Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэалёгіка: бойка за «сьцяг Радзівілаў»


Выпадак Алены Бадзякінай, відэа зь якой выбухнула ў байнэце, цікавы тым, што ў Беларусі такую сытуацыю ўжо амаль немагчыма ўявіць. Жывыя, фізычна ўвасобленыя прыхільнікі цяперашняга дзяржаўнага ладу некуды падзеліся, сустрэцца зь людзьмі, якія з такім імпэтам баранілі б беларускую ўладу цяпер можна хіба што на форумах у Інтэрнэце, аднак яны там будуць ананімамі. Упэўненасьць былых заўзятараў «моцнай і квітнеючай» некуды падзелася. Ва ўсялякім выпадку, калі ў транспарце ці ў банку нехта пачынае крыць уладу, іншыя не бяруцца пярэчыць «віз ол май харт», як кажа Бадзякіна.

Калі яшчэ нейкі час таму пры словах «прыхільнік рэжыму» ўяўляўся ўдзячны за пэнсію ды іншыя сацыяльныя гарантыі беларускі пэнсіянэр, дык цяпер у галаве хутчэй узьнікне вобраз АМАПаўца. Аднак АМАПавец, міліцыянт, бэтэшнік, міністар ці чыноўнік – людзі служылыя. А магія ўладных адносінаў пачынаецца менавіта там, дзе да ўлады ды тых, хто яе пэрсаніфікуе, пачынаюць няроўна дыхаць звычайныя людзі. Людзі, якія дэманструюць сваю зачараванасьць ёй не з-за працы, не з-за пасады, а з-за палітычных поглядаў ды сымпатыяў.

Бадзякіна – унікальны тып, які амаль зьнік у Беларусі. А таму відэа з Бадзякінай трэба праглядаць пільна ды рабіць высновы. Аб тым, хто ён (хіба што апошні?) – заўзятар беларускага ладу.

«Падонкі і негодяі»

Вызначальнай рысай зафіксаваных на відэа паводзінаў гэтай жанчыны, пра якую вядома, што яна толькі што вярнулася зь Беларусі, дзе брала ўдзел у прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі, зьяўляюцца словы, сказаныя на 1:45 хвіліне запісу. Апэратар, які зрабіў запіс, пытаецца ў яе - «і зачем вы забралі бело-красно-белый флаг у нас»? Заўважце, жанчына не адмаўляе, што сьцяг менавіта яна забрала ва ўдзельнікаў пікету, не яны ў яе. Дык вось, яна адказвае на пытаньне: «Потому, что вы подонкі і негодяі. І вы находітесь в моей стране, а я в своей Россіі не разрешаю делать провокаціі». Заўважылі гэтыя словы, «подонкі і негодяі»? Гэта даслоўная цытата з Лукашэнкі, адзін зь ягоных улюбёных выразаў
(пруфлінк 1, пруфлінк 2).

Маркс вызначаў ідэалёгію як «ілжывую сьвядомасьць». У дадзеным выпадку мы бачым, што ідэалёгія працуе ня толькі як ілжывая сьвядомасьць, аднак як моўнае альтэр эга. Складаецца ўражаньне, што пра пэўныя рэчы беларускага сучаснага сусьвету можна казаць выключна на мове прэзыдэнта і БТ. І гэта, пагадзіцеся, цікавае назіраньне. Напрыклад, яна магла б назваць падлеткаў, якія так удала яе тролілі дзесяць хвілін, здраднікамі ды наймітамі. Дарэчы, яна і кажа гэта ў пэўны момант, аднак тыя словы не выглядаюць так ёміста ды дакладна, як «падонкі і негодяі». Уласна кажучы, каб абвінаваціць некага ў здрадзе – здрадзе менавіта ў межах беларускага сэмантычнага сусьвету, дастаткова сказаць: «пятая калёна». І, што не меней цікава, ніяк інакш гэтага сказаць амаль немагчыма.

«Россію унічтожілі, теперь Беларусь решілі»?

Прыхільніца беларускага рэжыму ірацыянальная. На працягу відэа, яна робіць ды кажа шмат рэчаў, якія абвяргаюць адна адну. Напрыклад, навошта наогул было пярэчыць гэтаму нешматлюднаму пікету ля амбасады, пра які б ніхто не даведаўся, калі б не яе эмацыйнае ўмяшаньне? Як пікет з двух-трох падлеткаў можа пасварыць Расею і Беларусь? Чаму яна катэгарычна адмаўляецца назваць сябе, хаця сама ж прапануе ўзяць сьпіс прэс-туру ды знайсьці яе прозьвішча ў ім? З псыхааналітычнага пункту гледжаньня яна выглядае чалавекам моцна ўзрушаным, чалавекам, які кіруецца ня зьнешнімі раздражняльнікамі, а нейкай унутранай барацьбой, якая як быццам зьяўляецца рэакцыяй на ўяўнае ды даволі варожае навакольле.

Першыя трыццаць сэкундаў мы бачым – і такое немагчыма падрабіць, як моцна ёй баліць за пакрыўджаную Беларусь: яе калоціць ад магчымасьці таго, што нехта пераўтворыць Беларусь у «пекла», як гэта ўжо адбылося з Расеяй. Аднак навокал – абыякавая Масква, усё гэтае дзеяньне адбываецца на тле мінакоў, якія засяляюць іншы сусьвет, у якім ніякай барацьбы, агентаў ЗША, польскіх наймітаў, не праглядаецца.

Зь яе пытаньня да Лукашэнкі на канфэрэнцыі можна зразумець, што яна крытычна ставіцца да становішча ў Расеі, аднак, пабачыўшы палітычны пікет, амаль адразу выказвае жаданьне зьвярнуцца ў міліцыю. Спачатку яна не адмаўляе таго, што ўзяла сьцяг у юнакоў, потым голасна кліча міліцыю ды сьцьвярджае, што гэта яны забралі ў яе сьцяг.

І зноўку: гэтая ірацыянальнасьць дасканала капіруе тую ірацыянальнасьць, якую мы бачым у Беларусі, дзе, напрыклад, незалежны сацыёляг, які падчас выбараў абвяшчаў, што прэзыдэнт набраў больш за 50% адсоткаў, прылюдна, на ўвесь сусьвет, прызнаецца чалавекам, які адмаўляў перамогу прэзыдэнта. І, заўважце, тых, хто б зьвярнуў увагу на гэтую ірацыянальную супярэчнасьць, не знаходзіцца. Дасканалае супадзеньне двух гэтых ірацыянальнасьцяў – прыватнай і дзяржаўнай, дазваляе запытацца: ці не фундамэнтальная гэта рыса сучаснай беларускай ідэалёгіі? Блытаніна, супрацьлегласьць у заявах, непасьлядоўнасьць у паводзінах ды матывацыях і г. д. Чаму, цікава, тое самае праглядаецца нават у тых, хто беларускай ідэалёгіяй зачараваны?

Факін бастардз, ай хэйт ю віз ол май харт!

Вы зьвярнулі ўвагу на карціну сусьвету? Яе ўпэўненасьць заснаваная на догмах, якія для чытачоў ды слухачоў «Свабоды» зьяўляюцца відавочнымі ды неаспрэчнымі памылкамі. Не забабонамі, ня спрэчнымі высновамі, аднак менавіта памылкамі. Каб прад'явіць доказы памылковасьці адных поглядаў ды заяў, дастаткова дзесяці хвілінаў (бела-чырвона-белы сьцяг – сьцяг Радзівілаў), каб абвергнуць іншыя догмы, спатрэбіцца ўнівэрсытэцкі курс па гісторыі (бела-чырвона-белы сьцяг – сьцяг, пад якім нейкія палякі катавалі нейкіх рускіх афіцэраў, гэткая Катынь наадварот, якая да таго ж адбывалася з удзелам нейкіх Радзівілаў, якія пры гэтым настолькі ўплывовыя, што сучасныя пікетоўцы амбасады абвяшчаюцца іх «наймітамі»). Аднак такія памылкі файна фундзіруюць нянавісьць – да «ворагаў». Гэта зноўку ж вельмі характэрны для сучаснай беларускай палітыкі выпадак, калі прадстаўнікам розных бакоў барыкад няма чаго сказаць адзін аднаму таму, што яны размаўляюць на мовах, за словамі якіх стаяць розныя гістарычныя, геапалітычныя, маральныя і г.д. - сэнсы. І агульнымі ў гэтых мовах ёсьць хіба што словы кшталту «бастардз» ды «хэйт». Каб дамовіцца двум супрацьлеглым групам, - Бадзякінай ды гэтым хлапцам, якія равуць «Жыве Беларусь!» ля амбасады, - трэба правесьці разам, у спрэчках, у пошуках агульных канвэнцыяў, ня дзень і ня месяц, а, бадай, цэлае жыцьцё. І, здаецца, рабіць гэтага ніхто не зьбіраецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG