Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэрбоўка ў КДБ: Адзін душыў, другі біў нагамі


У аўторак у Беларускім доме ў Варшаве адбылася прэсавая канфэрэнцыя сеткавых актывістаў, дзе яны расказалі пра тое, як іх вэрбаваў беларускі КДБ.

У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел адміністратар суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" Вячаслаў Дзіянаў, ягоны паплечнік Уладзімер Кумец, адміністратар суполкі "Мы - за вялікую Беларусь" Сяржук Паўлюкевіч ды Максім Чарняўскі, які быў адміністратарам суполкі "Надакучыў нам гэты Лукашэнка" у сацыяльнай сетцы Вконтакте.

Прэсавая канфэрэнцыя выклікала розгалас у сродках масавай інфармацыі - у памяшканьне Беларускага дому ў Варшаве прыйшлі прадстаўнікі каля 15 рэдакцыяў, нягледзячы на тое, што сёньня ў палітычным жыцьці самой Польшчы істотны дзень - пачаў працу новы парлямэнт, а прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі даручыў Дональду Туску, лідэру партыі Грамадзянская плятформа, якая паўторна выйграла выбары, функцыю стварэньня новага ўраду.

Прысутныя акрамя Дзіянава паўтарылі, што іх у Беларусі вэрбаваў КДБ. Нагадаю, што сп. Чарняўскі выклаў здымкі супрацоўніка спэцслужбы "Дзімы", а таксама аўдыёзапіс размовы. Чарняўскаму загадалі ўставіць у кампутар Дзіянава ды іншых актывістаў сацыяльных сетак адмысловыя вірусы. Гаворка ішла пра тое, што КДБ РБ цікавіўся перадусім супрацоўніцтвам гэтых адміністратараў з польскімі фондамі і афіцыйнымі структурамі.

Новай можна назваць інфармацыю, якую падаў Уладзімер Кумец. Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі КДБ хацелі, каб ён вывез В.Дзіянава ва Ўкраіну.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі ня маюць намеру вяртацца ў Беларусь. Сам В.Дзіянаў у сваю чаргу сказаў, што цяпер гуртуе вакол сябе новую каманду і масавых мерапрыемстваў праз сацыяльныя сеткі ладзіць пакуль не плянуе.

Між тым, цікава, што напярэдадні ў часопісе Newsweek Polska зьявіўся артыкул "Пастка на апазыцыю", у якім сярод іншага таксама падрабязна распавядалася пра масавую вэрбоўку прадстаўнікоў беларускай апазыцыі спэцслужбамі ў Беларусі. Паводле аўтараў, апагей вэрбоўкі прыйшоўся на пасьлявыбарчы пэрыяд, калі былі затрыманыя сотні актывістаў, а цяпер мы маем дачыненьне з наступствамі таго працэсу, калі пра выпадкі вэрбоўкі даведваецца грамадзкасьць.



Падрабязнасьці прэсавай канфэрэнцыі падае Gazeta wyborcza:

Сяржук Паўлюкевіч неаднаразова адхіляў прапановы аб супрацоўніцтве. Кадэбісты ўрэшце перасталі ветліва запрашаць яго на сустрэчы і замест гэтага схапілі яго проста на вуліцы:

«Яны кінулі мяне тварам да падлогі. Адзін сеў мне на плечы і надзеў мне на галаву плястыкавы пакет. Ён заціскаў яго і адцягваў галаву назад так далёка, што шыя амаль трашчала. Другі тым часам біў нагамі. Калі задыхаесься, як рыба, выцягнутая з вады, дык ужо не разважаеш пра маральнасьць. Адчуваеш, што паміраеш, і адзінае, чаго ты хочаш – каб яны перасталі. І калі яны ўрэшце даюць табе ўздыхнуць, ты хапаеш ротам паветра і чым найхутчэй, пакуль пакет зноў не зацісьнецца, спрабуеш вымавіць толькі: «Так, згаджаюся. Падпішу. Што яшчэ трэба зрабіць?»

«Так, ты падпісваеш і згаджаесься на ўсё, - кажа Максім Чарняўскі. - Раптам усё робіцца міла і прыемна. «Ці нельга было адразу так зрабіць?», пытаюцца яны. Ты ўсьміхаесься і ківаеш галавой. У цябе цяпер новыя сябры. Старых трэба прадаць».

Дзіянаў меўся каштаваць Максіму цану фотаапарата. Максім – журналіст, робіць здымкі і марыў аб прафэсійным апараце. Яны паабяцалі, што ён яго атрымае. Узамен ён меўся пад любой зачэпкай вывезьці Дзіянава ва Ўкраіну. Таму што ў Польшчы КДБ ня мае да яго непасрэднага доступу. Ва Ўкраіне і ў Расеі спэцслужбы РБ маюць значна большую свабоду.

Сярод іншых заданьняў, якія даручаліся новым агентам, было і асьцярожнае назіраньне за польскімі дзеяньнямі на беларускім полі. Ад іх патрабавалі перадаваць інфармацыю пра ўсе падзеі ў Польшчы, якія датычаць Беларусі.

«Асабліва цікавіліся яны сустрэчамі ў Сэйме, – расказвае Ўладзімер Кумец. – Я меўся занатоўваць і перадаваць слова ў слова пра што гаворыцца на канфэрэнцыях. Пазьней як актыўны дзяяч апазыцыі я б таксама браў удзел у сустрэчах закрытых для прэсы».

Уладзімеру, апрача кантролю над Дзіянавым, даручалі таксама перадаваць КДБ сьпісы студэнтаў-«каліноўцаў», а таксама інфармацыю пра тое, хто з польскага боку падтрымлівае беларускую апазыцыю.

«Я думаў, што пасьля канфэрэнцыі, пасьля такога «камінг-аўту», мне нарэшце будзе спакойна, – кажа У.Кумец. – Але ў мяне трасуцца рукі. Я баюся, ці ня зьнішчыў я жыцьцё сваёй сям'і, якая засталася ў Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG