У судзе Маскоўскага раёну Менску распачаўся працэс над Сьвятаславам Барановічам — удзельнікам сьнежаньскай Плошчы. Яго вінавацяць паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — «Удзел у масавых беспарадках», паводле якога абвінавачанаму пагражае зьняволеньне тэрмінам ад трох да васьмі гадоў.
Сьвятаслаў Барановіч — сярод апошніх фігурантаў падзей на плошчы Незалежнасьці ў Менску, супраць якога была распачатая крымінальная справа. Яго затрымалі і зьмясьцілі ў турму на вуліцы Валадарскага 15 чэрвеня, калі бальшыня абвінавачаных у так званых «масавых беспарадках» ужо атрымалі турэмныя тэрміны і адбывалі пакараньне. Сьвятаслаў Барановіч выстаўленыя абвінавачаньні прызнаў часткова, а свой працэс называе працягам гандлю людзьмі:
«Лічу, што кожны чалавек, які атрымлівае ўдар у галаву, ён мусіць супраціўляцца, інакш атрымае яшчэ адзін. Тады ўжо супраціўляцца не спатрэбіцца. Я як асоба лічу, што павінен ісьці наперад і дамагацца нейкіх пераменаў. А ўлады — крэдыту, пэўна, хочуць узяць у Эўропе новага — бо хутка ж старыя пазыкі аддаваць трэба».
Суд над Сьвятаславам Барановічам распачаўся ў той жа залі пасяджэньняў, празь якую прайшло багата ягоных папярэднікаў — удзельнікаў акцыі пратэсту, асуджаных на гады турэмнага зьняволеньня. Пракурор Серакоў зачытаў стандартнае абвінавачаньне пра падпалы, пагромы і напады на прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. Як і ў папярэдніх судах, тыя ж сьведкі-амапаўцы працягвалі апавядаць пра пашкоджаньні, якія яны нібыта атрымалі ў выніку масавых беспарадкаў. Але, у адрозьненьне ад мінулых працэсаў, рэжым пропуску, допытаў, ход самога працэсу сталіся мякчэйшымі, што дазваляе спадзявацца і на мякчэйшы вырак, кажа праваабаронца Наста Лойка:
«Больш мяккія фактары гэтага працэсу — гэта тое, што і сам абвінавачаны не пад вартай, а пад падпіскай пра нявыезд, і пракурор пытаецца ў так званых пацярпелых, ці ня маюць яны прэтэнзій да абвінавачанага. Гэта можа сьведчыць пра тое, што ня будзе занадта суровая мера пакараньня. Спадзяемся, што гэта ня будзе зьвязана з пазбаўленьнем ці абмежаваньнем волі, а максымум — гэта будзе штраф ці ўмоўны тэрмін».
Суд над Сьвятаславам Барановічам распачаўся яшчэ 29 жніўня і быў перапынены ў той жа дзень таму, што з 29 АМАПаўцаў, заяўленых у судзе ў якасьці пацярпелых, у суд зьявіліся толькі 12. Тады ж было прынятае рашэньне пра зьмену меры стрыманьня — з арышту на падпіску пра нявыезд. Гэтым разам у суд прыйшлі 10 сьведак, але пасьля іх допыту судзьдзя Алена Рудніцкая ізноў абвясьціла перапынак, каб выклікаць у суд астатніх пацярпелых. Гаворыць адвакат Рыгор Мароз:
«Усё ідзе паводле пляну, прадугледжанага судом: падтрымліваецца абвінавачаньне з боку пракурора. Пацярпелыя толькі канстатавалі факт таго, што адбылося на плошчы, а абвінавачанага ня ведаюць і прэтэнзій да яго ня маюць. Думаю, што тыя пацярпелыя, якіх яшчэ будуць выклікаць у суд, апынуцца ў гэткім жа становішчы».
Перапынак у судовым працэсе над удзельнікам Плошчы-2010 Сьвятаславам Барановічам працягнецца да 12 кастрычніка.