Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны новыя – заробкі старыя


У аўторак у Беларусі значна падаражэлі многія тавары і паслугі – алькагольныя напоі, тытунь, праезд у грамадзкім транспарце. Падвышаныя тарыфы на электрычную і цеплавую энергію. Даражэюць таксама лекі…

Карэспандэнты "Свабоды" наведалі крамы, рынкі й аптэкі, дзе выслухалі меркаваньні людзей.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Я за Лукашэнку галасаваў, а ён у мяне ільготы на лекі адабраў…"

Спадарыня: "Вы ведаеце, так яшчэ асабліва лекамі не карыстаюся, таму нават не зьвярнула ўвагі, што даражэе, што — не. Ну, я танныя лекі купляла цяпер, нашы, беларускія. Проста для сьвекрыві, яна пастаянна імі карыстаецца".

Сталая спадарыня: "Вядома, праблема. Але ня толькі лекі, усё даражэе кожны дзень. Канечне, не задавальняе".

Другая спадарыня: "Пакуль што не праблема, таму што рэдка бываю ў аптэках. Калі буду часта бываць, тады, мусіць, будзе праблема".

Спадар: "Я не карыстаюся лекамі, увогуле іх не ўжываю, па-іншаму лячуся. У мяне свая мэдыцына: галаданьнем лячуся. Калі чалавек з вагой, ведае, што галаданьне вылечвае ад усяго".

Трэцяя спадарыня: "У нас у сям'і ёсьць бабулька пажылая, і ўсе лекі вельмі дарагія. Нашы беларускія таксама, я лічу, нямала каштуюць".

Другая сталая спадарыня: "Я інвалід другой групы, то мне дзешавей. Ведаеце, я не ўнікаю ў гэта".

Сталы спадар: "А я восемдзесят дзявяты год жыву, меў ільготы, а Лукашэнка, я за яго галасаваў, але ён адабраў у мяне ільготы, на лякарствы ільготы адабраў. А цяпер за поўную цану трэба, вельмі дарагія: гэтыя гэрманскія, "прастамол", каштуюць шэсьцьдзесят восем тысяч. Хіба пэнсіянэр можа дазволіць на такую дарагоўлю, на такое лякарства?"


МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Проста гнаць самагонку і прадаваць…"

У тамтэйшых крамах цэньнікі на алькаголь і тытунь яшчэ не мянялі. Чакаецца, што іх перапішуць на гэтым тыдні. Крамнікі заяўляюць, што кошты на цыгарэты й моцныя напоі ўзрастуць на трыццаць працэнтаў. Ці змусіць людзей чарговае падаражэньне менш піць й курыць?

Спадарыня: "Не. Прывыклі ж да гэтага. Проста гнаць самагонку і прадаваць. І "кропкі" будуць. Што ад гэтага выйграе дзяржава? Нічога".

Малады спадар: "Атрымліваецца, што ўлады робяць усё наадварот — крок у бок яшчэ большай дэградацыі грамадзтва. Курыць і піць больш ня стануць. Будуць менш закусваць. І нечага сабе набываць".

Малады спадар: "Я наагул пляную кінуць. Вядома, шкада гэтай асалоды пазбаўляцца, але грошай столькі няма, каб дазволіць сабе курыць так пастаянна. Піць жа будуць ня менш, пэўна. Проста піць будуць тое, што таньней".

"Мяне больш напружвае тое, што даражэюць мяса, хлеб, бэнзін на запраўках"

Спадар: "Хто піў, той і будзе піць, хто курыў, той і будзе курыць. Будуць больш з дома выносіць, і ўсё. Мяне ж больш напружвае тое, што даражэе мяса, хлеб, бэнзін на запраўках".

Спадар: "Гэтым толькі сямейны бюджэт зьбяднее. Няхай нават ён будзе піць не гарэлку, а віно, а калі ня будзе й віно, то пойдзе ў аптэку і купіць настойкі глогу. Калі ён курыць, ён будзе курыць нават да самакрутак".

Малады спадар: "Ну, калі, як абяцаюць, падымуць яшчэ на трыццаць працэнтаў, то стане не па кішэні. Што паробіш — давядзецца ўсім кідаць курыць. Ну, а піць — зоймуцца, як у даўнія часы, самагонаварэньнем".

"Наш народ п'е ад такога жыцьця беспрасьветнага…"

Спадарыня: "Ай, ня будуць менш піць і курыць. Наш народ п’е ад такога жыцьця беспрасьветнага".

На Магілёўшчыне ў абед купіць алькаголь у крамах нельга. Так пастанавіў аблвыканкам дзеля барацьбы з алькагалізмам. У гэты час у аптэках узрастае попыт на сьпіртавыя настойкі — глогу й сардэчніку. Апарожненыя бутэлечкі знайсьці ня цяжка — там жа ля аптэк. Ля адной зь іх удалося пагутарыць з аматарам такіх настоек. Ён прыгадаў такую прыказку:

"Перадайце Ільічу, што нам дзесяць па плячу, будзе водка 25, то будзем Зімні штурмаваць". Народ наш цяжка спыніць".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


"Палова майго жабрацкага заробку сыходзіць на праезд…"

Падаражэньне праезду ў грамадзкім транспарце сёньня актыўна абмяркоўваюць на вуліцах Берасьця.

Касірка ў шапіку, дзе прадаюцца талёнчыкі на праезд, патлумачыла, што па 1100 яны будуць прадавацца ад 2-га лістапада. Сёньня ж яшчэ можна набыць квіткі за 800 рублёў у любой колькасьці.

Адны берасьцейцы кажуць, што трэба "падцягнуць жываты" і патрываць:

Спадар: "Выйсьця няма. Бэнзін падаражэе зараз, цэны адпаведныя, вадзіцелям таксама трэба жыць неяк…"

Іншыя ж скардзяцца, што падаражэньне моцна ўдарыць па фінансах простых жыхароў:

У Берасьці пасажыры перадаюць на выхадзе адзін аднаму талёнчыкі на праезд.

Спадарыня: "Калі мне, напрыклад, дабірацца на працу на двух аўтобусах, то палова майго жабрацкага заробку ідзе на тое, каб дабрацца туды"

Апошнім часам у Берасьці стала вельмі распаўсюджанай зьява, калі пасажыры перадаюць на выхадзе адзін аднаму талёнчыкі. Дзяўчына, якая на прыпынку перадала квіток іншаму чалавеку, тлумачыць:

Дзяўчына: "Выходжу з тралейбуса, звычайна бачу, што некалькі чалавек мінімум перадаюць камусьці білецікі. Я зразумела, што гэта такое, і вырашыла таксама паўдзельнічаць…"

Кіраўніцтва берасьцейскага аўтапарку падлічыла, што з гэтай прычыны транспартнікі недалічваюцца 60—80 мільёнаў рублёў штомесяц.

Берасьцейскія студэнты сабралі 1800 подпісаў за бясплатны праезд

А вось берасьцейскія студэнты сабралі больш за 1800 подпісаў за бясплатны праезд і чакаюць цяпер адказу з аблвыканкаму. Актывіст Моладзі БНФ Сяржук Кавалько кажа, што падаражэньне праезду і змусіла студэнтаў дабівацца скасаваньня платы:

Сяржук Кавалько: "Гэтае падаражэньне было відавочнае, і таму мы хацелі падаць подпісы яшчэ да яго, як бы прадбачачы гэта…"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG