Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея ня будзе чакаць Беларусь у WTO»


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Беларусь актывізуе працэс далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі», — заявіў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. Ці сапраўды афіцыйны Менск набліжаецца да ўступленьня ў СГА, ці гэта толькі рыторыка? Ці будзе Расея абарочвацца на Беларусь у гэтым працэсе? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт у міжнародных справах Андрэй Фёдараў.

Цыганкоў: Ці можна казаць пра рэальныя крокі і намаганьні беларускага боку дзеля ўступленьня ў СГА? Пра тое, што пэўныя захады робяцца, мы чуем ужо ня першы год, але ці ёсьць нейкія канкрэтныя вынікі гэтых захадаў? Наколькі актыўна ідзе гэты працэс?

Фёдараў: Гледзячы па тых зьвестках, што маюцца, вялікай актыўнасьці не назіраецца. Іншая справа, што зараз беларускі бок вымушаны будзе сьпяшацца. Бо Расея нібыта дамовілася з апошняй дзяржавай, якая пярэчыла яе далучэньню да СГА — з Грузіяй. Грузія нібыта зьняла свае пярэчаньні, і зараз Масква заяўляе, што ўжо сёлета гатовая далучыцца да СГА.

Гэта вымусіць падштурхнуць Беларусь да хутчэйшых крокаў. Але прэтэнзіі да Менску могуць узьнікнуць у Захаду — і не з палітычнага пункту гладжаньня. А эканамічнага. Захад ня лічыць беларускую эканоміку рынкавай, якая адпавядае правілам СГА. Гэта і можа стаць галоўнай перашкодай на шляху Беларусі ў СГА.
Захад ня лічыць беларускую эканоміку рынкавай, якая адпавядае правілам СГА.

Цыганкоў: Беларускія ўлады мянялі сваю пазыцыю па праблеме далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Спачатку яны заяўлялі, што зробяць гэта разам з Расеяй у рамках так званай саюзнай дзяржавы, потым — самастойна, і ўрэшце — разам з Расеяй і Казахстанам у рамках Мытнага саюзу. Наколькі выглядае пэрспэктыўным уваход «тройкай»?

Фёдараў: На маю думку, зараз гэта зусім нерэалістычна. Расея ня будзе чакаць Беларусь, і гэта вынікае з заяваў расейскага кіраўніцтва.

Цыганкоў: Уступленьне ў СГА патрабуе зьніжэньня розных мытаў, акцызаў. Вядома, што беларуская эканоміка вельмі пратэкцыяналісцкая, дзяржава актыўна абараняе свой рынак ад імпарту. Дык ці гатовая беларуская эканоміка для ўступленьня ў СГА?

Фёдараў: У тым і справа, што цалкам не гатовая. І гэта ёсьць галоўнай перашкодай на шляху ў СГА. Гэта нават больш істотна, чым усе палітычныя прычыны і акалічнасьці.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG