Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ў Беларусі палітвязьняў


Апазыцыйныя палітыкі і праваабаронцы на сумеснай сустрэчы ў сядзібе АГП падлічылі, што ў Беларусі адбываюць турэмнае пакараньне 14 асобаў, прысуды якім палітычна матываваныя. Але толькі 11 зь іх прызнаныя палітвязьнямі.

На сумесным паседжаньні, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі АГП, БХД, кампаніі «Гавары праўду», праваабарончага цэнтру «Вясна», Цэнтру прававой трансфармацыі, «Праваабарончага альянсу», узгоднена пазыцыя адносна таго, што палітвязьнямі ў Беларусі зьяўляюцца 11 чалавек. Гэта Мікалай Статкевіч, Дзьмітрый Бандарэнка, Андрэй Саньнікаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павал Севярынец, а таксама анархісты Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандар Францкевіч. Пра гэта паведаміла праваабаронца Алена Танкачова.

Алена Танкачова
«Плюс трое чалавек, якія праходзілі па так званай справе бабруйскіх анархістаў. Мы пагадзіліся з тым, што прысуды адносна іх зьяўляюцца непрапарцыйнымі і надзвычай карнымі. Мы мяркуем, што сьледзтва адносна іх вялося з сур’ёзнымі парушэньнямі. Па тым, як гэты працэс асьвятляўся ў дзяржаўных СМІ, мы мяркуем, што палітычныя погляды гэтых маладзёнаў уплывалі на жорсткасьць вынесенага прысуду. Мы прапануем міжнароднай супольнасьці нашу ўзгодненую пазыцыю — дамагацца неадкладнага вызваленьня гэтых трох маладых людзей нароўні з палітвязьнямі».

Анархісты Яўген Васьковіч, Павел Сырамалотаў і Арцём Пракапенка асуджаныя за спробу падпалу будынка КДБ у Бабруйску. Менавіта адносна іх і разгарнулася асноўная дыскусія. Тлумачыць Валянцін Стэфановіч:

«З бабруйскай справай была іншая сытуацыя, і гэта выклікала дыскусіі, бо Васьковіч не адмаўляў таго, што ён зрабіў. Але мы сышліся на думцы, што тут, канечне, трэба казаць пра неадпаведнасьць, празьмернасьць, неадэкватнасьць прысуду адносна ўдзельнікаў гэтай справы. І ў гэтым мы таксама бачым палітычную матываванасьць саміх уладаў. Пры тым, што мы ня можам казаць, што за такія дзеяньні не павінны несьці адказнасьць. Але ў тым выглядзе, у якім яна ёсьць, яна відавочна празьмерная».

Віталь Рымашэўскі
Адзін з заснавальнікаў БХД Віталь Рымашэўскі заяўляе, што палітвязьнямі варта лічыць усіх 14 асобаў, разам з трыма бабруйскімі анархістамі. І далучэньне іх да сьпісу палітвязьняў азначае, што жыцьцё гэтых людзей будзе выратавана і іх не пакінуць за кратамі.

«Для мяне Яўген Васьковіч нічым не адрозьніваецца ад іншых, хто пакуль за кратамі. Можа, крыху большай мужнасьцю, бо ён, можа, зрабіў неразумны ўчынак, які мы, безумоўна, асуджаем. Але мужны ўчынак. Ён адрозьніваецца яшчэ і мужнымі паказаньнямі падчас суду, бо ён не адмаўляўся ад таго, што ён зрабіў. І пакідаць чалавека ў вязьніцы будзе амаральным. Ці будуць далучаныя гэтыя хлопцы да палітвязьняў, гэта пытаньне, якое можна вырашыць у Беларусі. Ня трэба спасылацца на нормы міжнароднага права. Бо тут відавочна, што няма такіх прэцэдэнтаў нават у Беларусі, каб за пашкоджаньне на 30 даляраў далі 7 гадоў вязьніцы. Прычым, пракурор у залі суду абвінавачвае Яўгена Васьковіча як палітычнага злачынцу. І зараз адмаўляцца ад гэтых людзей — гэта таксама будзе злачынства».

Віталь Рымашэўскі, аднак, выказвае ўхваленьне таго, што ў Беларусі будуць кансалідавана змагацца за вызваленьне ўсіх 14 асобаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG