Паўз 150-тысячны Барысаў ежджу ці ня кожны месяц. Але вандраваў па горадзе ўжо 3 гады таму. Гэтым разам спыніцца-азірнуцца тут прымусіла тэлефонная размова з Анатолем Букасам, добрым знаёмым, прадпрымальнікам і калегам — рэдактарам старэйшай незалежнай рэгіянальнай газэты краіны «Барысаўскія навіны». Ёй, між іншым, нядаўна споўнілася 19 год. Спадар Анатоль жа наракаў, што ўлады ўсяляк перакрываюць выхады на чытача, зацягалі па судах, аж няма чым плаціць заробак людзям…
Як і 3 гады таму, ля прывакзальнай плошчы сустрэла вялізная чарга. Тады па яйкі, якія сталі прадаваць паштучна, цяпер — па гародніну. Падыходжу.
Карэспандэнт: «А за чым стаіце?»
Спадарыня: «За памідорамі — нестандарт бярэм. А ён танны — 3630…»
Карэспандэнт: «А на кірмашы колькі ў Барысаве?»
Спадарыня: «Па 8 тысяч, казалі…»
Непадалёк ад вакзалу амаль 85 год стаіць так званая «вежа Шухава» — унікальная воданапорная пабудова, якую хочуць зрабіць гістарычным брэндам Барысава, уключыўшы ў лік турыстычных аб’ектаў. Стан яе, аднак, аварыйны. Зрэшты, падрабязьней пра ўсё — вуснамі старшага навуковага супрацоўніка мясцовага краязнаўчага музэю, спадарыні Лілеі Вязовіч.
Вязовіч: «Вежа ў Барысаве роднасная той, што ў Маскве, на Шабалаўцы. Інжынэр Шухаў канструяваў яе на пачатку мінулага стагодзьдзя, афіцыйная дата нараджэньня — 1927 год. Аднойчы яму трэба было дастаць з шафы кнігі, а яна была надта высокая. Ён падставіў урну, у якую кідалі паперы, адваротным бокам. Урны тады рабілі пустацелымі, унутры сьпіцы з дроту. І яна магла вытрымліваць вялікую вагу. Шухаў і рашыў гэта прымяніць для канструкцыі вежы — замацавана не вінтамі ды гайкамі, а заклёпкамі на драўляныя і мэталёвыя рэйкі. Яе вышыня амаль 27 мэтраў. На той час для Барысава гэта было забесьпячэньне вадой — паравозаў і людзей…»
Карэспандэнт: «Наверсе ёсьць пляцоўка фатаграфавацца?»
Вязовіч: «Каб абслугоўвалі — была б…»
Карэспандэнт: «Мне казалі, што па дапамогу нібы зьвярталіся да былога барысаўляніна Анатоля Чубайса…»
Вязовіч: «Чубайса ня трэба чапляць, ён толькі нарадзіўся ў Барысаве і ў 4 гады пераехаў. Гэта яго брат да 4 клясы вучыўся ў 16-й СШ. Чубайс жа чамусьці піша ў сваёй аўтабіяграфіі, што нарадзіўся ў Рызе. Мо яму гэта дапамагае быць больш „заходнім“. Вежу Чубайс не ўратуе, калі мы самі не захочам гэтага зрабіць…»
Але вось і знаёмы пад’езд, дзе на першым паверсе ў цесных пакойчыках месьцяцца «Барысаўскія навіны». У мінулы прыезд наклад выданьня быў 12 тысяч асобнікаў, цяпер скараціўся ўдвая. Дый у позірку 55-гадовага рэдактара, ляўрэата міжнародных прафэсійных прэмій, спадара Букаса часьцяком праскоквае самота. Паслухаем, што кажа.
Букас: «Сёньня сытуацыя з нашай газэтай вельмі складаная, таму што мясцовыя ўлады не даюць нам працаваць. Літаральна месяц таму пазбавілі дзьвюх крамаў, дзе распаўсюджвалася наша газэта. Уладальнік пабудаваў летняе кафэ, і калі з выканкама прыехалі паглядзець, пабачылі на прылаўку „Барысаўскія навіны“. Было выказана, што калі надалей будзе імі гандляваць, ня ўбачыць дакумэнтаў на кафэ…»
Карэспандэнт: «Як, у такім выпадку, распаўсюджваюцца „Барысаўскія навіны“?»
Букас: «Рэдакцыя мае 14 кропак — у прадпрымальнікаў, у прыватных шапіках. Але ўсё роўна туды зазіраюць чыноўнікі, тады гандаль пад пагрозай…»
Карэспандэнт: «Я тэлефанаваў да старшыні райвыканкаму Ўладзіміра Мірановіча, які нават не захацеў гаварыць пра „Барысаўскія навіны“. І да намесьніцы старшыні Валянціны Шутко, якая кінула слухаўку, але перад гэтым сказала, што ня ведае такой газэты, як „Барысаўскія навіны“…»
Букас: «Яна нашу газэту вельмі добра ведае. У нас па вуліцы 8 сакавіка ёсьць могілкі, якія зачыненыя. Але Шутко нейкім чынам атрымала кавалак зямлі, дзе пачала хаваць родзічаў. Да нас у рэдакцыю прыйшла з абурэньнем жанчына, якая спрабавала пахаваць свайго мужа да памерлай маці, але мясцовыя ўлады не дазволілі ёй гэта зрабіць. Мы пра гэта надрукавалі артыкул, быў вельмі моцны рэзананс сярод барысаўлян. Пасьля гэтага Шутко сказала публічна, што ўсё зробіць, каб „Барысаўскія навіны“ былі зачыненыя. Увесну ўлады прычапіліся да стэнда ля пад’езду — маўляў, назва рэдакцыі мае рэклямны характар. Мяне прымушалі, каб я аформіў пашпарт на яе і заплаціў у мясцовы бюджэт. Быў дадзены загад камунальнікам, каб яны зрэзалі шыльду. Яны так і зрабілі ў цемры…»
Карэспандэнт: «У мінулыя гады напады намэнклятуры на „Барысаўскія навіны“ былі зьвязаныя з тэмай карупцыі, якую вы пасьлядоўна ўздымаеце…»
Букас: «Так. У мяне шмат матэрыялаў па малочным камбінаце — ёсьць факты крадзяжу малака, масла, сыроў, але ніхто ня хоча займацца. Я нават насіў у пракуратуру, яны параілі зьвярнуцца ў рэспубліку. Да мяне трапілі паперы, дзе быў зафіксаваны выпадак, калі на аўтамабілі вывозілі за прахадную 14 скрыняў масла — 280 кг. А потым начальніка аховы, які зафіксаваў, звольнілі з працы…»
Карэспандэнт: «На пачатку стагодзьдзя ў Барысаве налічвалася больш за 40 прамысловых прадпрыемстваў і больш за 600 гандлёвых ды закупных фірмаў усіх формаў уласнасьці. Колькі на сёньня працуе?»
Букас: «Паколькі фінансавы крызіс і немагчыма набыць валюту, большасьць прадпрымальнікаў закрылі свой бізнэс. Што да прадпрыемстваў, літаральна на мінулым тыдні мой знаёмы звольніўся з „Аўтагідраўзмацняльніка“ — нізкі заробак. Мільён 700 было ў яго, потым на 300 тысяч зьнізілі і да мільёна. Як ён казаў, шмат браку ідзе з-за таго, што камплектуючыя паступаюць з Кітаю, а яны нізкай якасьці…»
* * *
Ёсьць у Барысаве «залінейны» раён, што за чыгункай. Мясцовыя называюць яго тутэйшым Гарлемам. Прыватныя драўляныя будынкі там у вясновую паводку ператвараюцца ў халупы зь ледзяной вадой пад зрубам ды гнілымі бярвёнамі. Шмат усялякага ламачча. Заходжу ў хаціну, што стаіць у нізіне, на ўскраіне. Мажная гаспадыня з бабулькай зьбіраюць моркву на гародзе.
Карэспандэнт: «Ня цяжка жыць пад заўсёдны грукат колаў?»
Спадарыня: «А што рабіць? Усім цяжка. Працую ў ТАА „Барысаўдрэў“. Там становішча — у даўгах, як у шаўках…»
Карэспандэнт: «Колькі яны вам зараз плацяць?»
Спадарыня: «400 выходзіць чыстымі. Ой, нагавару — выганяць з працы…»
Карэспандэнт: «Няўжо за такія грошы і з такой працы могуць выганяць?»
Спадарыня: «А дзе шукаць тую працу і каму цяпер патрэбныя жанчыны ў такім веку — 5 год засталося да пэнсіі? Доўга трымалі сьвіней, курэй. Было лягчэй жыць — не трымалі, цяпер ізноў думаем заводзіць…»
Спадара Аўгена Нумярэвіча цягнуць за язык патрэбы не было — казаў, што зьбіраецца пісаць скаргу да Лукашэнкі. Убачыўшы мікрафон — узрадаваўся.
Нумярэвіч: «На пэнсіі год, дапамогі мне не далі. Зьвярнуўся ў райсабес — усім на гародніну давалі 500 тысяч. Сказалі, з-за таго, што я звольніўся і не раблю. А пэнсію перавёў у банк — крэдыту браў 4 мільёны, малога тады адзяваў у школу. Схадзіў зараз на пільню, дык — „пэнсіянэраў не бяром!“»
У барысаўскім «Гарлеме» жыве паўтысячы цыган. Пісьменная — адна. Гэта са слоў самой спадарыні Ірыны, якая тут, кажуць, за баранэсу. У яе свой погляд ня толькі на жыцьцё, але і на радавод прэзыдэнта.
Ірына: «Як нам жывецца? Чаму нядрэнна — ёсьць дах над галавой, паесьці, сьвятло, вада, газ. Па вашых мерках, у нас усё ёсьць. Чаму нядобра — няма свабоды. А дзіцячае харчаваньне падаражэла — было 11.500, цяпер 19.900…»
Карэспандэнт: «Лукашэнка як да цыган ставіцца?»
Ірына: «Ну і што, што ён цыган?»
Карэспандэнт: «А вы што — за цыгана яго трымаеце?!»
Ірына: «Так! Як бы ні куляўся, ні адмаўляўся, наша прырода даказвае, што ён цыган. Гэта ваша нацыя ня корпаецца ў 12-м — 15-м каленах. А ў нас старыя сказалі, што ён цыганскі нашчадак, хоць вырас бяз таты…»
Тры гады таму, акурат у часе вандроўкі, на старой аўтатрасе Масква — Менск здарылася аварыя. Вялізная фура ўрэзалася ў аўтамыйку, што на скрыжаваньні вуліц Гагарына ды Тоўсьцікава. Тыя ж «Барысаўскія навіны» пісалі ў свой час, што мыйка пабудавана з парушэньнем архітэктурна-будаўнічых нормаў. Пачынаецца за некалькі мэтраў ад трасы. Кіроўцы, што над’ехалі сюды, таксама абураюцца.
Спадарства: «Безумоўна, стварае аварыйную небясьпеку. Павінна пляцоўка быць мэтраў за 50 адгэтуль, мо й больш. Раптам у машыне нейкая няспраўнасьць, на праежджую частку выкаціцца, будзе аварыя… Гэта фірма „Аўтагідрацэнтраль“. А чаму недабудавана — да дырэктара пытаньні. Мы ўсе кіроўцы і ўсе тут езьдзім… У газэтах 4 гады таму быў крыж на мыйцы надрукаваны, што яе ня будзе, але аказалася ўсё блефам…»
Камэнтуе рэдактар «Барысаўскіх навін» Анатоль Букас: «Некалі Козік, старшыня фэдэрацыі прафсаюзаў, абяцаў, што яе будуць зносіць. Але ў прадпрымальніка Мірончыка, які яе пабудаваў, кажуць, ёсьць родзічы зь Міністэрства аўтатранспарту, якія заўсёды яго пакрываюць. Прадпрыемства Мірончыка — „Рэспубліка ШКІД“ на Барысаўшчыне. Побач з аўтамыйкай хацеў пабудаваць адміністрацыйны будынак, вырыў вялізны катлаван, у якім 4 гады працы не праводзяцца — не хапае грошай…»
Суразмоўца кажа, што ўлада нязьменна глядзіць на сытуацыю скрозь пальцы. Я ўзгадваю сваю размову з тагачасным намесьнікам старшыні райвыканкаму Юрыем Шалягіным.
Шалягін: «Што значыць з парушэньнем архітэктурных нормаў? Стаіць і стаіць. Уведзеная ў эксплюатацыю. „Барысаўскія навіны“ могуць як хочуць трактаваць. А за словы Козіка адказваць не зьбіраюся…»
Амаль 4 месяцы вядомы барысаўскі праваабаронца, юрыст Алег Мацкевіч спрабуе абскардзіць сваё незаконнае затрыманьне 22 чэрвеня на Цэнтральнай плошчы Барысава падчас маўклівага пратэсту. Яго скаргі за гэты час пасьпелі «адфутболіць» пракуратуры гораду ды вобласьці і РУУС. Ягоны погляд на сытуацыю.
Мацкевіч: «Гэта было ў 6 гадзін вечара. Вырашыў паглядзець, колькі людзей на плошчы — гэта быў пачатак маўклівых акцый. Прыехаў — нікога няма. Сеў на лаўку, пачаў есьці марозіва. Падыходзіць, як пазьней выявілася, маёр Волкаў, ён кіруе аддзелам грамадзкай бясьпекі РУУС. І папрасіў мяне пакінуць плошчу. Чаму? А тут зараз тэхніка прыедзе прыбіраць, пыл будзе і марозіва ваша запэцкаецца. Кажу — гэта мае праблемы, пакажыце дакумэнт, на падставе якога я павінен выконваць ваша распараджэньне. Ён больш нічога не пытаўся, выклікаў „варанок“, мяне завезьлі ў РУУС. Там ужо 15 чалавек сядзела, якіх затрымалі на плошчы. Людзей адразу хапалі, не дазваляючы зьбірацца. Нас пасьля стала паўсотні. Тады яшчэ нікога не арыштоўвалі, праз тры гадзіны ўсіх адпусьцілі. Я абскардзіў затрыманьне, адказ быў — „парушэньняў няма“. Як затрымалі ўсіх удзельнікаў акцый — „бязьмежжа“, яскравая праява дыктатуры. Таго, што спэцслужбы, якія зараз правяць баль, адчуваюць абсалютную беспакаранасьць…»
Спадар Алег зьбірае матэрыялы да, як ён яе называе, «шэрай кнігі Барысаўшчыны».
Мацкевіч: «У мяне захоўваюцца гэтыя дакумэнты, прозьвішчы. І ня толькі па сваёй справе. І калі будуць больш вольныя часы ў Беларусі, гэтыя зьвесткі я надрукую, каб усе ведалі тых людзей, якія зараз займаюцца беззаконьнем — антыгерояў часу. Радзіма іх не забудзе!»
Размова на адыход ізноў з Анатолем Букасам.
Карэспандэнт: «Калі раней сустрэліся, вы называлі лічбу, што прайшлі за гады існаваньня газэты 200 судовых працэсаў. Што за апошнія 3 гады?»
Букас: «Сёлета быў на двух судах. Першы выйгралі. Былы супрацоўнік міліцыі прад’явіў пазоў на 85 мільёнаў рублёў за артыкул, дзе расказвалася, як ён выгнаў маці з бабулькай з кватэры, завёз туды жонку, цешчу, жончынага сына 23 год і не дазваляў маці нават заходзіць. Прозьвішча — Цісецкі Андрэй Уладзіміравіч. У яго зрэзалі зорку на пагонах. Другі тычыўся прэтэнзій падатковых органаў. Усё добра скончылася і для нас, і для іх…» (Сьмяецца.)
Карэспандэнт: «Спадар Анатоль, зараз незалежны друк найцяжэйшыя часы зазнае. Што думаеце — вытрымаем?»
Букас: «Ёсьць людзі, якія хочуць чытаць нашу газэту, нясуць да нас грошы, каб надрукаваць рэкляму. Ёсьць у нас падпісчык Марголін Леў Фёдаравіч, які заўсёды падпісвае сваіх родзічаў, 5–6 чалавек, ужо больш як 10 год. Сярод нашых падпісчыкаў ёсьць людзі за 80 — яны вераць нам. Газэта як выходзіла, так і будзе выходзіць, нягледзячы на тое, што папера падаражэла ў тры разы, друкарскія паслугі — у два, і наперадзе невядома што. Гэтага хочуць барысаўляне…».
Падарожжы Свабоды