Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фактары ўстойлівасьці


З пачаткам эканамічнага крызісу і на тле краху дыктатур у арабскіх краінах з новай сілай аднаўляецца дыскусія пра фактары ўстойлівасьці беларускага палітычнага рэжыму і магчымыя варыянты ягонай трансфармацыі. З улікам новых абставін экспэртам давядзецца перагледзець ці ўдакладніць некаторыя былыя ўяўленьні.

Як вядома, эканамічная неэфэктыўнасьць — самае ўразьлівае месца левых эгалітарных папулісцкіх рэжымаў. Пры адсутнасьці ўнутраных крыніц самаразьвіцьця яны могуць існаваць пэўны час альбо ўва ўмовах ізаляцыі, альбо пры значнай вонкавай падтрымцы ці спрыяльнай замежнаэканамічнай каньюнктуры. Для такіх рэжымаў эканамічны крызіс — гэта разбурэньне падмурку, удар пад дых, крах міту пра сацыяльную дзяржаву.

Таму небеспадстаўна дагэтуль беларускія апазыцыйныя палітыкі і экспэрты лічылі, што менавіта эканамічны крызіс стане пачаткам краху цяперашняга рэжыму. І вось ён здарыўся. Аднак пра нейкі крах гаворка пакуль не ідзе.

Другі момант. Аналітыкі, вывучаючы ўстойлівасьць беларускага рэжыму, казалі, што ягоная моц абумоўленая легітымнасьцю. Падчас электаральных кампаній Лукашэнку рэальна падтрымлівала большасьць насельніцтва. І гэтая падтрымка грунтавалася на ўяўленьнях аб правільнасьці палітычнага курсу ўладаў.

Цяпер усё памянялася. Эканамічны абвал стаў каталізатарам крызісу ўсёй беларускай сацыяльнай мадэлі, прычыніўся да крызісу легітымнасьці. 68,5% грамадзян, паводле НІСЭПД, лічаць, што сытуацыя ў краіне разьвіваецца ў няправільным кірунку.

Аднак ня бачна, каб улада Лукашэнкі ад гэтага захісталася. Гісторыя дае шмат прыкладаў, калі аўтарытарныя рэжымы абапіраюцца на меншасьць і існуюць у такім стане даволі доўга.

У чым прычына ўстойлівасьці беларускага рэжыму, нягледзячы на крызіс пабудаванай ім сацыяльнай мадэлі? Тут трэба браць пад увагу некалькі чыньнікаў.

Найперш можна адзначыць кансалідаванасьць дзяржаўных інстытутаў і кіроўнай намэнклятуры. Яна трымаецца на сіле традыцыі, на страху.

Важная прычына кансалідаванасьці дзяржаўнага апарату — адсутнасьць сацыяльных канфліктаў, пратэстаў. Звычайна адмова грамадзтва падпарадкоўвацца ўладзе выклікае раскол у эліце. У Беларусі пакуль мы бачылі адзінкавыя лякальныя сацыяльныя пратэсты (акцыя "Стоп-бэнзін", канфлікты на мяжы ў чэрвені, страйк у Барысаве).

Яшчэ адзін фактар моцы рэжыму — ягоны кантроль над эканомікай. З дапамогай эканамічных рычагоў кіраўніцтва мае магчымасьць эфэктыўна рэгуляваць фінансавыя плыні, скіроўваючы іх на патрэбныя слаі насельніцтва, нэўтралізаваць фінансавую падтрымку палітычных апанэнтаў. Таму Лукашэнка так моцна ўпарціцца, не жадаючы прыватызаваць дзяржаўныя прадпрыемствы.

Акрамя таго, і эліта, і грамадзтва ня бачаць альтэрнатывы ані ў выглядзе нейкага новага альтэрнатыўнага сацыяльнага праекту, больш прывабнага, чым праект Лукашэнкі, ані ў выглядзе арганізацыі, якая карыстаецца даверам і заклікае да пратэсту, ані ў выглядзе аўтарытэтнага лідэра.

Розныя слаі насельніцтва, якія не давяраюць уладзе, маюць розныя ўяўленьні пра шляхі выхаду з крызісу. Традыцыйны электарат апазыцыі (каля 25%) выступае за рынкавыя рэформы і дэмакратыю. Менавіта на яго арыентаваная Антыкрызісная праграма АГП. А былы электарат Лукашэнкі, які цяпер ад яго адвярнуўся, хацеў бы захаваць сыстэму дзяржаўнага патэрналізму, толькі каб нейкім чынам яна эфэктыўна запрацавала.

Тут варта ўзгадаць яшчэ адну спэцыфічна беларускую праблему. У дэмакратычных краінах галоўная апора рынкавых адносін і дэмакратыі — сярэдняя кляса. У Беларусі ж сярэдняя кляса, якая толькі нараджаецца, моцна інтэграваная ня толькі ў існую мадэль, але і ў сыстэму дзяржаўнага патэрналізму. Большасьць людзей, якіх можна аднесьці да згаданага слою, — гэта бюджэтнікі, чыноўнікі, супрацоўнікі сілавых структураў. А калі гэта і прадстаўнікі бізнэсу, то такога, які цесна зьвязаны з уладамі і знаходзіцца пад дзяржаўным "дахам". Таму яны не выступаюць рухаючай сілай свабоды, прыхільнікамі дэмантажу патэрналісцкай дзяржавы.

Але сытуацыя эканамічнага крызісу, калі незадаволеныя ўсе, вельмі рухомая. І ўсе згаданыя чыньнікі могуць хутка памяняцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG