Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Эўразьвяз можа запрапанаваць Беларусі замест Эўразійскага саюзу?


Аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў у Варшаве Ана Марыя Дынэр у камэнтары на сайце Euobserver.com разглядае магчымасьці эўрапейскага адказу на расейскія прапановы далучэньня Беларусі да Эўразійскага саюзу.

Прапанаваны расейскім прэм’ерам новы праект эканамічнай інтэграцыі ў форме Эўразійскага саюзу на аснове Мытнага саюзу Расеі, Казахстану і Беларусі — сур’ёзны выклік Эўразьвязу.

Эўразьвяз не павінен недаацэньваць важнасьць гэтых плянаў, бо для Беларусі гэта адзіная прапанова эканамічнай інтэграцыі, якая не патрабуе ад яе ўладаў лібэралізацыі палітычнай сыстэмы. І нават болей, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка з энтузіязмам выказаўся пра гэтую расейскую ідэю і сказаў, што ягоная краіна актыўна далучыцца да фармаваньня новай структуры.

Гэта значыць, што перад Эўразьвязам паўстане сур’ёзная праблема ня толькі ў справе пошукаў новых формаў супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі, бо ні інтэграцыя з ЭЗ, ні паглыбленае супрацоўніцтва цяпер ужо не такія прывабныя, як раней, але і ў кантактах з грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі. Нягледзячы на гатовасьць беларускіх уладаў да супрацоўніцтва, ЭЗ павінен падтрымліваць эўрапейскія памкненьні грамадзянскай супольнасьці, дапамагаць разьвіцьцю гэтай супольнасьці, перадусім незалежных няўрадавых арганізацыяў і свабодных мас-мэдыяў.

У гэтым кантэксьце было б асабліва карысна фінансаваць гэтыя праекты на ўзроўні ЭЗ — як кароткатэрміновыя, гэтак і разьлічаныя на сярэднія і даўгія тэрміны. Эўразьвязу варта было б таксама зрабіць свае фінансавыя інструмэнты больш гнуткімі, што б дазваляла перамяшчаць фінансаваньне з праектаў падкантрольных уладзе на праекты ў падтрымку грамадзянскай супольнасьці.

Галоўным інструмэнтам дапамогі грамадзянскай супольнасьці Беларусі мусіў бы стаць Эўрапейскі фонд за дэмакратыю (European Endowment for Democracy, EED). Яго гнуткая і небюракратычная структура дазволіла б яму хутка рэагаваць на патрэбы беларускіх партнэраў. EED мусіў бы таксама мець магчымасьць весьці даўгатэрміновыя праекты дапамогі.

Варта таксама разгледзець ня толькі пытаньні разьвіцьця такіх установаў, як EED, але і магчымасьці падтрымкі з боку Эўразьвязу і паасобных яго краінаў малых і сярэдніх прадпрымальнікаў у суседніх з ЭЗ краінах, напрыклад, праз сыстэму прэфэрэнцыйных пазык на разьвіцьцё бізнэсу. Трэба памятаць, што гэтыя прадпрымальнікі — гэта падмурак для ўзьнікненьня сярэдняй клясы і што яны могуць мець значны ўплыў на пашырэньне праэўрапейскіх настрояў у грамадзтве.

Яшчэ адно важнае пытаньне — магчымасьць для маладых беларусаў навучацца ў ЭЗ. Утварэньне будучых элітаў, якія сфармаваліся пад узьдзеяньнем эўрапейскіх каштоўнасьцяў, дапамаглі шмат якім посткамуністычным краінам, цудоўным прыкладам чаго могуць быць краіны Балтыі.

Вартыя разгляду ў гэтым кантэксьце і праграмы стыпэндыяў для маладых беларускіх урадавых службоўцаў ніжэйшага і сярэдняга ўзроўню, каб дапамагчы ім зразумець мэханізмы кіраваньня ў дэмакратычных краінах і такім чынам паўплываць на функцыянаваньне ўлады ў будучай беларускай дзяржаве.

У сувязі з гэтым Эўразьвяз павінен вызначыць канкрэтныя рамкі супрацоўніцтва, якія б забясьпечылі надзейную падтрымку беларускіх палітычных партыяў, мас-мэдыяў і няўрадавых арганізацыяў. Гэта асабліва важна, бо беларускія ўлады плянуюць узмоцніць пакараньні за атрыманьне, захаваньне і перадачу незарэгістраванай замежнай дапамогі з 15 дзён да трох гадоў турмы. Да таго ж, беларускі рэжым хоча значна павялічыць паўнамоцтвы супрацоўнікаў КДБ, якія пры выкананьні сваіх абавязкаў будуць вызваленыя ад любой юрыдычнай адказнасьці.

Улічваючы ўсё больш цяжкія ўмовы дзейнасьці, беларускія апазыцыйныя партыі патрабуюць дапамогі ў парлямэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ўвосень 2012 году. Перадусім яны разьлічваюць на дапамогу ў стварэньні антыкрызысных эканамічных праграмаў для Беларусі, на падтрымку ў правядзеньні кампаніі (напрыклад, на артыкулы ў незалежнай прэсе, на агітацыйныя матэрыялы), і на дапамогу ў падрыхтоўцы маладых апазыцыянэраў у якасьці назіральнікаў падчас выбараў.

Калі Эўразьвяз пойдзе на гэткія крокі, гэта будзе выразным сыгналам для беларускага грамадзтва, што існуе эўрапейская альтэрнатыва расейскім інтэграцыйным праектам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG