Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапануе "Газпрому" купляць прадпрыемствы


«Газпром» можа ўзяць удзел у куплі акцыяў ня толькі «Белтрансгазу», але і іншых беларускіх прадпрыемстваў на ўмовах Беларусі, заявіў Аляксандар Лукашэнка 23 верасьня на сустрэчы ў Менску са старшынём праўленьня «Газпрому» Аляксеем Мілерам.

«Усе прывыклі гаварыць, што ў нас з „Газпромам“ ёсьць адна праблема — гэта цэны на будучыя пастаўкі прыроднага газу, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА. — Але я ведаю, што вельмі даўно, яшчэ да вашага прыходу ў „Газпром“, ішлі перамовы аб тым, што нам трэба пашырыць супрацоўніцтва з „Газпромам“, і вызначаліся цікавыя праекты. Я схільны да таго, каб і іх абмеркаваць, паколькі мы з вамі ужо вельмі даўно не сустракаліся, а праектаў можа быць дастаткова для абмеркаваньня».

Як падкрэсьліў Лукашэнка, «праектаў нямала». «У тым ліку я абсалютна не выключаю, гэта адно з пытаньняў — акцыянаваньне і купля акцый „Белтрансгазу“, магчыма, і іншых прадпрыемстваў, якія будуць цікавіць „Газпром“, і калі „Газпром“ будзе згодны на тыя умовы, якія сёньня прапануюцца ў Беларусі. Ёсьць цэлы пакет пытаньняў, якія мы гатовы разглядаць», — сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні падчас сустрэчы Мілера зь беларускім прэм’ерам Міхаілам Мясьніковічам былі дасягнуты прынцыповыя дамоўленасьці па прасоўваньні наперад ва ўзаемных перамовах.

Гаворачы пра цану на прыродны газ, што пастаўляецца ў Беларусь, Лукашэнка сказаў кіраўніку «Газпрома»: «Ведаю, што вы палітыкай не займаецеся, але тым ня менш заўсёды гэтае пытаньне становіцца палітычным, калі мы адкладваем на доўгі час вырашэньне пытаньняў з „Газпромам“. Хацелася б, каб мы апэратыўна вырашалі гэтыя пытаньні».

Ён таксама адзначыў, што гэтыя праблемы абмяркоўваліся як з прэм’ер-міністрам Расеі Ўладзімірам Пуціным, так і з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым падчас нядаўняй сустрэчы ў Сочы. «Я вельмі задаволены быў гэтай сустрэчай, і думаю, што ў гэтым ключы мы можам прадоўжыць нашу працу», — сказаў беларускі кіраўнік.

У сваю чаргу Мілер на сустрэчы заявіў: «У апошнія месяцы перамовы ішлі вельмі пасьпяхова, і я ведаю, што яны ідуць пад вашым непасрэдным кантролем. Мы сёньня ужо рэальна выходзім на гатоўнасьць сур’ёзнага пакета дакумэнтаў. Гэта і новы кантракт на пастаўку газу ў Беларусь з 1 студзеня 2012 году, падмацаваны міжурадавым пагадненьнем аб прынцыпах цэнаўтварэньня і тарыфаўтварэньня. Гэта і міжурадавае пагадненьне, і дагавор куплі-продажу 50% акцый «Белтрансгазу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG