Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыўся ўстаноўчы сход праваабарончай арганізацыі «ГейБеларусь»


Сяргей Андросенка, архіўнае фота.
Сяргей Андросенка, архіўнае фота.
У менскім клюбе «6 А» адбыўся устаноўчы сход праваабарончай арганізацыі «ГейБеларусь». Гэтая грамадзкая арганізацыя мае на мэце абарону правоў лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў (ЛГБТ).

Удзел у працы сходу прынялі 55 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Старшынём «ГейБеларусь» абраны Сяргей Андросенка.

Адзін зь лідэраў аб’яднаньня Натальля Манькоўская: «На гэты момант мы прынялі статут, выбралі старшыню і цяпер выбіраем раду. Падчас падрыхтоўкі сходу былі некаторыя цяжкасьці тэхнічнага характару — з тае прычыны, што мы гэта праводзім упершыню. Дрэннага стаўленьня да нашай арганізацыі мы не сустракалі, і ўсё было дастаткова спакойна. На сёньня ў Беларусі няма ніводнай ЛГБТ-арганізацыі. Таму мы лічым, што гэты крок вельмі важны для нас. Мы зможам адстойваць свае інтарэсы на дзяржаўным узроўні і выходзіць у афіцыйную прастору са сваімі патрэбамі і прапановамі».

Як паведаміла Натальля Манькоўская, плянуецца, што ў панядзелак, 17 кастрычніка, зацьверджаныя на сходзе дакумэнты будуць перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі для таго, каб праваабарончая арганізацыя была афіцыйна зарэгістраваная.

Ініцыятыва «ГейБеларусь» працуе з 2009 году. Гэта будзе другая спроба рэгістрацыі. Першая была ў 1999 годзе, калі арганізацыя мела назву «Ліга Лямбда».

Таксама 11–23 кастрычніка ў Менску праходзіць гей-прайд-2011. Акрамя забаўляльных праграм, устаноўчага сходу і канфэрэнцыі, у рамках прайду заплянавана маніфэстацыя ў падтрымку талерантнага стаўленьня да ЛГБТ і захаваньня правоў супольнасці ЛГБТ у Беларусі. Заяўка пададзеная на 22 кастрычніка, аднак Менгарвыканкам пакуль ня даў адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG