Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты напярэдадні “маўклівых” прагулак


Сёньня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Анатоль Сотнікаў пакараў адміністрацыйным арыштам двух распаўсюднікаў улётак пра маўклівую акцыю пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, якую мяркуецца данавіць 21 верасьня. Дзьмітры Шаўчэнка арыштаваны на 15 сутак, Дзьмітры Карашкоў – на трое. Яны прызнаны вінаватымі ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства.

Розныя тэрміны арышту тлумачыцца дзьвюма прычынамі. Шаўчэнка віну сваю прызнаў часткова: так, распаўсюджваў інфармацыйныя матэрыялы пра маўклівую прагулку 21 верасьня між прыпынкам грамадзкага транспарту “Фабрыка “8 сакавіка” і цыркам. Але ў іх няма заклікаў браць удзел у нейкіх супрацьпраўных дзеяньнях. Няма нават слоў “чакаем”, “прыходзьце” – хіба толькі, калі чытаць між радкоў.

Шаўчэнка: “Я ня ведаю, каб у Канстытуцыі быў нейкі артыкул, які забараняе людзям гуляць у сваім горадзе. Вы мне дакажыце, што там ёсьць заклікі зьбірацца й абмяркоўваць дзеяньні ўладаў. Словы “я вас чакаю”, “я вас заклікаю”, “давайце абмяркоўваць дзеяньні ўладаў” – хіба толькі, калі вы ўмееце добра чытаць між радкоў”.

Судзьдзі Сотнікаву 36-гадовы беспрацоўны інжынэр Дзьмітры Шаўчэнка добра знаёмы. У мінулым жніўні судзьдзя пакараў яго 3 суткамі адміністрацыйнага арышту за запіс у сацыяльнай сетцы “Укантакце”. Таму сёньня Шаўчэнка атрымаў максымасльнае пакараньне – 15 сутак арышту. Шаўчэнка пасьля выраку у зале суду заявіў: “Ад гэтага часу я абвяшчаю галадоўку”.

Дзьмітры Карашкоў пакараны 3 суткамі арышту. Пры канцы судовага разьбіральніцтва спадар Карашкоў пагадзіўся з судзьдзём, што ўсё-ткі парушыў закон пра масавыя мерапрыемствы. Да таго ж судзьдзя ўлічыў, што Карашкоў мае працу – ён машыніст цеплавозу на вагонарамонтным заводзе.

І Шаўчэнку, і Карашкова спэцназаўцы Васіль Бондар і Андрэй Купрыяновіч затрымалі 17 верасьня на Прудкоўскім рынку. Там яны раздавалі мінакам інфармацыйныя лісткі пра аднаўленьне “маўклівай” прагулкі ў горадзе. Затрыманых пасьля апытаньня ў Чыгуначным РАЎСе прэвэнтыўна накіравалі на суткі ў ізалятар, адкуль сёньня і прывезьлі ў суд.

Апроч спэцназаўцаў, у якасьці сьведкі ў судзе даваў паказаньні і беспрацоўны Іван Якімаў, які адбывае нейкі “выпрабавальны тэрмін” і якога распаўсюднікі нібыта запрашалі на акцыю.

Спадар Якімаў засьведчыў у судзе, што ўлётку нават не пасьвеў прачытаць, а зьмест яе яму “наагул па барабану”. Па просьбе спэцнаўазцаў ён “сваім ходам” выправіўся ў Чыгуначны РАЎС, каб пацьвердзіць супрацьпраўныя дзеяньні распаўсюднікаў.

Гомельскія ўдзельнікі маўклівых акцый пратэсту, якія назіралі за судом над Шаўчэнкам і Карашковым, лічаць прысуды беспадстаўна жосткімі.

Андрэй: “Прысуды былі вельмі жорсткія. І мне падаецца таму, каб іншым было непавадна. Акцыя адбудзецца ў любым разе, але ў якім маштабе – гэта пытаньне”.

Адна з распаўсюдніц ўлётак пра маўклівыя прагулкі дзеліцца сваімі назіраньнямі:

“Распаўсюджваецца дастаткова шмат інфармацыі. Але народ баіцца. І гэта бачна. Некаторыя людзі наагул апасаюцца браць улёткі ў рукі. Іншыя чытаюць і ківаюць галавой".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG