Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі палітык: "Рэжым забараняе палітвязьням элемэнтарныя рэчы"


Нямецка-швайцарская няўрадавая праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights зь вялікай заклапочанасьцю сочыць за лёсам беларускіх палітвязьняў Андрэя Саньнікава, Міколы Статкевіча, Зьмітра Бандарэнкі, Зьмітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца.

Як адзначаецца ў заяве арганізацыі, у дачыненьні да Андрэя Саньнікава і Зьмітра Дашкевіча ў вязьніцах ужываюцца карныя захады, псыхалягічны ціск ды пагрозы гвалту. У гэтай сувязі Libereco заклікае беларускія ўлады тэрмінова гарантаваць фізычную бясьпеку і псыхічнае здароўе гэтым ды ўсім іншым зьняволеным.

Праваабаронцы таксама зьвяртаюць увагу на лёс прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які ў траўні 2010 году быў асуджаны на пяць гадоў з палітычных прычынаў, а таксама на лёс кіраўніка цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага, якому пагражае сем гадоў турмы, сытуацыю вакол трох палітвязьняў — Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча.

Да закліку Libereco неадкладна вызваліць беларускіх палітзьняволеных далучыліся таксама вядомыя нямецкія і швайцарскія парлямэнтары: Філіп Miсфэльдэр, Жан-Франсуа Штаерт, Бэрбель Кофлер, Франц Цёнэс, Ангеліка Граф. Раней гэтыя палітыкі падтрымалі ініцыяваную праваабаронцамі кампанію "Шэфства над палітвязьнямі", мэта якой — забясьпечыць кожнаму палітвязьню ў Беларусі і яго сям’і маральную ды матэрыяльную падтрымку з боку эўрапейскіх палітыкаў.

У прыватнасьці, дэпутат Бундэстагу і апякун Зьмітра Дашкевіча Філіп Місфэльдэр, спасылаючыся на дакладныя крыніцы, заявіў, што "сытуацыя, у якой апынуўся яго "падшэфны", — жахлівая".

Паводле словаў нямецкага палітыка, палітвязьню забараняюць элемэнтарныя рэчы, якія абавязковыя для больш-менш нармальнага ўтрыманьня ў турме. Гэта шпацыр на сьвежым паветры, перапіска, чытаньне прэсы, атрыманьне харчоў.

"Такі рэжым супярэчыць агульнапрынятым прынцыпам цывілізаваных нацый. Ён накіраваны на тое, каб толькі зламаць людзей і ў канчатковым рахунку зьнішчыць фізычна і духоўна", заявіў Місфэльдэр. Палітык запатрабаваў ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць ягонага падапечнага і паведаміць, якім чынам ён змог бы скантактавацца з Дашкевічам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG