Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалезная заслона на Ўсходзе


Паводле нямецкага тыднёвіка Der Spiegel

Распад СССР падзяліў тых, хто жыве на мяжы паміж Літвой і Беларусьсю, ня толькі фізычным бар'ерам: цяпер празь вёску праходзіць больш значны падзел – паміж Эўразьвязам і апошняй дыктатурай Эўропы. Але дзе людзі адчуваюць сябе больш шчасьлівымі?

Драўляныя дамы Станіслава Аленцыновіча і ягонай цёткі Яніны знаходзяцца за 120 мэтраў адзін ад аднаго, але сёньня іх падзяляе двухмэтровай вышыні жалезны плот. Абодвум каля 60-ці, яны разам вырасьлі ў адной вёсцы, аднак сёньня адзін жыве ў Літве, а другая ў Беларусі, хаця ніводзін зь іх нікуды не пераяжджаў. Іх вёска стала ахвярай вялікіх забурэньняў, якія развалілі СССР 20 гадоў таму. Сёньня паўднёвая палова вёскі, пад імем Пецкуны, належыць імпэрыі Аляксандра Лукашэнкі, якога называюць апошнім дыктатарам Эўропы. Паўночная, званая Нарвілішкі – частка заходняга сьвету.

Ахова і патрульныя аўчаркі

Калі Савецкі Саюз раскалоўся на 15 незалежных дзяржаваў, тут адразу зьявіліся памежныя слупы. Аднак першыя патрулі былі рэдкасьцю, і ахова, як правіла, заплюшчвала вочы, калі нехта хадзіў у ягады альбо вазіў цыгарэты празь мяжу. Потым Літва ўступіла ў ЭЗ, і ўсё зьмянілася. Аднойчы Станіслаў Аленцыновіч прачнуўся ад брэху патрульных аўчарак.

«Давай яшчэ па адной, - гавораць яны, - а потым пойдзем і разбурым разам гэтую няшчасную агароджу»

Мяжа прайшла проста празь ягоны двор. Цяпер частка ягоных земляў – у Беларусі, і нічога не паробіш, бо акт уласнасьці на землі датаваны 1915 годам, калі тэрыторыя належала Расейскай імпэрыі. У Беларусь Аленцыновіч можа наведацца толькі тройчы на год: на Вялікдзень, Троіцу і Каляды. У іншы час для падарожжа з Нарвілішкаў у Пецкуны трэба спачатку зьезьдзіць у Вільню па візу, якая каштуе 25 эўраў. Цана шматразовай візы – у шэсьць разоў большая, яе ў вёсцы ня можа дазволіць сабе ніхто.

«Мы ня ведаем, што будзе заўтра»

На мяжы паміж Літвой і Беларусьсю рэзка кантрастуюць два сьветы: аўтарытарная дзяржава – пераемніца СССР – і адна з маладых усходнеэўрапейскіх дэмакратыяў. І зноў іх падзяляе жалезная заслона.

Таму нават дзіўна, што па часах СССР сумуюць па абодва бакі мяжы. «Прынамсі, тады мы мелі працу, а цяпер ніхто ня ведае, што будзе заўтра», – кажа Аленцыновіч. Ягоны сваяк зь беларускіх Пецкуноў спадзяецца, што «ў адзін цудоўны дзень Пуцін нас злучыць».

Кожны вечар Аленцыновіч завітвае да сваёй суседкі Леакадзіі. Яна жыве з прысядзібнай гаспадаркі і дагэтуль так злуе на распад СССР, што нават аднаму са сваіх сабак дала мянушку «Гарбачоў». Адхланьне наступае а сёмай вечара, калі яна ўключае тэлевізар. Літоўскія каналы яе не цікавяць – яна пагружаецца ў сьвет так любага ёй СССР, настройваючыся на беларускія праграмы. Усё на экране нагадвае ёй ранейшыя часы: лідэр, які паціскае рукі рабочым, словы пра «салідарнасьць з народам Кубы і Вэнэсуэлы», пра «ўклад беларускага вопыту ў аднаўленьне Ірану». Тут гавораць мовай зь яе савецкага дзяцінства.

«Гэта новая сьцяна, якая падзяляе наш кантынэнт, - кажа Клімкявічус. - Мы павінны зламаць яе»

Беларусь выглядае так, як выглядаў бы Савецкі Саюз, калі б камуністы засталіся ля ўлады. Лукашэнка падаўляе апазыцыю і закрывае незалежную прэсу, але вуліцы ў ягонай краіне ў лепшай форме, чым у Польшчы ці Расеі. Калгасы працягваюць існаваць у той час, як па гэты бок мяжы сельская гаспадарка прыйшла ў заняпад, ня вытрымаўшы канкурэнцыі з Заходняй Эўропай. Беларусь для жыхароў Нарвілішкаў выглядае дзяржавай усеагульнага дабрабыту.

Другая, нябачная мяжа

Міма хаты Аленцыновіча лімузын праносіць да замка новых гаспадароў. Гедрус Клімкявічус, бізнэсовец зь Вільні, пасьля распаду СССР зарабіў свае грошы на музычных аўтарскіх правах. Ён адрамантаваў тутэйшы замак, арандаваўшы яго на 99 гадоў. Ягоная жонка – рэгіянальны мэнэджэр цыгарэтнай кампаніі.

Аленцыновіч часта падрабляе ў замку дробнай працай: «Прынамсі, раней мы ўсе былі роўнымі», - наракае ён. У Нарвілішках уздоўж дзяржаўнай праходзіць яшчэ адна мяжа: паміж карэннымі жыхарамі і іх новымі багатымі суседзямі; паміж тымі, хто скарыстаўся магчымасьцямі новай свабоды, і тымі, хто так і не зрабіў скачка зь мінуўшчыны.

Клімкявічус чатыры гады таму арганізаваў музычны фэстываль «Be2gethger», на якім, па задуме, павінны былі граць рок-гурты па абодва бакі мяжы. Ён нават вёў перамовы з Pink Floyd, у спадзеве, што брытанскі гурт выканае сваю эпічную песьню The Wall у Нарвілішках. «Гэта новая сьцяна, якая падзяляе наш кантынэнт, - кажа Клімкявічус. - Мы павінны зламаць яе».

Але Pink Floyd не зьявіўся, а фэст быў праведзены толькі на літоўскім баку. Прынамсі, Клімкявічусу ўдалося пераканаць беларускія ўлады дазволіць сваім грамадзянам бязь візаў перасячы мяжу. Тым ня менш, іх не пакінулі без нагляду: дэсант спэцслужбаў вёў дэталёвыя відэаздымкі з таго боку мяжы, яны здолелі разгледзець нават, што гурт Ляпіс Трубяцкі выканаў песьню «Свабода для Беларусі».

«Разбурым разам гэтую няшчасную агароджу»

Нарвілішкі ажываюць тры разы на год у асноўныя сьвяты, калі адкрываецца мяжа. Тады Аленцыновіч апранае сьвяточны строй і ідзе ў госьці да сваёй цёткі ў Пецкуны. Радня сядае за стол: Аленцыновіч кляне ўрад у Вільні, ягоныя сваякі гэтак жа сама лаюць менскі ўрад. Апошнім часам стала зразумела, што сытуацыя ў Беларусі не такая ружовая, краіна парынула ў крызісе. Аленцыновіч, які прынёс дарагія, па беларускіх мерках, гасьцінцы, некаторы час смакуе сваю ролю багатага сваяка з Захаду.

Увечары надыходзіць час разыходзіцца па сваіх краінах. Мужыкі, выпіўшы і пасьмялеўшы, выходзяць на двор. «Давай яшчэ па адной, - гавораць яны, - а потым пойдзем і разбурым разам гэтую няшчасную агароджу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG