Лінкі ўнівэрсальнага доступу

  Васіль Быкаў: "Прыклад Гаўла грэў, поўніў сэрца надзеяй".


Васіль Быкаў і Вацлаў Гавэл, 12 верасьня 2001 г.
Васіль Быкаў і Вацлаў Гавэл, 12 верасьня 2001 г.
12 верасьня 2001 года прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал сустрэўся ў Праскім Градзе з Васілём Быкавым. А ў наступным годзе Гавэл запрасіў Быкава на жыхарства ў Чэхію. У студзені 2003 году, калі сканчаліся прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Гавэла, супрацоўніца Радыё Свабода Алена Коварова падрыхтавала адмысловую перадачу, у якой слова пра Гавэла сказаў Васіль Быкаў.

Васіль Быкаў: "Цяпер ужо ўсім зразумела, што гады прэзыдэнта Вацлава Гаўла сталі эпохай ня толькі ў гісторыі Чэхіі, але ў нейкай меры і ўсёй Эўропы ці нават усясьветнай супольнасьці. На прыкладзе Гаўла сьвет убачыў ня так часта ў гісторыі ажыцьцяўляны пастулят — мару антыка Плятона пра тое, каб філёзафы апыналіся пры ўладзе, а ўладары рабіліся філёзафамі. Гавэл — і філёзаф, і дэмакрат, што вельмі важна ў наш супярэчлівы блытаны век. Я, быўшы ў Бэрліне, паслаў яму ліст з просьбай знайсьці магчымасьць прыняць у Карлаў унівэрсытэт маладых беларусаў, якія за палітыку, за апазыцыйнасьць да нялюдзкай улады былі выкінутыя зь беларускіх унівэрсытэтаў, — тым самым узнавіць даўнюю традыцыю Масарыкавай рэспублікі. Празь нейкі час тое было зроблена. Цяпер шмат беларускай моладзі вучыцца ў Празе, яны, можа, і ня ведаюць, каму найперш трэба сказаць беларуска-чэскае «дзякуй».

У маім лёсе Вацлаў Гавэл таксама значыў нямала: даў мне гасьцінны прытулак у Чэхіі, а яшчэ раней зь ягонай ініцыятывы мы спаткаліся ў ягонай рэзыдэнцыі, дзе прэзыдэнт дужа цікавіўся лёсам Беларусі. На жаль, я ня мог нічым усьцешыць прэзыдэнта і палітыка, філёзафа і гуманіста-пісьменьніка. Лёс Беларусі быў звыкла чорны, бы эгіпецкая ноч. Тое дужа непакоіла Гаўла, які сам у свой час прайшоў доўгую ноч прыгнёту і дысыдэнцтва, ды ўрэшце дасяг сонца свабоды і дэмакратыі. Ягоны прыклад грэў, поўніў сэрца надзеяй. Мілае сэрцайка чэскага прэзыдэнта, калі яно і сыдзе з прэзыдэнцкага даху, будзе доўга гарэць дабром і надзеяй у сэрцы ня толькі чэхаў, але і іншых народаў сьвету, і беларусаў найперш. Дзякуй вам, вялікі чэх Гавэл, за тое, што вы нарадзіліся на гэтай зямлі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG