Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгул дэмакратыі: пудзіла прэзыдэнта Януковіча «ўпрыгожвае» Храшчацік


Ля будынку Пячорскага суду ў Кіеве больш за месяц стаіць намётавы лягер прыхільнікаў былой кіраўніцы ўкраінскага ўраду Юліі Цімашэнкі, абвінавачванай у падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй нібыта на нявыгадных для Ўкраіны ўмовах і асуджанай да 7 гадоў зьняволеньня.

Мястэчка мае ўсю неабходную для жыцьця інфраструктуру, а яго жыхары ахвотна паказваюць гасьцям экспанаты імправізаванага музэю народнай творчасьці, галоўны зь якіх — пудзіла прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Па-над паўсотняй намётаў, расстаўленых на ходніках знакамітага кіеўскага Храшчаціку, пануе атмасфэра адзінства. Нават міліцыянты ў бронекамізэльках падаюцца адасоблена-дабрадушнымі: патрулюючы тэрыторыю, п’юць каву з плястыкавых кубачкаў, вядуць нясьпешныя размовы з апанэнтамі цяперашніх уладаў. Дарэчы, прадпрымальныя гандляры наладзілі ў лягеры бойкі гандаль зь перасоўных фургончыкаў гарачым напоямі, піражкамі, бутэрбродамі.

Намётавы лягер прыхільнікаў Цімашэнкі.
Намётавы лягер прыхільнікаў Цімашэнкі.


Аж да майдана Незалежнасьці праз узмацняльнікі разносяцца запісы рок-гуртоў часоў памаранчавай рэвалюцыі, зь вялізнага плязмавага экрану трансьлююцца ранейшыя прамовы Юліі Цімашэнкі і яе паплечнікаў з партыі «Бацькіўшчына». Практычна ля кожнага намёту — наглядная агітацыя ў падтрымку асуджанай «памаранчавай лэдзі» і дыскрэдытацыя на мяжы фолу дзейнага кіраўніцтва краіны. На адным з плякатаў засьвяціўся і Аляксандар Лукашэнка — у кампаніі з прэзыдэнтамі Украіны, Расеі і Казахстану пад лёзунгам «Back in the USSR».

Лягерная» тэрыторыя аздобленая сатырычным самвыдатам.
Лягерная» тэрыторыя аздобленая сатырычным самвыдатам.


Самі апазыцыянэры настроеныя стаяць доўга — прынамсі да таго часу, пакуль на волі не апынецца іх лідэр:

«Да поўнай і канчатковай перамогі. Пакуль ня возьмем уладу ў свае рукі. Улада ва Ўкраіне павінна быць народнай, па-сапраўднаму народнай, а не крымінальнай, як гэта ёсьць зараз. Таму што ва ўладзе цяпер крымінал. Такая ж сытуацыя, як і ў Беларусі, нічым ня лепшая, а можа нават і горшая. Таму мы лічым, што ў гэты няпросты час беларусы і ўкраінцы павінны разам адстойваць сваю свабоду, незалежнасьць, дэмакратыю».

Карэспандэнт: «Але ў Беларусі немагчыма нават уявіць такое намётавае мястэчка ў цэнтры сталіцы, тым больш з пудзілам прэзыдэнта пасярэдзіне».

«Так, у гэтым пляне ў нас крыху лепш, свабода слова ёсьць, але няма свабоды сапраўднай. Гаварыць можна шмат пра што, але ня мець нічога. А калі трэба, то запрашайце нас, мы і вашу свабоду дапаможам адстаяць».

Паказальна, што нямётавае мястэчка аб’яднала раней непрымірымых ідэалягічных праціўнікаў з Захаду і Ўсходу Ўкраіны.

Рэдкае месца, дзе салідарныя і заходнікі, і ўсходнікі.
Рэдкае месца, дзе салідарныя і заходнікі, і ўсходнікі.


Намёты з Данецку, Днепрапятроўску ды іншых «радзянскіх» па сваім духу гарадоў ці не найбольш абвешаныя зьдзеклівымі плякатамі на адрас Віктара Януковіча і заклікамі ў падтрымку Юліі Цімашэнкі:

«Мы тут да перамогі, адназначна. Пакуль Юлія Ўладзімераўна ня выйдзе і ня стане нашым прэзыдэнтам. Але галоўная наша мэта — гэта пазытыўныя зьмены ў жыцьці людзей. Каб жыцьцёвы ўзровень і эканамічны стан паляпшаліся, а ня так, як адбываецца зараз: наша ўлада набівае сабе кішэні, а на народ плюе. Звычайныя людзі зараз нікому не патрэбныя. А нядобрыя людзі, якія дарваліся да ўлады, паводзяць сябе зусім ня годна — рабуюць шараговага грамадзяніна Ўкраіны, працаўніка, і злоўжываюць сваім становішчам. Ва ўладзе ў нас самыя сапраўдныя бандыты, пачынаючы ад прэзыдэнта і заканчваючы апошнім дэпутатам. Дарэчы, з тых 450 дэпутатаў можна было б пакінуць палову і толку было б нашмат больш».

Маральныя паплечнікі зьняволенай «памаранчавай лэдзі».
Маральныя паплечнікі зьняволенай «памаранчавай лэдзі».


11 кастрычніка Пячорскі раённы суд Кіева асудзіў Юлію Цімашэнку да 7 гадоў зьняволеньня за перавышэньне службовых паўнамоцтваў пры заключэньні кантрактаў з кіраўніцтвам Расеі на пастаўку прыроднага газу ў 2009 годзе. Паплечнікі Цімашэнкі падобныя абвінавачаньні называюць сьмеху вартымі, адсылаючы да папулярнага выразу «чыя б карова мычала».

«Я хачу сказаць словамі Юліі Ўладзімераўны: у нас прэзыдэнта няма, таму што чалавек, які чатыры разы быў судзімы, ня мае права займаць такую высокую пасаду прэзыдэнта. Акрамя таго, калі ён даў клятву нашаму народу, то калі мы да яго прыходзім, ён павінен да нас выйсьці і не баяцца. Бо ў нашых руках няма ні зброі, ні іншай пагрозы. Але калі чалавек кладзе руку на Біблію і абяцае — так, я за народ, так, я буду зь ім, і аказваецца, што гэта ўсё хлусьня, то з кім размаўляць? Дзе вы яшчэ ў сьвеце бачылі, каб пахан, які сядзеў, стаў на чале краіны камандуючым ды нічога ня робіць разам са сваёй камандай?».

Галоўная гераіня Крашчаціка — пакутніца Юлія Цімашэнка.
Галоўная гераіня Крашчаціка — пакутніца Юлія Цімашэнка.


Калі спроба разьбіць намёты на Кастрычніцкай плошчы Менску ўвесну 2006 году ўжо на пяты дзень скончылася брутальным разгонам і арыштам абаронцаў «выспы свабоды», то жыльцы гарадку на кіеўскім Храшчаціку пакуль што маюць магчымасьць публічна выказваць свае прэтэнзіі ўладам. Беларусам жа адрасуюць словы салідарнасьці і падтрымкі:

«Беларускаму народу шчырае сяброўскае прывітаньне ад Украіны. Мы калі бачылі, як падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў абыходзілася міліцыя зь мірнымі людзьмі, як іх хапалі, білі, то не было мяжы абурэньню. І вось дакладна тое ж самае мы цяпер бачылі 11 кастрычніка, калі быў суд над Юліяй Уладзімераўнай. Паўтарыўся той жа сцэнар, як і ў вас. Так што будзем падтрымліваць адзін аднаго, бо мы насамрэч ёсьць эўрапейцамі — беларусы, украінцы».

Намётавае мястэчка на кіеўскім Крашчаціку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:11 0:00
Наўпроставы лінк


Днямі ў намётавым гарадку ля сьценаў Пячорскага суду партыя «Ўсеўкраінскае аб’яднаньне „Бацькіўшчына“» адкрыла «Цэнтар навучаньня агітатараў акцый пратэсту». Пратэстоўцаў перадусім рыхтуюць адэкватна рэагаваць на магчымыя перашкоды і правакацыі з боку ўладаў і міліцыі. Грамадзяне, якія пасьпяхова прайшлі адпаведныя курсы, здаюць іспыты і лічацца падрыхтаванымі агітатарамі — іншымі словамі, могуць навучаць элемэнтарным ведам іншых праціўнікаў цяперашняга палітычнага ладу ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG