Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія міліцыянты зьбягаюць на расейскія будоўлі


Сёньня ў Беларусі ў паўтара разу вырасла абанэнцкая плата за тэлефон, раней падаражэлі электрычнасьць і цяпло, праезд у грамадзкім транспарце, бэнзін, харчовыя тавары. Паводле Белстату, з пачатку года інфляцыя ў Беларусі перасягнула 100 працэнтаў. Як беларусы выжываюць у такіх умовах?

Магілёўшчына


Ад голаду ратуюць козы

У райцэнтры Чэрыкаў Магілёўскай вобласьці нямала сем’яў трымае козы. Гэтая непатрабавальная жывёла не вымагае ад гаспадароў значных высілкаў, каб іх даглядаць, а вось карысьць адчувальная.

«Мы не набываем малочныя прадукты наагул. Мы маем і малако, і сьмятану, і тварог, і сыраквашу. Іншым разам я яшчэ прадаю малако. Мы забілі козачку — у нас цэлы год са сваім мясам. Для дваіх гэтага цалкам дастаткова. Наагул корму ёй ня дужа шмат патрэбна. Ну, а калі яшчэ нехта трымае курэй, то гэта наагул выдатна», — зазначае жыхарка райцэнтру Ніна Канстанцінаўна.

Трымаць каровы стала бізнэсам

Карміцелькамі ў вёсках у няпросты цяперашні час застаюцца й каровы. Трымаюць іх і ў старажытным Мсьціславе. Даглядаць цяжка, але й карысьць ёсьць — дапамагаем сабе й дзецям, кажа жыхарка райцэнтру Валянціна Пятроўна:

«Ну, мы яшчэ адну пэнсію зарабляем. Вось у мінулую нядзелю пайшлі на базар ды троху прыпазьніліся, дык ужо людзі крычалі — „Ідзе! Ідзе!“. Чакалі так нас. І нас ужо, такіх бізнэсоўцаў, засталіся лічаныя адзінкі».

Колькасьць тых, хто жыве з каровінага малака, менее, кажа Валянціна Пятроўна. Дзесяць гадоў таму статак у Мсьціславе быў сто дваццаць галоў, цяпер — дванаццаць. Да вясны застанецца яшчэ меней:

«Калі іх застанецца галоў пяць, то астатнія прададуць. Давядзецца й нам прадаваць. І бізнэсу нашаму канец. Так жа сама й на вёсках. Панаўзводзілі аграгарадкоў. А дзе гаспадар гэтую скаціну паставіць? Пабудаваць самому — дык гэта ж не яго дом, што яму далі. Таму і выходзіць, што гэты бізнэс занепадае».

Гарадзеншчына


«Дзеці радуюцца, калі я вяртаюся з Польшчы…»

На Гарадзеншчыне многія выжываюць дзякуючы блізкай мяжы з Польшчай.

Апошнія месяцы на памежных пераходах з Польшчай ізноў зьявіліся вялікія чэргі. Паболела тых, хто імкнецца перавезьці празь мяжу і прадаць у Польшчы паліва і цыгарэты, каб вярнуцца назад з таварам і далярамі.

Мой суразмоўца, спадар Пётра, мае чатырох дзяцей, працаваў у Беларусі на дзяржаўным прадпрыемстве, але шкадуе, што не пакінуў тую працу раней, каб езьдзіць у Польшчу. Ён кажа, што ў цяперашніх умовах гэта адзіны рэальны паратунак для яго і ягонай сям’і.

Спадар: «Змушаны быў пакінуць працу, бо мала зарабляў. Маю дзяцей, іх трэба карміць і апранаць, але як гэта было рабіць за тыя 700 тысяч?»

Новую працу яму дапамаглі знайсьці суседзі — зьезьдзіў зь імі адзін раз, другі і зразумеў, што трэба таксама звальняцца з працы. Праўда, кожны раз, правозячы недазволеную колькасьць цыгарэтаў, на мяжы, зь яго слоў, адчуваеш сябе ня вельмі камфортна.

Нават хлеб прывожу з Польшчы!
Спадар: «Я прывязу і грошай, бо валюту свабодна можна набыць па нармальных коштах. Нават хлеб, малако бяру, бо ў два разы таньнейшае, мяса ў два-тры разы таньнейшае, садавіна, гародніна — капейкі каштуюць. Радуецца душа, як дахаты еду, і дзеці радуюцца. Я іх і адзеў, і абуў, і ў школу сабраў, бо тут немагчыма было гэтага зрабіць».

Карэспандэнт: «Але якімі высілкамі даецца гэты дабрабыт?»

Спадар: «Вельмі цяжка гэта, трэба па 8-9 гадзінаў прастаяць у чарзе на мяжы. Але, хоць, можа, я і перабольшваю, там амаль палова Горадні стаіць. Даводзіцца шукаць заробку на Захадзе, бо ў нас тут ніяк не заробіш».

Берасьцейшчына


Многія жыхары Берасьцейшчыны ў крызіс шукаюць працу за мяжой. Пераважна — гэта будоўлі Расеі, дзе магчыма за месяц зарабіць столькі, колькі на радзіме амаль за паўгода.

Калі будаўнік на Берасьцейшчыне можа атрымаць каля двух мільёнаў рублёў за месяц, то ў Расеі яго заробак будзе каля тысячы даляраў. Таму ў крызіс будаўнічыя спэцыяльнасьці даводзіцца асвойваць і прадстаўнікам іншых прафэсіяў.

Як распавёў Віктар Чайкоўскі зь Берасьця, з аднаго з райцэнтраў, Лунінца, на расейскія будоўлі пачалі зьяжджаць нават міліцыянты:

«Вось нядаўна знаёмы міліцыянт расказаў, што з Лунінца адзін міліцыянт паехаў у Расею, патэлефанаваў сваякам і кажа: „Занясіце за мяне заяву, я за такі заробак працаваць ня буду і застануся ў Расеі на будоўлі працаваць“. І на працягу тыдня ці некалькіх тыдняў 5 участковых міліцыянтаў звольніліся. І нават камісія прыяжджала зь Менску…»

Былы міліцыянт з Івацэвічаў Станіслаў Халадовіч кажа, што дэвальвацыя моцна паўплывала і на заробкі ў міліцыі:

«1 мільён 800 тысяч цяпер заробак участковага. Ну, які старшы ўчастковы ў званьні маёра, можа, і два мільёны рублёў атрымае. А па-другое, народ дрэнна ставіцца цяпер да міліцыі. Міліцыя надта з адмоўнага боку сябе праявіла ў апошні час…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG