Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белтрансгаз могуць прадаць 25 лістапада


Кантракт на пастаўку прыроднага газу ад 2012 году і дамова куплі-продажу 50% "Белтрансгазу" будуць падпісаныя 25 лістапада, заявіў намесьнік старшыні праўленьня "Газпрому" Валеры Голубеў.

"Гаворка ідзе пра падрыхтоўку двух міжурадавых пагадненьняў, якія, мяркуецца, будуць падпісваць прэм'еры нашых дзяржаў. Гаворка ідзе пра пагадненьне, зьвязанае з купляй 50% дадатковых — па сутнасьці, усіх 100% — беларускага прадпрыемства "Белтрансгаз" і пагадненьне аб прынцыпах абгрунтаваньня цаны на газ і на тарыфы транзыту", заявіў Голубеў.

"І адначасова будзем падпісваць ужо кантракты на пастаўку газу і на транзыт газу праз тэрыторыю Беларусі. Гэтыя кантракты заканчваюцца якраз у 2011 годзе. Дакумэнты практычна ўсе гатовыя", — дадаў прадстаўнік Газпрому, перадае Інтэрфакс.

Умовы газавага кантракту на 2012—2014 гады былі ўвязаныя з вызначэньнем парамэтраў набыцьця "Газпромам" 50% акцыяў "Белтрансгазу".

У 2011 годзе ў Беларусі завяршаецца дзеяньне чатырохгадовага кантракту з "Газпромам" на пастаўку газу. З 2008 году цана газу для Беларусі вызначаецца паводле формулы, аналягічнай формуле для паставак расейскага газу ў Эўропу.

У 2008—2010 гадах да гэтай цаны ўжываўся паніжальны каэфіцыент, з 2011 году Беларусь плаціць роўнадаходную з эўрапейскай цану за вылікам экспартнага мыта і транспартных выдаткаў.

Старшыня ураду Расеі Ўладзімір Пуцін у жніўні 2011-га даручыў Міністэрству энэргетыкі Расеі і "Газпрому" вызначыць велічыню паніжальнага "інтэграцыйнага" каэфіцыенту цаны на газ для Беларусі з 2012 году.

У 2011 годзе сярэдняя цана для Беларусі, паводле ацэнкі ўраду, складзе $270 за тысячу кубамэтраў.

"Газпром" ужо валодае 50% акцый "Белтрансгазу", купіўшы іх за 2,5 мільярда даляраў паэтапна роўнымі долямі на працягу 2007—2010 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG