Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі маскоўскага саміту: хто ў выйгрышы?


На перамовах вышэйшага кіраўніцтва Беларусі і Расеі прыняты важныя рашэньні. Што страчвае Беларусь ад продажу «Белтрансгаза»? Ці вяртаецца Масква да энэргетычных субсыдыяў саюзьніку? У чым прычыны пацяпленьня адносін?

Удзельнікі: палітычны аналітык Аляксандар Фядута зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Кірыл Коктыш
Аляксандар Фядута
Валер Карбалевіч

Што страчвае Беларусь ад продажу «Белтрансгаза»?


Валер Карбалевіч: «Продаж беларускай газатранспартнай кампаніі „Белтрансгаз“ расейскаму „Газпрому“ — гэта найбуйнейшая прыватызацыйная зьдзелка ў гісторыі Беларусі. Як яе можна ацаніць?»

Аляксандар Фядута: «Гэтая зьдзелка — сьведчаньне таго, што беларускае кіраўніцтва прайграла ў сваім супрацьстаяньні працэсу прыватызацыі. Гэта значыць, што кіраўніцтва слаба кантралюе эканоміку. Яму нічога не застаецца, апроч распродажу «фамільнага срэбра».

Кірыл Коктыш: «Згодзен з такой думкай. „Белтрансгаз“ — адзін з 3–4 актываў, якія Беларусь можа прадаць. Насамрэч „фамільнага срэбра“ ў краіне няшмат. „Белтрансгаз“ найперш патрэбен „Газпрому“, каб забясьпечыць газам Калінінградзкую вобласьць. Па-другое, цяпер „Газпром“ будзе разьмяркоўваць газ для беларускіх суб’ектаў гаспадараньня. Гэта значыць кантроль беларускага ўраду над сваёй эканомікай будзе на парадак меншы».

Ці вяртаецца Масква да энэргетычных субсыдыяў саюзьніку?


Карбалевіч: «Абодва мае суразмоўцы кажуць, што вынікі перамоваў у Маскве сьведчаць пра слабасьць Лукашэнкі, што ён у выніку іх адступіў пад ціскам Расеі, прайграў. Але глядзіце: кошт расейскага газу для Беларусі наступным годам складзе 164 даляры за 1 тыс. куб. м. Гэта пры тым, што эўрапейская цана — каля 400 даляраў. Гэта значна менш, чым плаціць Беларусь сёлета. Дзе ж тут пройгрыш? Чым тлумачацца такія зьніжкі?

Далей, Расея выдзяляе Беларусі на будоўлю АЭС крэдыт у памеры 10 млрд даляраў. Таксама беспрэцэдэнтная падзея. Бо раней РФ гатовая была выдзеліць толькі 7 млрд даляраў. Дык зноў Беларусь атрымала дывідэнды?»

Фядута: «Не. Танны газ мы атрымліваем на пару гадоў. Гэта сьведчыць пра тое, што беларускаму кіраўніцтву абы „ноч прастаяць ды дзень пратрымацца“. За гэта і аддаецца „Белтрансгаз“. Гэта ня сьведчыць пра сілу кіраўніцтва Беларусі.
Мы можам апынуцца ў даўгавой турме як неплатаздольныя даўжнікі

Крэдыт на будоўлю АЭС падобны да кітайскіх крэдытаў. Яны зьвязаныя. У выніку мы атрымліваем вялізарны доўг. Мы можам апынуцца ў даўгавой турме як неплатаздольныя даўжнікі».

Карбалевіч: «Калі адзін чалавек пазычае другому 100 даляраў, то гэта праблема таго, хто бярэ. А калі пазыка складае 100 тыс. даляраў, то гэта ўжо праблема таго, хто дае. Ці не падаецца вам, што якраз гэткая сытуацыя складаецца з атамным крэдытам?»

Фядута: «Не. У нашым выпадку гэта праблема таго, хто бярэ. Таму што Беларусі ёсьць чым плаціць за гэты крэдыт. Кіраўніцтва Расеі вырашае праблему выбарчага піяру. Ідэі інтэграцыі папулярныя ў Расеі. І за прыгожы інтэграцыйны малюнак Масква гатовая плаціць. Але толькі да 4 красавіка, да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. А далей пойдзе размова паводле прынцыпу: мухі асобна, а катлеты асобна».

Коктыш: «Даючы гэтыя субсыдыі, Расея вырашае свае ўласныя праблемы. Крэдыт на будаўніцтва беларускай АЭС — гэта на 80% фінансаваньне расейскай атамнай прамысловасьці.

Акрамя перадвыбарчага піяру, гэта падзяка Беларусі за ўдзел у праекце Эўразійскага зьвязу. Акрамя таго, Расея не зацікаўленая ў эканамічным каляпсе Беларусі. Бо ў такім выпадку расхлёбваць давядзецца Расеі, і яе выдаткі будуць яшчэ большыя.

Што будзе пасьля 4 красавіка, ці пяройдуць саюзьнікі да рынкавых адносін? Невядома. Посткрызіснага бачаньня няма сёньня ня толькі ў Расеі, але і ў Эўразьвязу і іншых усясьветных цэнтраў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG