Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці маюць права адзінокія і незамужнія нараджаць з дапамогай ЭКА?


Днямі на прэсавай канфэрэнцыі лекар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Маці і дзіця» Ларыса Граковіч паведаміла, што, магчыма, паслуга экстракарпаральнага апладненьня будзе аказвацца толькі жанчынам, якія знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе. Гэта выклікала шырокі рэзананс у грамадзтве. Што за гэтым стаіць?

Галоўны ўрач Цэнтра дапаможнай рэпрадукцыі «Эмбрыё» Алег Тышкевіч, які ўваходзіў у працоўную групу па распрацоўцы праекта закона «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналёгіях і гарантыях правоў грамадзян», падкрэсьлівае:

«Гэта праект закону. А цяпер адзін доктар дае інтэрвію, прычым доктар, якая нават не ўваходзіла ў камісію ці працоўную групу, чамусьці дае інтэрвію, камэнтуе неіснуючы закон! Пакуль яшчэ несур’ёзна гэта абмяркоўваць».

Праект закону «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналёгіях і гарантыях правоў грамадзян» распрацоўваўся даволі доўга, прычым з прыцягненьнем практыкуючых адмыслоўцаў. Ён прайшоў толькі першае чытаньне ў парлямэнце. Пакуль жа дзейнічае Кодэкс законаў аб шлюбе і сям’і, падкрэсьлівае Алег Тышкевіч:

«Паводле дзейнага заканадаўства адзінокая жанчына, што не знаходзіцца ў шлюбе, можа мець дзіця з дапамогай штучнага апладненьня. І ніхто гэта не адмяняў. Кодэкс законаў аб шлюбе і сям’і дае права ёй гэта рабіць. Цяпер пакуль нічога яшчэ не прынята».

Прыхільнікі замацаваньня ў законе права рабіць ЭКА толькі жанчынам, што знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе, тлумачаць гэта інтарэсамі дзіцяці: маўляў, кожнае дзіця павінна гадавацца ў поўнай сям’і. Каардынатар праграм

Фонду ААН ў галіне народанасельніцтва ў Беларусі Тацяна Гаплічнік такім чынам тлумачыць іх аргумэнты:
Паколькі гэта закон, які адлюстроўвае дзяржаўную палітыку, натуральна, што дзяржава зацікаўленая, каб дзеці нараджаліся ў сям’і.

«Паколькі гэта закон, які адлюстроўвае дзяржаўную палітыку, натуральна, што дзяржава зацікаўленая, каб дзеці нараджаліся ў сям’і. Інстытут сям’і сёньня — гэта зарэгістраваны шлюб. Таму гэта лягічны і пасьлядоўны падыход. Хаця, калі падыходзіць з пазыцый правоў чалавека, то, безумоўна, можна весьці іншыя дыскусіі і шукаць іншыя аргумэнты».

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі жаночы незалежны дэмакратычны рух» Людміла Пеціна перакананая, што закон аб ЭКА вельмі патрэбны, але без абмежаваньняў што да шлюбу:

«У нас ёсьць вельмі добрая мэдычная служба ЭКА, якая вельмі пасьпяхова працуе. І таму, канечне, ёсьць вялікая неабходнасьць ў прыняцьці гэтага закону, але закону, які б проста рэгуляваў нейкія тэхнічныя моманты, але не спакушаўся на нейкія рэпрадуктыўныя правы. Калі жанчына не знаходзіцца ў шлюбе, але хоча мець дзіця такім шляхам, то чаму б ня даць ёй такую магчымасьць? Рэпрадуктыўнае права — гэта адно з фундамэнтальных правоў і мужчын, і жанчын. Яно прапісана і ў дакумэнтах ААН, таму любое абмежаваньне і ўмяшальніцтва з боку дзяржавы — гэта парушэньне правоў чалавека».
Рэпрадуктыўнае права — гэта адно з фундамэнтальных правоў і мужчын, і жанчын.

Галоўны ўрач Цэнтру дапаможнай рэпрадукцыі «Эмбрыё» Алег Тышкевіч на пытаньне, ці шмат адзінокіх жанчын зьвяртаецца ў цэнтар, адказаў так:

— Так, зьвяртаюцца да нас адзінокія жанчыны, але іх няшмат.

— А вы ім не адмаўляеце?

— Не, канечне.

На думку Алега Тышкевіча, калі ўвесьці абмежаваньні, то адзінокія і жанчыны, што маюць так званы грамадзянскі шлюб, вымушаны будуць шукаць іншыя шляхі: рэгістраваць фіктыўныя шлюбы ці рабіць ЭКА ў Расеі ці Ўкраіне. Таму доктар Тышкевіч супраць такіх абмежаваньняў:

«Прынамсі, мае прапановы, якія выкладзены ў законапраекце — дазволіць ЭКА жанчынам, якія ня маюць проціпаказаньняў. У законапраекце не пазначана, абавязковы шлюб альбо не. У праекце закону, які мы распрацоўвалі, не было ні слова пра абавязковасьць шлюбу».

Разгляд праекту закону «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналёгіях і гарантыях правоў грамадзян» у другім чытаньні і прыняцьце яго — у плянах восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Пакуль у яго тэксьце няма згаданых абмежаваньняў.

У Беларусі прыкладна 15% сем’яў ня могуць мець дзяцей. Пры бясплоднасьці даволі пасьпяхова выкарыстоўваецца так званы мэтад ЭКА. Штогод у краіне нараджаецца прыкладна па 700 дзетак з прабіркі. Эфэктыўнасьць мэтаду ЭКА ў краіне — прыкладна 30–40%, гэта даволі высокі паказьнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG