антычалавечная».
Упаўнаважаны па правах чалавека Нямеччыны патрабуе адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня ў Беларусі
Упаўнаважаны па правах чалавека Нямеччыны Маркус Лёнінг выступіў з заявай, у якой ён асуджае сьмяротныя прысуды Канавалаву і Кавалёву. Ён таксама патрабуе зьмяніць гэтыя выракі на турэмнае зьняволеньне.
У заяве гаворыцца: «Сьмяротная кара ніколі не апраўдана. Яна не зьяўляецца адэкватным сродкам ні ў якасьці пакараньня, ні ў барацьбе са злачыннасьцю. Ніколі немагчыма выключыць судовыя памылкі. Таму я заклікаю беларускі ўрад да неадкладнай адмены сьмяротнага пакараньня, а ў якасьці першага кроку абвясьціць мараторый на прывядзеньне ў выкананьне сьмяротных прысудаў».
18:05 Прадстаўніца Amnesty International Хэзэр Мак Хіл заявіла, што яна шакаваная прысудам: «Гэта асабліва шакуе, улічваючы тое, што мы маем сумненьні наконт справядлівасьці судовага разбору у гэтым выпадку. Выглядае, што абодва мужчыны, як яны сьцьвярджаюць, падвяргаліся жорсткаму абыходжаньню. Адзін з іх сьцьвярджаў, што ён чуў крыкі яго сябра і лічыў, што яго падвяргаюць катаваньням. І ён адмовіўся ад сваіх першапачатковых паказаньняў у судзе. Ёсць шмат іншых парушэнняў у тым, як праводзілася судовае разбіральніцтва, у тым, што там не хапае такіх істотных сьведчаньняў, як напрыклад, сьведчаньні супрацоўнікаў мэтро, работнікаў, якія былі на станцыі ў момант выбуху».
Адвакат Дзьмітрыя Канавалава Дзьмітрый Лепрэтар заявіў, што як абаронца ён ня можа быць згодны з вынесеным прысудам. Таксама ён сказаў, што будзе яшчэ мець сустрэчу з Канавалавым, каб абмеркаваць пытаньне пра магчымасьць абскарджваньня прысуду ў парадку нагляду. Таксама ён узгодніць пытаньне адносна памілаваньня.
«Для таго каб разабрацца і сказаць больш канкрэтныя рэчы па прысудзе, яго трэба прачытаць. Бо выслухаць яго, стоячы ў залі, было даволі складана. Пазыцыя абароны была выказана ў спрэчках, і ў прынцыпе яна не зьмянілася. Бок абароны зыходзіў з прававой пазыцыі адносна раньніх эпізодаў да 2005 году, я прасіў апраўдаць. Што да эпізодаў 2008 і 2011 гадоў, то, нягледзячы на яго прызнальную пазыцыю, я зьвярнуў увагу на некаторыя нестыкоўкі, неадпаведнасьці, якія ёсьць у справе. І, адпаведна, якія нестыкоўкі я ў справе знайшоў, якія ня так стройна кладуцца ў вэрсію абвінавачаньня, я іх агучыў».
Маці Ўладзіслава Кавалёва спадарыня Любоў напісала хадайніцтва пра сустрэчу з сынам. Зь ім яна сустракалася толькі адзін раз перад пачаткам працэсу. Спадарыня Любоў лічыць свайго сына невінаватым.
«Усё абвінавачаньне сфабрыкавана. І суд пайшоў на паваду ў абвінавачаньня».
Сястра Ўладзіслава Кавалёва Тацьцяна сказала, што сваякі будуць зьвяртацца да кіраўніка краіны з просьбай аб памілаваньні.
«Хлопчыкаў трэба ратаваць. Мы ў шоку, бо Ўладзік ніякім бокам не датычны да гэтай справы. Доказаў у іх няма на Дзіму, на Ўладзіка тым больш. Прысуд абсалютна не адпавядае матэрыялам справы. Перакруцілі, нагаварылі лухты. Гэта суцэльная хлусьня. Я ня ведаю, як у іх наагул язык павярнуўся вынесьці такія прысуды хлопчыкам».
Адна з пацярпелых сказала, што пагаджаецца з прысудам, бо калі віна даказаная, то трэба расстраляць:
«Калі гэта даказана, то толькі так».
Ільля Маркевіч сказаў, што ня верыць у вінаватасьць свайго сябра Ўладзіслава Кавалёва. Ён называе гэта добра сплянаваным палітычным ходам падчас крызісу.
«Могуць пацярпець невінаватыя людзі. Нават калі невінаватасьць іх будзе даказаная, ад гэтага нікому лягчэй ня стане. Зараз ня тое што абвясьцілі сьмяротны прысуд, дык яшчэ і доказы зьнішчаюць».
Паводле сябра БХК Паўла Левінава, хочацца ўцякаць з краіны, дзе выносяцца сьмяротныя прысуды. Ён зьбіраецца рабіць усё магчымае, каб такіх прысудаў больш не было. Праваабаронца лічыць, што прысуд меў непераканаўчую базу.
«У мяне такое адчуваньне, што я прысутнічаю пры тым, што нехта зрабіў замову на забойства людзей. І нехта хоча прывесьці яе ў выкананьне».
Паводле праваабаронцы Людмілы Гразновай, сьмяротнае пакараньне Кавалёву і Канавалаву — гэта і спосаб застрашваньня. І гэта сьведчыць пра тое, што суд ня ёсьць незалежным.
«Апошні ёсьць шанец для ўстанаўленьня нейкай стабільнасьці, спакою і ўпэўненасьці ў будучым — гэта памілаваньне з боку прэзыдэнта. Крок вельмі сур’ёзны, які дасьць яму магчымасьць ня толькі атрымаць падтрымку, але і адчуць грамадзянам уласную бясьпеку. Таму яшчэ ня ўсё страчана. Зараз адзінае, што застаецца для ўсіх, хто кіруецца Канстытуцыяй, думае заставацца ў гэтай краіне, — толькі падпісваць пэтыцыю за тое, каб выратаваць жыцьцё гэтым хлопцам. І пэтыцыю супраць сьмяротнай кары. Гэта самае галоўнае».
18:00
17:24 Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў падтрымаў сьмяротны вырак Кавалёву і Канавалаву.
«Мой асабісты пункт гледжаньня: на такія жорсткія рэчы ў адносінах да людзей павінен быць адэкватны адказ і нам дэмакратычная Амерыка ў гэтым сэнсе дае адэкватны прыклад», — заявіў Сурыкаў.
17:22 Адвакат Канавалава Дзьмітры Лепрэтар мае намер найбліжэйшым часам сустрэцца з сваім падабаронным, каб абмеркаваць далейшую стратэгію паводзінаў.
«У нас зь ім будзе яшчэ адна сустрэча», — заявіў журналістам адвакат. На гэтай сустрэчы Лепрэтар плянуе абмеркаваць магчымыя дзеяньні пасьля таго, як выненсены сьмяротны вырак.
«Магчыма абскарджваньне ў парадку нагляду», аднак «ён можа і не падтрымаць маю скаргу, таму мы павінны зь ім гэта абмеркаваць».
Лепрэтар кажа, што хоча абмеркаваць з Канавалавым магчымасьць напісаньня прашэньня пра памілаваньне. Адвакат растлумачыў, што гэтае прашэньне павінен напісаць сам Канавалаў.
17:20 Скрыган: «Будзе вельмі жахліва, калі потым высьветліцца, што пакаралі ня тых людзей»
Намесьніца старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Алена Скрыган: «Гэта небывалы для Беларусі выпадак. Але ў той жа час ёсьць шмат думак пра тое, ці сапраўды гэта тыя людзі, якія гэта ўчынілі? Калі чытаеш камэнтары спэцыялістаў, то закрадаецца думка — а ці тыя гэта людзі? Магчыма, тут не да канца ўсё дасьледавана. І сёньняшняе пакараньне будзе выключаць нейкія дзеяньні, якія ліквідавалі б памылку. Будзе вельмі жахліва, калі потым, праз колькі гадоў, высьветліцца, што пакралі ня тых людзей».
16:55 Эўрапейская грамадзянская супольнасьць не пагаджаецца са сьмяротнымі выракамі.
Для краінаў, якія зьяўляюцца сябрамі Радыё Эўропы, сьмяротнае пакараньне сёньня — гэта нешта недапушчальнае, заявіў Інтэрфаксу ў сераду ў Брусэлі сябра Эўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту Анры Малос.
«Вядома, гэта справа беларускага суду, але грамадзянская супольнасьць Эўропы ня можа вітаць вынесены ў Мінску вырак», — заявіў Малос.
«Для мяне важна яшчэ і тое, што гэта злачынства, на мой погляд, не было да канца расьсьледаванае. Чаму быў зьдзейсьнены тэракт у менскім мэтро? Чаго на самай справе хацелі злачынцы? У якасьці доказу служыла не зусім рэзкая відэавыява. Мне здаецца, што ўсяму гэтаму дадзены занадта простыя тлумачэньні. Хада і празрыстасьць гэтага расьсьледаваньня выклікаюць пытаньні», — дадаў ён.
«Прысуд уяўляецца вельмі хуткім... у гэтай дзіўнай гісторыі застаюцца няясныя моманты.... гэта былі „ідэальныя абвінавачаныя“ для сьледства, знойдзеныя практычна выпадкова. Гэта ўсе выклікае зьдзіўленьне», — сказаў Малос.
16:44 Пеціна: «Я адназначна супраць сьмяротнага пакараньня»
Сустаршыня грамадзкай арганізацыі «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» Людміла Пеціна выказваецца наконт прысуду: «На мой погляд, гэты працэс выглядае сумнеўна. І калі гэты вырак зьдзейсьніць, то ў хлопцаў ня будзе ніякіх шанцаў на далейшае разьбіральніцтва. Таму і да гэтага выраку і наагул да сьмяротных пакараньняў я стаўлюся адмоўна».
16:30 Інтэрфакс перадае, што вырак суду многія з прысутных у залі сустрэлі словамі «Ганьба!». Зь нейкіх прычынаў Канавалава на некалькі хвілінаў пазьней вывелі з клеткі, якая знаходзіцца ў залі. Многія прысутныя зьвярталіся да яго: «Дзіма, ну скажы ты хоць слова, ты ж бачыш, да чаго прывяло тваё маўчаньне». Многія жанчыны плакалі.
16:25 Грыб: «Я меў магчымасьць упэўніцца ў тым, што бываюць судовыя памылкі»
Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб камэнтуе сьмяротны вырак: «Я катэгарычна супраць сьмяротнага пакараньня ў нашай краіне. Я як чалавек, грамадзянін, юрыст першым падпісаў ліст пад зваротамі пра ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне. І я зрабіў гэта асэнсавана, паколькі меў на сваім практычным досьведзе магчымасьць упэўніцца ў тым, што бываюць судовыя памылкі, калі чалавека зусім не вінаватага прысуджаюць да расстрэлу. І па-другое, я як чалавек ужо ва ўзросьце лічу: ніхто ня мае права пазбаўляць жыцьця чалавека, нават дзяржава. Не дзяржава давала жыцьцё чалавеку і не яна павінна яго пазбаўляць, нават калі гэты чалавек вялікі злачынца».
16:19 Сям’я Кавалёва плянуе падаваць прашэньне пра памілваньне, перадае Інтэрфакс.
16:10 У Грамадскай палаце РФ называюць «сярэднявеччам» сьмяротны вырак.
У Грамадскай палаце Расеі лічаць, што пажыцьцёвае зьняволеньне — больш аптымальнае пакараньне, чым сьмяротнае.
«Паведамленьне пра сьмяротны вырак ў Менску выклікае проста зьбянтэжанасьць. Калі іх віна сапраўды даказаная, то, думаю, пажыцьцёвае зьняволеньне прынесла б ім ня меней маральных пакутаў, чым проста зьнішчэньне іх як біялягічных істотаў», — заявіў «Інтэрфаксу» сябра Грамадскай палаты Расеі адвакат Анатоль Кучарэна.
«Сьмяротны прысуд у цэнтры Эўропы ў 21 стагодзьдзі — гэта нонсэнс... Гэта нейкае сярэднявечча, не хапае толькі карцінкі з эшафотам», — заўважыў адвакат.
Ён лічыць таксама недарэчным, што беларускі суд вынес прысуд у цяперашняй складанай палітычнай сітуацыі: «У Беларусі, як мы ведаем, няпростыя адносіны паміж грамадствам і дзяржавай, і таму ня варта прымаць рашэньні, якія яшчэ больш абвастраюць абстаноўку», — адзначыў Кучарэна.
16:08 Костка: «Такі жорсткі вырак яшчэ больш падрывае давер да ўлады»
Былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка камэнтуе сьмяротнае пакараньне Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, якіх вінавацяць у датычнасьці да выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ў красавіку 2011 году:
«Ня зьнятыя ўсе спрэчныя моманты і сумненьні. Такі жорсткі вырак яшчэ больш падрывае давер да ўлады, гэтым разам ужо праз судовую сыстэму. Таму што і гэты прыклад, і прыклад многіх папярэдніх судоў паказваюць, што судовая сыстэма Беларусі не абараняе чалавека, а выконвае палітычны заказ. З сыстэмы правасудзьдзя яна ператвараецца ў карны орган дыктатуры».
16:00 Паседжаньне скончылася. Людзі разыходзяцца. Некаторыя пацярпелыя кажуць, што ўхваляюць сьмяротны вырак. Знаёмыя Кавалёва і Канавалава кажуць, што трэба было упэўніцца перад тым, як выносіць такі прысуд. Маці Кавалёва Любоў нічога не сказала. Яна не плакала.
15:38 Віцебск. Cупрацоўнікі службы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі пачалі прыбіраць падвал Зьмітра Канавалава.
15:30 Выносячы пакаранне Канавалаву суд бярэ пад увагу, што ён доўгі час зьдзяйсьняў злачынствы і што ў ягонай лябараторыі было шмат рэчываў для вырабу новых бомб. Суд прыходзіць да высновы, што Кавалёў і Канавалаў уяўляюць выключную небьясьпеку для грамадзтва і таму да іх трэба ўжыць вышэйшую меру пакаранья.
Заля загула.
15:27 Суд прыгавараў Кавалёва і Канавалава да сьмяротнага пакараньня.
15:25 Судзьдзя прыводзіць заключэньні псыхалягічнай экспэртызы падсудных, якая сьведчыць аб тым, што яны адказваюць за свае ўчынкі.
15:23 Суд прызнаў Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэракце 11 красавіка
15:20 Судзьдзя выключыў з абвінавачваньня Кавалёва, тое, што ён нібыта купляў выбуховыя рэчывы для Канавалава.
Судзьдзя не прыняў да ўвагі аспрэчваньне на судзе Кавалёвым шэрагу сваіх паказаньняў падчас папярэдняга сьледзтва, таму што, маўляў, зрабіў гэта пад маральным ціскам сьледчага.
Судзьдзя заявіў, што тут ціску не было, а сьледчы выконваў свой абавязак паінфармаваць Кавалёва аб адказнасьці за саўдзел у тэракце.
Судзьдзя таксама сказаў, што не было фізычнага ціску на адрас Кавалёва за выключэньнем выкарыстаньня кайданкаў. У залі зноў абураюцца.
Судзьдзя спрабуе адну жанчыну выгнаць з залі, але тая не пайшла.
Судзьдзя зрабіў выснову аб непраўдзівасьці заяваў Кавалёва аб ціску і гвалце, ужытых супраць яго.
15:15 «Матывамі зьяўляецца дэстабілізацыя абстаноўкі і застрашэньне насельніцтва», — заявіў у выраку судзьдзя.
15:10 Судзьдзя ўстанавіў віну Кавалёва ў саўдзеле ў зьдзяйсьненьні тэракту, у тым, што ён яму дапамагаў.
15:07 Суд лічыць даказанай віну Канавалава ў вырабе выбуховых прыладаў у Менску ў 2008 годзе.
15:05 Судзьдзя робіць выснову, што зафіксаваная на стужках відэазапісу асоба мае партрэтнае падабенства з Канавалавым. Прыкметаў унутрыкадравага мантажу няма, — на апошнюю фразу частка залі нэгатыўна загула: «Няпраўда!».
«Слухайце!» — сказаў ім судзьдзя. Далей ён паведаміў, што ў іншых відэазапісах зафіксаваны ўнутрыкадравы мантаж. Людзі зноў абураюцца.
Судзьдзя загадаў выдаліць з залы ўсіх, хто размаўляе. Людзі сьцішыліся. Дзеяньні Канавалава кваліфікаваныя як тэрарыстычны акт.
15:00 Частка людзей стамілася і села. Судзьдзя робіць заўвагу перш за ўсё маладым: «Гэта непавага да суду і асоб пажылога ўзросту, якія стаяць».
14:20 Працэс адноўлены. Пасьля перапынку судзьдзя зачытвае частку выраку, прысьвечаную выбуху ў мэтро 11 красавіка. Спачатку зачытваюцца прызнаўчыя паказаньні Канавалава на папярэднім сьледзтве, пра тое як ён прывёз выбуховае прыстасаваньне, як знайшлі разам з Кавалёвым кватэру, як выбіраў, дзе падкласьці торбу з выбухоўкай у мэтро, як на наступны дзень паехаў на станцыю Кастрычніцкая і ажыцьцявіў выбух. Кавалёў ведаў пра гэта і не спыніў, заявіў у выраку судзьдзя.
Далей пералічаныя паказаньні Кавалёва, сьведак, якія пацьвярджаюць вінаватасьць Канавалава.
Паказаньні сьведкі Пачыцкай, якая была ў адной кампаніі з Кавалёвым і Канавалавым, пацьвярджаюць віну абодвух. Чорны колер сумкі адзін сьведка ўспрымаў як шэры, другі як сіні.
14:10 Група людзей, якія прыехалі зь Віцебску, сустрэла адвакатаў, якія прыйшлі на свае месцы пасьля перапынку, воплескамі.
13:15. У працэсе абвешчаны перапынак на гадзіну.
12:45 Тэрарыстычны акт у ноч на 4 ліпеня 2008 году. Суд вырашыў, што Канавалаў вырабіў і даставіў у Менск два выбуховыя прыстасаваньні, пасяліўся на вуліцы Заслаўскай. Спачатку прынёс у натоўп адно зь іх, але яно не спрацавала, тады ён схадзіў па другое. Суд пералічвае пацярпелых і цытуе іх паказаньні. На пакеце ад соку «Садочок» знойдзеныя адбіткі пальцаў Канавалава. Суд прызнаў віну Кавалёва ў неданясеньні аб падрыхтоўцы Канавалавым выбуху ў Менску.
12.20 Суд устанавіў, што экспэрымэнтальныя выбухі ў лесе і на палігоне Канавалаў праводзіў з 2004 году. Здымкі выбухаў і іх вынікаў знойдзеныя на флэш-картах памяці, забраных у Канавалава. На адным са здымкаў зафіксаваныя пальцы Канавалава. Апошні запіс датаваны студзенем 2011 году. У падвале ў Канавалава знайшлі салетру, алюмініевую пудру, трыперакіс ацэтону і іншыя рэчывы, а таксама элемэнты самаробных прыстасаваньняў, дэтанатараў, прыдатныя для ажыцьцяўленьня выбуху. Канфіскаваны ў падвале Канавалава дэтанатар ідэнтычны дэтанатару, які быў знойдзены ў прыстасаваньні, якое ня выбухнула 4 ліпеня 2008 году ў Менску. Суд лічыць даказанай віну Канавалава ў набыцьці і вырабе выбуховых рэчываў.
12:15 Суд апраўдаў Канавалава па абвінавачаньні ў падпале кіёска ў Віцебску ў 2004 годзе.
12:10 Па эпізодах з расьцяжкамі ў Віцебску ў 2003 годзе суд таксама прызнаў вінаватым Канавалава. Абвінавачаньне — «злоснае хуліганства». Па гэтых выпадках суд выдаліў кваліфікацыю «незаконныя дзеяньні па вырабе выбуховых прыстасаваньняў».
12:00 Суд лічыць даказанай віну Канавалава ў падпале мікрааўтобуса ў Віцебску, але выключае выкарыстаньне ім зброі. Матыў дзеяньняў — хуліганскі.
12:25 Па выбухах у Віцебску ў верасьні 2005 году суд таксама прызнаў вінаватым Канавалава. Суд агучыў, якія пашкоджаньні мелі пацярпелыя і якія былі прычыненыя фінансавыя страты. Выбухі былі ідэнтычнымі паводле вырабленых прыстасаваньняў. Прыпой з прыстасаваньняў ідэнтычны таму, які быў знойдзены ў падвале ў Канавалава. Суд крытычна ацаніў паказаньні Кавалёва ў судзе, калі ён адмовіўся ад ранейшых паказаньняў супраць Канавалава, і ўзяў пад увагу ягоныя заявы на папярэднім сьледзтве.
11:30 Суд устанавіў, што Канавалаў ажыцьцявіў акт тэрарызму 11 красавіка 2011 году ў Менску, здабыўшы выбуховае прыстасаваньне ў Віцебску. Кавалёў разам з Канавалавым даставіў выбуховае прыстасаваньне на найманую кватэру і ажыцьцяўляў пасобніцтва Канавалаву ў прывядзеньні прыстасаваньня ў баявы стан. Канавалаў прызнаны вінаватым у тым, што прывёз прыстасаваньне ў мэтро і зьдзейсьніў выбух. Судзьдзя называе прозьвішчы ўсіх 15 загінулых і каля 200 параненых.
11:25 Канавалаў прызнаны вінаватым таксама ў ажыцьцяўленьні выбуху на Дзень рэспублікі 4 ліпеня 2008 года ў Менску. Кавалёў і па гэтым эпізодзе прызнаны вінаватым у неданясеньні.
11:20 Судзьдзя зазначыў, што Кавалёў дакладна ведаў пра гэтыя дзеяньні Канавалава і не паведаміў пра іх кампэтэнтным органам.
11:10 Спачатку суд устанавіў віцебскія эпізоды — абвінавачаныя зьдзейсьнілі выбухі ў пад’ездах жылых дамоў, разьбілі шыбы дзіцячай бібліятэкі, усталёўвалі расьцяжкі на сьцежках, падпальвалі кіёск. Канавалаў набываў траціл і захоўваў яго. Канавалаў ня меней за 10 разоў вырабляў выбуховыя прыстасаваньні з трыперакісу ацэтону, а таксама іншых рэчываў і выпрабоўваў іх у лесапасадцы.
11:09 Пацярпелыя папрасілі суд абвясьціць вырак цалкам, перадае БЕЛТА. «Поўны тэкст прысуду складае 114 старонак. Прыкладны час абвяшчэньня — 4–5 гадзін», — сказаў судзьдзя Аляксандар Федарцоў і пачаў зачытваць прысуд.
11:00 Паседжаньне пачалося. Журналістаў з фота- і відэкамэрамі ў залю не пусьцілі.
10:55. Апошнімі ў залю завялі абвінавачаных — прыгнутымі тварамі ўніз. Іх ахоўвае 20 міліцыянтаў — 6 на сцэне і 14 пад сцэнай. На твары Канавалава ніякіх эмоцый, Кавалёў разгублены, углядаецца ў залю, шукае кагосьці. Заля напалову поўная. Мабільная сувязь у залі адключаная. Адвакаты вядуць перамовы з падсуднымі.
10:10 Маці Ўладзіслава Кавалёва Любоў, стоячы на прыступках суду, сказала, што яна хоча, каб зачыталі ўвесь вырак. Маўляў, тады людзі змогуць пабачыць, ці ёсьць нейкія доказы вінаватасьці падазраваных.
10:00 Ля ўваходу ў судовую залю — шмат журналістаў, прыкладна тры дзясяткі відэкамэраў. Журналістаў у залю пакуль не пускаюць. Ля судовай залі пачалі глушыць мабільную сувязь. У часе ўсяго працэсу мабільная сувязь у судзе не працавала.
Намесьнік Генэральнага пракурора Аляксей Стук папрасіў пакараць Кавалёва і Канавалава сьмерцю. Стук палічыў абвінавачаных «выключна небясьпечнымі для грамадзтва і дзяржавы». Прадстаўнік абвінавачваньня заявіў, што іхняя віна даказаная.
Адвакаты заявілі, што сьледзтва не прадставіла доказаў вінаватасьці падабаронных.
На судзе Ўладзіслаў Кавалёў не прызнаў сваю віну, заявіўшы, што яго паказаньні падчас сьледзтва былі дадзеныя пад ціскам.
Дзьмітры Канавалаў адмовіўся ад паказаньняў у судзе, а таксама ад апошняга слова. Раней ён толькі заявіў, што прызнае сваю віну за выбухі у ліпені 2008 году ў Менску на Дзень Рэспублікі і ў мэтро. Аднак ён не пагадзіўся, што мае дачыненьне да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе.
Агулам каля 50 тысяч карыстальнікаў інтэрнэту выказаліся за тое, каб не караць сьмерцю падазраваных у выбухах. Пэтыцыі можна было падпісаць тут і тут.
Любоў Кавалёва, маці Ўладзіслава, заклікала Аляксандра Лукашэнку не караць падазраваных сьмерцю.
Яна нават папрасіла, каб расстралялі яе, а ня сына.
Беларускія праваабаронцы патрабуюць не ўжываць сьмяротнае пакараньне для Канавалава і Кавалёва «ў мэтах гуманнасьці, бясьпекі і разьвіцьця грамадзтва».
Праваабаронцы лічаць: калі суд высьветліў датычнасьць Кавалёва і Канавалава да тэракту, то «ў інтарэсах грамадзкай бясьпекі неабходна захаваць жыцьці гэтых людзей, якія валодаюць каштоўнай інфармацыяй пра акалічнасьці трагедыі».
«Жыцьцё Кавалёва і Канавалава павінна быць захаванае, таму што ў будучыні ня выключана магчымасьць зьяўленьня новых зьвестак пра тэракт у менскім мэтро (...) Найважнейшым чыньнікам гэтай справы павінна стаць не пакараньне, а ўпэўненасьць грамадзтва ў тым, што выяўленыя ўсе магчымыя акалічнасьці і датычныя асобы», — гаворыцца ў заяве, агучанай 29 лістапада.
Працэс Кавалёва і Канавалава пачаўся 15 верасьня ў Доме правасудзьдзя.
Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў — асноўныя падазраваныя ў выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях.
Справа налічвае 550 тамоў.

50 тысяч людзей і праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня для Кавалёва і Канавалава

550 тамоў справы і паўтара месяца суду
Працэс Кавалёва і Канавалава пачаўся 15 верасьня ў Доме правасудзьдзя.
Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў — асноўныя падазраваныя ў выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях.
Справа налічвае 550 тамоў.
Канавалава вінавацілі ў злачынствах паводле:
- частак 1, 2, 3 артыкула 289 (тэрарызм)
- частак 2, 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
- частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
- часткі 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
- часткі 1 артыкула 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі
Кавалёва вінавацілі ў злачынствах паводле:
- часткі 6 артыкула 16 (дапамога ў злачынстве)
- часткі 3 артыкула 289 (тэрарызм)
- часткі 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
- частак 2, 3 артыкула 339 (хуліганства)
- часткі 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
- часткі 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў)
- частак 1, 2 артыкула 406 (неданясеньне аб злачынстве)