Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абяцае танны расейскі газ


Беларусь зь 2012 году будзе атрымліваць расейскі газ па ніжэйшых цэнах. Таксама афіцыйны Менск гатовы прадаць «Газпрому» свой пакет акцый «Белтрансгазу» за 2,5 мільярда даляраў пры выкананьні шэрагу ўмоў.

Пра гэта кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў 30 верасьня журналістам у Маладэчне. Паводле Лукашэнкі, падчас нядаўняй сустрэчы кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер сказаў, «што з кіраўніцтвам Расеі ўзгоднена, што ў будучым годзе Беларусь мае права і атрымае цэны значна ніжэйшыя, чым сёньня мы купляем расейскі газ».

Гэта зьвязана з тым, што з 1 студзеня 2012 году Беларусь будзе працаваць з партнэрамі з Расеі і Казахстана ў рамках адзінай эканамічнай прасторы.

«Як вы ведаеце, АЭП нам дасталася нятанна. І ўзрушэньні на валютным рынку Беларусі таксама збольшага былі зьвязаны з АЭП», — адзначыў Лукашэнка.
І ўзрушэньні на валютным рынку Беларусі таксама збольшага былі зьвязаны з АЭП.

Беларусь гатовая прадаць «Газпрому» свой пакет акцый «Белтрансгазу» за 2,5 мільярда даляраў пры выкананьні шэрагу ўмоў, перадае БЕЛТА.

«Вы ведаеце, што „Газпром“ цікавіць перш за ўсё 50% акцый „Белтрансгазу“, якія знаходзяцца ва ўласнасьці Беларусі. Яны гатовыя купіць іх па тых жа цэнах, як і першыя 50% акцый, за 2,5 мільярда даляраў. Мы ня супраць, але мы выстаўляем свае патрабаваньні».

Першае патрабаваньне палягае ў тым, «каб па гэтай трубе заўсёды ў поўным аб’ёме прапампоўваўся газ на Захад». «Для таго, каб мы мелі пэўную плату за транзыт, каб „Белтрансгаз“, калі ён будзе расейскім, плаціў тут падаткі».

Другое патрабаваньне палягае ў выхадзе на роўнадаходныя цэны на газ. Мы зьвязваем гэта з адзінымі роўнадаходнымі цэнамі ў Расеі і Беларусі. Да гэтага яшчэ падштурхоўвае і адзіная эканамічная прастора, заявіў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што ня толькі падчас перамоваў з кіраўніком «Газпрому» Аляксеем Мілерам, але і падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым у Сочы ў якасьці аднаго з блёкаў на перамовах абмяркоўвалася пытаньне аб роўных умовах гаспадараньня суб’ектаў у дзьвюх краінах.

«У адваротным выпадку, які быў нам сэнс уступаць у АЭП, калі мы ня маем роўных магчымасьцяў. Павінны быць роўныя ўмовы».

Паводле Лукашэнкі, Мядзьведзеў згадзіўся з гэтымі довадамі і заявіў, што разумее пазыцыі кіраўніка Беларусі. У гэтым жа ключы ішла размова і з Аляксеем Мілерам.

«Ён мне прама заявіў, што гэта ўзгоднена з кіраўніцтвам Расеі, што ў будучым годзе Беларусь мае права і атрымае цэны значна ніжэйшыя, чым сёньня мы купляем расейскі газ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG