Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Беларускай вайсковай славы ўпершыню адзначаць у Львове


Сьвяткаваньне адбудзецца ў чацьвер, 8 верасьня. Яно пачнецца зь літургіі, якая прызначаная на 9 гадзін раніцы ў царкве ў цэнтры Львова. Затым беларускія апазыцыянэры Вячаслаў Сіўчык, Юрась Карэтнікаў ды іншыя раскажуць журналістам пра становішча ў Беларусі.

Разам зь імі выступіць і родны брат былога кандыдата ў прэзыдэнты, а цяпер палітвязьня Міколы Статкевіча Аляксандар, які стала жыве ва Ўкраіне.

У праграме таксама сустрэчы з кіраўніцтвам Львоўскіх абласной і гарадзкой радаў дэпутатаў. А бліжэй да вечару ў самым цэнтры гораду адбудзецца масавая акцыя салідарнасьці зь беларускім народам. Пра гэта "Свабодзе" сёньня распавёў старшыня Беларускага цэнтру ва Ўкраіне Вячаслаў Сіўчык:

"Акцыі пройдуць пад нашымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. І яны будуць адчуваць сябе тут свабодна і годна, бо ў Львове ёсьць нямала сапраўдных беларусаў".

Чакаецца, што заўтра трэці год запар Дзень беларускай вайсковай славы адзначаць і ў Варшаве.

Што тычыцца Беларусі, то тут згодна з традыцыяй сьвяткаваць гэты дзень зьбіраюцца на Крапівінскім полі ў бліжэйшыя выходныя.

8 верасьня 1514 году войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астроскім здабыла бліскучую перамогу над войскамі Маскоўскага княства. Тады 30 тысяч ваяроў на беларускай зямлі ўшчэнт разьбілі 80-тысячнае войска.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG