Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяса зьявілася, але хто яго купіць?


Асартымэнт мяснога аддзелу крамы «На Нямізе».
Асартымэнт мяснога аддзелу крамы «На Нямізе».
Значнае падвышэньне цэнаў на сьвініну і ялавічыну вымусіла значную колькасьць спажыўцоў перайсьці на менш якасныя і больш танныя гатункі мяса. У асартымэнце мясных аддзелаў крамаў і рынкаў зараз пераважаюць паўфабрыкаты і косткі. Якаснае мяса таксама зьявілася, але для большасьці спажыўцоў яно стала недаступным па коштах.

У вітрыне мяснога аддзелу ўнівэрсаму «На Нямізе» — ялавічына і сьвініна коштам 75 і 82 тысячы рублёў адпаведна. Чарга даўжынёю ў дзясятак чалавек, аднак, ня рухаецца: людзі чакаюць сечанага мяса — гэта значыць з косткамі і, адпаведна, таньнейшага. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Вы стаіце ў чарзе — чакаеце чагосьці?».

Спадарыня: «Так, чакаю мяса, якое мяне задаволіла б».

Карэспандэнтка: «Вы хочаце ўзяць выразку ці філе?».

Спадарыня: «Не, філе вось ляжыць. Я хачу ўзяць расьсечанае мяса, якое з косткай. А чыстае мяса — яно даражэйшае».

Карэспандэнтка: «Ці купляеце вы яго калі-небудзь?».

Спадарыня: «Вы ведаеце, я лічу, што гэта занадта шыкоўнае мяса — мне можна і прасьцейшае».

Іншая спадарыня: «Сьвініна і ялавічына вось, бачыце, ёсьць, але даражэйшыя сталі».

Карэспандэнтка: «Вы звычайна бераце лепшае?».

Іншая спадарыня: «Якое лепшае?! Бяром вось па 29 тысяч з косткамі».

Спадарыня: «Лепшае — гэта толькі калі ўжо госьці».

Сьвініна і косткі.
Курыня шыі і лапы — замест мяса і вяндліны.
Пакупнікі больш назіраюць, чым набываюць.
На Камароўскім рынку каля прылаўкаў зь лепшым мясам пуста.
Адпаведныя настроі выявілі і пакупнікі Камароўскага рынку. Тут, як і ў дзяржаўных гастраномах, мясныя аддзелы перапоўненыя таннымі косткамі і сьвінымі ды курынымі вантробамі. Гутару з пакупнікамі:

Спадар: «Я звычайна штодня на рынак хаджу — купляю хлеб, малако, іншым разам каўбасу».

Карэспандэнтка: «А мяса?».

Спадар: «Ну, гэта занадта ўжо кошты паднялі. Занадта. Калі яны паўгода таму ўсё прыраўнялі да даляра, дык даляр упаў, заробкі ўпалі, а кошты — ніяк».

Спадарыня: «Хіба можна годна жыць, калі ў мяне пэнсія была, да прыкладу, 200 даляраў, а зараз 100 — і кошты вырасьлі ўдвая?».

Іншая спадарыня: «Якое ўдвая?! Утрая, а то і ў чатыры разы».

Карэспандэнтка: «На чым вы сталі эканоміць — на адзеньні ці харчаваньні?».

Спадарыня: «На ўсім — і на харчаваньні, і на адзеньні».

Іншая спадарыня: «Менавіта на ўсім. Хутчэй гароднінай зь лецішча абыдзесься, чым па мяса зьезьдзіш».

Што робяць з заляжалай сьвінінай і ялавічынай у краме «На Нямізе», загадчыца мяснога аддзелу патлумачыць адмовілася. Больш гаваркімі аказаліся гандляркі Камароўскага рынку. Гутару з адной з прадавачак у мясным радзе:

Карэспандэнтка: «Што зьмянілася пасьля росту коштаў — ці гэтак жа ахвотна людзі набываюць мясную прадукцыю, як і раней?».

Прадавачка: «Менш бяруць, менш, бо вельмі дорага. У сярэднім падаражэла ўдвая, а то і ў тры разы. Нават для нас, супрацоўнікаў — здаецца, мы і працуем, і па сабекошце можна дамовіцца, але ўсё роўна дорага — заводы пастаўляюць дарагое мяса».

Карэспандэнтка: «Што часьцей купляюць — чыстае мяса ці паўфабрыкаты?».

Прадавачка: «Не, ня мяса — больш просяць лівэру: пячонкі, почак — разьдзіраюць лядоўню, калі раптам зьявяцца почкі. Ну, хвасты дык зусім зьніклі — і сьвіныя, і каровіны. Няма рубца, няма лёгкага — лівэру практычна зусім няма».

Карэспандэнтка: «Ці застаецца прадукцыя і які яе лёс? Да прыкладу, заляжалася мяса — бывае такое ці не?»

Прадавачка: «Не, такога не бывае. Гэтулькі, колькі мы хочам, нам не даюць. І нас прымушаюць усё тое, што мы атрымліваем, раскладаць на два ці тры прылаўкі. А што я раскладу, калі ў мяне ў самой пустая лядоўня? Увогуле я лічу, што гэта хібы Мытнага саюзу — адкрытыя межы, толькі і ўсяго».

Значная частка вітрын мясных радоў на Камароўскім рынку дагэтуль пустуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG