Сінягова — немаленькая вёска, якая схавалася за дрымучымі лясамі, на самым краі Старадароскага раёну. Яна аб’яўлена аграгарадком, але аграгарадоцкіх тыповых домікаў тут няма. Хоць прыгожых, дыхтоўных хат хапае. І тутэйшая школа, капітальны цагляны будынак зь вялікаю спартоваю заляю, можа працаваць яшчэ не адзін дзясятак гадоў. Дзякуй Богу, дзяцей у Сінягове хапае. Госпада я тут памянуў зусім не здарма. Справа ў тым, што сярод трох сотняў жыхароў Сінягова больш за сотню зьяўляюцца вернікамі Царквы веры эвангельскай. Прыгожыя дамы — гэта дамы пратэстантаў. А іх царква — сапраўдны архітэктурны помнік. Што адрозьнівае пратэстантаў ад іншых хрысьціян, акрамя падрабязнага вывучэньня сьвятога пісьма, дык гэта шматдзетнасьць і брацкая ўзаемадапамога. Адсюль і змаганьне за сваю школу. Дамо слова пастару царквы Мікалаю Сьвінко.
— У чым прычына таго, што школу ў Сінягове закрываюць? Звычайная прычына ў Беларусі — няма дзяцей.
— У нас ёсьць дзеці. Аднаўляюць школу ў Пасецы, куды ўклалі парадку чатырохсот мільёнаў. А ў нас дзяцей болей, чым у іх. Грошы туды ўклалі, а пасьля адчыталіся. Куды мы ні зьвярталіся, нам даюць адпіскі, але ні на адно пытаньне не адказалі. Чаму апошнім часам не ўкладалася ў нашу школу а ўкладалася ў Пасеку? У мінулым годзе мы адстаялі, а ў гэтым годзе ўжо ўсё. Не змаглі.
— За што вам такі гонар?
— Мы ўбачылі насамрэч, што такое клопат пра шматдзетныя сем’і. Як улады хвалююцца, каб моладзь заставалася на вёсцы. Па факце, мы ж аднавілі гэтае сяло. Усе новыя дамы, якія бачым, гэта ўсё нашы людзі. Узялі крэдыты, нараджалі дзяцей. У нас усе сем’і шматдзетныя.
— А колькі тут шматдзетных сем’яў?
— Дзевяць, дзе ёсьць школьнікі. Дваццаць дзевяць школьнікаў і ад нуля да шасьці гадоў — сорак пяць дзяцей. Мы сабралі 95 подпісаў. І прэзыдэнту, і куды мы толькі не пісалі. І ў дзяржкантроль, і ў Савет бясьпекі, дзе паказалі дыскрымінацыю нашых дзяцей. У нас нараджаюцца дзеці. У нас летась нарадзілася восем дзяцей. Сёлета — сем.
— Хто-небудзь вам адказаў?
— Адпісак цэльны пачак. Усе, як пад капірку. Што створаны ўсе ўмовы.
— Тут можа быць нейкая няпрыязь да пратэстантызму збоку ўлады?
— Яны ж адкрыта гэта не выяўляюць. Але аналізуючы сытуацыю… Напэўна, ёсьць непрязь.
У Сінягова пряжджаюць на сталае жыцьцё людзі не толькі з навакольных вёсак, але нават і з гарадоў. Як былы жыхар Салігорску Павал.
— Для мяне было самае страшнае — жыць у вёсцы. І ня трэба расказваць многа. Кожны ведае, што ў горадзе лягчэй жыць. Чаму сёньня моладзь сяла рвецца ў горад? Таму, што лягчэй зарабіць. Адна журналістка сказала такія словы — моладзь ня хоча заставацца ў вёсцы, бо там маленькія зарплаты і трэба працаваць без выходных. А ты сама б сваё дзіця адправіла б туды, дзе няма зарплаты? Гэта рабства.
29-цігадовы Павал працуе ў вайсковай частцы. Ён бацька траіх дзяцей. І зьмірыцца з думкай, што са шматдзетнага Сінягова прыйдзецца езьдзіць у паміраючыя Пасекі, яму вельмі цяжка.
— Па праграме разьвіцьця сяла мы пабудавалі дамы. Людзі з гораду зьдзіўляюцца, што ў такіх прыгожых дамах жывуць у вёсцы. А школа за восем кілямэтраў. Я б не ваяваў за школу, калі б у той вёсцы было болей дзяцей. Там жа няма дзяцей. Пройдзе некалькі гадоў і калі будзе такая ж тэндэнцыя, тым будзе стаяць будынак, куды трэба будзе вазіць вучняў. І ўсё.
Сінягоўцу Юрыю гадоў 50. Ён таксама не разумее, за што сінягоўцам такая бяда.
— Што самае цяжкае, калі шмат дзяцей?
— На сёньняшні дзень, напэўна тое, што закрылі школу. Калі пра матэрыяльнае, дык з божай дапамогай… А тое, што дзецям за восем кілямэтраў прыйдзецца езьдзіць у школу…
— Вы ўсё зрабілі для таго, каб яе не закрылі?
— На сёньняшні дзень так. Зьвярталіся, куды было можна. Але не пачулі нас.
Уладзімір — мужчына моцны і абаяльны. Вэтэран Аўганістана. Узнагароджаны мэдалём «За адвагу». Ён першы зь сінягоўцаў стаў шматдзетным татам.
— Валодзя, вы ваявалі ў Аўганістане.
— Была такая справа.
— І ў вас дзяцей хапае?
— Чацьвёра. Карэспандэнт Беларускага тэлебачаньня сказала такую фразу — а ў вас што, такая фішка, мець многа дзяцей? Для яе гэта незразумела. І вось гэты чалавек прыехаў здымаць рэпартаж пра тое, як раённыя ўлады пакінулі ўбаку распараджэньне прэзыдэнта пра падтрымку маладых сем’яў на сяле.
— І ваша баявое мінулае не адыграла ніякай ролі.
— У мяне самая першая шматдзетная сям’я аказалася. І каб набыць дом, мне трэба было аформіць крэдыт. Ільготны на сорак гадоў. І я аказаўся першы ў раёне. Раённыя ўлады аказаліся ў недаўменьні, што так можна зрабіць. У аблвыканкаме, калі кансультаваўся ў юрыста, яна мне сказала наступнае. «Вы трэба былі, калі вы трэба былі. А зараз вы нікому не патрэбныя». Яна мела на ўвазе воінаў-інтэрнацыяналістаў. І паколькі падымаўся аўтарытэт шматдзетных сем’яў, давайце выкарыстоўваць гэтыя законы. І гэта спрацавала. Справа зрушылася адразу».
Але пратэстуюць ня толькі сінягоўкія бацькі. Вось настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Іванаўна вырашыла не ісьці працаваць на новае месца.
— Галіна Іванаўна, колькі вы прапрацавалі ў гэтай школе?
— Дваццаць гадоў.
— І з вамі не працягнулі кантракт?
Дзецям буду гаварыць, што трэба змагацца за справядлівасьць, расказваць пра Багушэвіча, пра Коласа і Купалу, а сама буду прагінацца пад начальства?
— Не. Я сама пайшла. У школе мы павінны выхоўваць патрыётаў, людзей з сумленьнем, высокамаральных. А калі, прабачце мяне, высокае начальства наша хлусіць, то каго мы можам выхаваць? Тыя, хто кіруе пэдагогамі, калі яны самі хлусяць, што ўжо гаварыць пра дзяцей. А тыя, хто кіруе намі, некалі самі былі настаўнікамі. І калі было ў іх сумленьне, то высокія пасады сумленьне даўно ўжо зьнішчылі. Не магу я там працаваць. Не хачу ісьці на кампраміс са сваім сумленьнем. Дзецям буду гаварыць, што трэба змагацца за справядлівасьць, расказваць пра Багушэвіча, пра Коласа і Купалу, а сама буду прагінацца пад начальства? Тут у мяне нестыкоўка атрымліваецца. Я не магу так. Гаварыць адно, рабіць другое, а думаць трэцяе.
— Трэба ж некаму вучыць. Што, адны крывадушныя павінны ў школах заставацца?
— Я думаю, што раённыя начальнікі рады, што мы пайшлі са школы. Ім прасьцей зь іншымі працаваць, чым з намі. Мы можам сказаць і праўду, і дзесьці не пагадзіцца. Каму такія людзі на сёньняшні дзень трэба? Нікому. Настаўнік у нашай сыстэме адукацыі — гэта быдла. Кожны можа папіхнуць і абразіць.
Можа скласьціся ўражаньне, што сінягоўскія пратэстанты, а бацькі школьнікаў у асноўным яны, складаюцца зь людзей, якія не працуюць у мясцовым калгасе. Гэта ня так. Вось са зьмены прыехаў кіроўца Зьміцер. Які ўмудраецца выжываць з трыма дзецьмі на сваю маленькую зарплату ў СВК.
— Калі мы сяліліся, калі я зьбіраўся будаваць дом, скажыце, гавару, школа застанецца? Будавацца можна? «Без пытаньняў! Заставайцеся, будуйцеся, жывіце. Ніякіх праблем». З часам вось да чаго прыйшлі. Вось і жыві, і будуйся. Што такое школа ў вёсцы? Няма школы — няма вёскі. Кожны чалавек гэта ведае. Што такое, калі дзіця на месцы пайшло і вярнулася, і што такое, калі яно за восем кілямэтраў паехала?
Дазволю сабе не пагадзіцца са Зьмітром. З закрыцьцём школы вёска не памірае. Калі ў вёсцы ёсьць столькі дзяцей і столькі неабыякавых да іх будучыні, працавітых, непітушчых бацькоў. Трэба толькі пачакаць. А моцныя сьцены сінягоўскай школы бліжэйшым часам не разваляцца.
Падарожжы Свабоды