Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні за ўлёткі ў абарону Бяляцкага ў Магілёве

абноўлена

Сярод затрыманых — журналістка Аліна Скрабунова
Сярод затрыманых — журналістка Аліна Скрабунова
16:00 У Магілёве затрыманыя актывіст «Маладой Беларусі» Павал Варашылаў ды незалежныя журналісты Яўген Глушкоў і Аліна Скрабунова. Усе трое знаходзяцца ў Ленінскім аддзеле міліцыі Магілёва.

Паводле праваабаронцы Аляксея Колчына, Варашылава затрымалі, калі ён разам зь іншымі актывістамі распаўсюджваў улёткі, прысьвечаныя арышту Бяляцкага. Журналісты рабілі сюжэт пра акцыю распаўсюду. Што канкрэтна інкрымінуецца затрыманым, невядома. Дзяўчыну й хлопцаў затрымалі непадалёк ад плошчы Леніна.

16:40 Зь Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва адпусьцілі незалежную журналістку Аліну Скрабунову. Яе затрымалі а палове на пятнаццатую непадалёк ад плошчы Леніна абласнога цэнтру.

Разам з сваім калегам Яўгенам Глушковым яна рабіла сюжэт пра распаўсюд актывістамі ўлётак з нагоды арышту праваабаронцы Бяляцкага. Глушкоў яшчэ ў міліцыі.

Журналістка паведаміла, што міліцыянты аргумэнтавалі затрыманьне неабходнасьцю высьветліць яе асобу. Пратаколаў пра затрыманьне ў міліцыі не складалі. Паводле Аліны, у прыватнай гутарцы ёй сказалі, што яна сама ведае, за што яе затрымалі.

У ліпені Аліна Скрабунова адседзела 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

17:00 Магілёўскага актывіста «Маладой Беларусі» Паўла Варашылава выпусьцілі зь Ленінскага аддзелу міліцыі. На яго склалі пратакол апытаньня. Хлопца затрымалі непадалёк ад плошчы Леніна падчас распаўсюду ўлётак, прысьвечаных арышту праваабаронцы Бяляцкага. У міліцыі Павал сказаў, што ўлёткі вырабіў сам і вырашыў іх раздаць людзям. Пры ім іх ужо не было. Усе раздаў.

У Ленінскім аддзеле міліцыі застаецца незалежны журналіст Яўген Глушкоў. Ён разам з Алінай Скрабуновай рабіў сюжэт пра тое, як актывісты распаўсюджваюць улёткі. Дзяўчыну таксама затрымалі і праз паўтары гадзіны вызвалілі. Затрыманьне міліцыянты аргумэнтавалі неабходнасьцю высьветліць асобу журналісткі.

17:50 Незалежнага журналіста Яўгена Глушкова адпусьцілі зь міліцыі. Там ён прабыў каля трох гадзінаў. Ён разам са сваёй каляжанкай Алінай Скрабуновай рабіў сюжэт пра тое, як актывісты распаўсюджваюць улёткі аб арышце праваабаронцы Бяляцкага. Здымалі яны й затрыманьне актывіста «Маладой Беларусі» Паўла Варашылава.

Як паведаміў Яўген Глушкоў, на яго склалі пратакол апытаньня й прагледзелі зьняты відэасюжэт. Паводле журналіста, крамолы на відэакасэце не знайшлі.

Камэнтуючы затрыманьне актывіста й журналістаў, магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын заяўляе, што міліцыя не магла не зьвярнуць увагі на распаўсюд актывістамі ўлётак:

«Плошча Леніна — гэта цэнтар гораду. Тут міліцыі заўжды шмат. Побач жа аблвыканкам. Ходзяць чыноўнікі. Шмат пільных грамадзян, мо хто зь іх і паведаміў пра крамольныя дзеяньні актывістаў. Журналістаў жа затрымалі за тое, што яны здымалі на відэа затрыманьне Варашылава, а да гэтага — распаўсюджваньне ўлётак. Рэакцыя абсалютна беларуская. Хлопца затрымалі тады, калі ўсе ўлёткі параздавалі ўжо. Іх было некалькі сот. Раздавалі іх зь дзясятак актывістаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG