Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя прадпрымальніка Жукаўца прагучала ў АБСЭ


28 верасьня прадстаўнікі Зьвязу для Дэмакратыі ў падтрымку Беларусі выступілі на штогадовай канфэрэнцыі АБСЭ па правах чалавека, якая сабрала каля тысячы прадстаўнікоў урадаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці з 56 краінаў-удзельніц АБСЭ. У складзе дэлегацыі Зьвязу выступіў сябра Нацыянальнай рады БХД Анатоль Міхнавец.

Актывіст распавёў удзельнікам канфэрэнцыі пра сытуацыю зь іншым сябрам БХД, прадпрымальнікам Андрэем Жукаўцом, чые правы, на яго думку, парушаюцца польскімі ўладамі. Ён адзначыў: «Выкарыстоўваючы розныя мэтады, работнікі спэцслужбаў Беларусі распраўляюцца зь беларускай апазыцыяй і ў Эўропе».

Як расказаў спадар Міхнавец, Андрэй Жукавец — прадпрымальнік, былы сябра «Маладога фронту». За дапамогу беларускай апазыцыі супраць яго сфабрыкавалі крымінальную справу, пасьля чаго ён вымушана зьехаў зь Беларусі ў Польшчу. Як лічыць Анатоль Міхнавец, справа Андрэя Жукаўца вельмі падобная да справы Алеся Бяляцкага, які сядзіць у турме, бо ўлады Літвы і Польшчы выдалі інфармацыю пра фінансавую дапамогу, якую міжнародныя структуры аказвалі беларускім праваабаронцам.

На ўсе скаргі ў вышэйшыя інстанцыі Жукавец атрымлівае адпіскі пра незалежны суд у Беластоку. Але нядаўна беластоцкі суд вынес рашэньне аб выезьдзе ў Беларусь, дзе з дапамогай міліцыі і пракуратуры Беларусі будуць дапытваць сьведак. У падтрымку Жукаўца неаднаразова выступалі прадстаўнікі беларускай апазыцыі, аднак плёну гэта ня мела.

Выступоўца заклікаў удзельнікаў канфэрэнцыі падтрымаць Андрэя Жукаўца: «Цяпер спадзяваньне толькі на міжнародны рэзананс. У Польшчы, якая ў дадзены момант старшынюе ў Эўразьвязе, судом у Беластоку парушаюцца як польскія законы, так і Эўрапейская канвэнцыя правоў чалавека», — заявіў Анатоль Міхнавец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG