Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жнівень 1991: Хроніка путчу


Напярэдадні гадавіны жнівеньскага путчу 1991 году расейская служба Бі-Бі-Сі апублікавала хроніку тагачасных падзеяў. Прапануем вам пераклад публікацыі зь невялікімі скарачэньнямі.

17 чэрвеня: На сэсіі Вярхоўнага Савету СССР прэм'ер СССР Сяргей Паўлаў патрабуе для сябе асаблівых паўнамоцтваў. Яго падтрымліваюць старшыня КДБ Уладзімер Кручкоў і міністар абароны Дзьмітрый Язаў. Кручкоў прысьвячае значную частку выступу «агентам уплыву», якія нібыта апанавалі ўладныя структуры і СМІ.

20 чэрвеня: Дзяржсакратар ЗША Джэймс Бэйкер папярэджвае савецкага калегу Аляксандра Бясьсьмертных аб падрыхтоўцы змовы, называе прозьвішчы Паўлава, Кручкова, Язава.

20 ліпеня: Ельцын выдае указ аб дэпартызацыі дзяржустаноў і праваахоўных органаў Расейскай Фэдэрацыі.

23 ліпеня: «Советская Россия» публікуе ідэйны маніфэст аднадумцаў ГКЧП - «Слова да народу».

29 ліпеня: Гарбачоў, Ельцын і прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў абмяркоўваюць у Нова-Агарове замену Паўлава, Кручкова, Язава і міністра ўнутраных спраў Барыса Пуга больш лібэральнымі фігурамі пасьля падпісаньня Саюзнай дамовы. Гутарка запісваецца КДБ і робіцца здабыткам кандыдатаў на звальненьне.

31 ліпеня: Праект Саюзнай дамовы гатовы, падпісаньне прызначанае на 20 жніўня. Гарбачоў згаджаецца на аднаканальную сыстэму падаткаабкладаньня, пры якой рэспублікі вылучалі б на ўтрыманьне Цэнтру столькі, колькі палічаць магчымым і неабходным.

4 жніўня: Гарбачоў едзе адпачываць у Фарос.

6 жніўня: Кручкоў даручае генэралам КДБ Аляксею Ягораву і Вячаславу Жыжыну ды камандуючаму ПДВ Паўлу Грачову падрыхтаваць стратэгічны прагноз і пералік захадаў па забесьпячэньні надзвычайнага становішча.

8 жніўня: Грачоў, Ягораў і Жыжын дакладваюць аб немэтазгоднасьці ўвядзеньня надзвычайнага становішча да падпісаньня Саюзнай дамовы. Адказ Кручкова: «Пасьля 20 жніўня будзе ўжо позна».


16 жніўня

07.00: У газэтах апублікаваны тэкст Саюзнай дамовы.

08.00: Кручкоў знаёміцца з матэрыяламі, падрыхтаванымі Грачовым, Ягоравым і Жыжыным, да якіх на апошнім этапе далучыўся намесьнік міністра абароны Уладзіслаў Ачалаў.

11.30: Намесьнік старшыні Савету абароны СССР Алег Бакланаў прыяжджае да Кручкова на Лубянку. Падчас паўтарагадзіннай размовы прымаецца канчатковае рашэньне дзейнічаць.

14.00: Кручкоў загадвае свайму намесьніку Агееву падрыхтаваць адключэньне сувязі і ізаляцыю Гарбачова ў Фаросе. На працягу дня Старшыня Вярхоўнага Савету СССР Анатоль Лук'янаў, які знаходзіцца ў адпачынку на Валдаі, размаўляе па тэлефоне з сакратаром ЦК КПСС Алегам Шэніным, працуе над тэкстам сваёй заявы аб недапушчальнасьці падпісаньня Саюзнай дамовы.

17 жніўня


16.00-18.15: Кручкоў, Паўлаў, Язаў, Бакланаў, Шэнін і памочнік Гарбачова Валерый Болдзін сустракаюцца на аб'екце "АБЦ" – закрытай гасьцявой рэзыдэнцыі КДБ. Прымаюцца рашэньні ўвесьці надзвычайнае становішча з 19 жніўня, сфармаваць ГКЧП, запатрабаваць ад Гарбачова падпісаць адпаведныя ўказы або сысьці ў адстаўку і перадаць паўнамоцтвы віцэ-прэзыдэнту Генадзю Янаеву, Ельцына затрымаць на аэрадроме "Чкалаўскі" пасьля прылёту з Казахстану, далей дзейнічаць у залежнасьці ад вынікаў перамоваў. Язаў па дарозе дадому паспачуваў Гарбачову: «Падпісаў бы Дамову, а потым у адпачынак адпраўляўся б. І ўсё было б добра».

18 жніўня, нядзеля


08.00: Язаў паведамляе сваім намесьнікам, камандуючаму ПДВ Грачову і камандуючаму Маскоўскай ваеннай акругай Мікалаю Калініну аб плянаваным увядзеньні надзвычайнага становішча.

09.00: Цізякоў прылятае са Сьвярдлоўску ў Маскву.

11.00: Кручкоў праводзіць нараду з кіраўніцтвам КДБ, паведамляе аб плянах увядзеньня надзвычайнага становішча, загадвае накіраваць групы супрацоўнікаў цэнтральнага апарату ў Латвію, Эстонію і Літву, перадае свайму намесьніку Валерыю Лебедзеву сьпіс з 69 лідэраў дэмакратычнага руху, за якімі трэба ўсталяваць сачэньне, а па атрыманьні загаду – арыштаваць.

11.30: Гарбачоў тэлефануе Янаеву, паведамляе, што вернецца ў Маскву вечарам 19 жніўня. Янаеў абяцае сустрэць яго ва "Унукаве-2". Гарбачоў працягвае працаваць над сваім выступам на цырымоніі падпісаньня Саюзнай дамовы.

13.30: Барыс Пуга вяртаецца ў Маскву з адпачынку.

14.30: Для перамоваў з Гарбачовым у Крым на асабістым самалёце Язава вылятаюць Бакланаў, Шэін, Болдзін і галоўнакамандуючы сухапутных войскаў Валянцін Варэньнікаў.

16.32: На аб'екце "Зара" (прэзыдэнцкая дача ў Фаросе) адключаныя ўсе віды сувязі, уключаючы канал, які забясьпечвае кіраваньне стратэгічнымі ядзернымі сіламі СССР.

16.50: Бакланаў, Шэнін, Болдзін і Варэньнікаў праходзяць да Гарбачова. Бакланаў паведамляе, што "падпісаньня Саюзнай дамовы ня будзе", што Ельцын "будзе арыштаваны па дарозе", і прапануе "пабыць тут, пакуль мы за Вас зробім усю брудную працу". Варэньнікаў на падвышаных танах выказвае Гарбачову прэтэнзіі ў сувязі з "развалам СССР і Узброеных Сіл" і прапануе сысьці ў адстаўку.

18.00: Гутарка скончана. Па адных зьвестках, прэзыдэнт праводзіў гасьцей словамі: "Ну і мудакі ж вы", па іншых – паціснуў ім на разьвітаньне рукі, паколькі яны пагадзіліся зь яго прапановай вынесьці пытаньне аб становішчы ў краіне і магчымым увядзеньні надзвычайнага становішча на сэсію Вярхоўнага Савету.

20.00: Янаеў, Паўлаў, Кручкоў, Язаў, Пуга, Лук'янаў зьбіраюцца ў крамлёўскім кабінэце прэм'ер-міністра, абмяркоўваюць дакумэнты ГКЧП.

23.25: Янаеў падпісвае ўказы аб ўскладаньні на сябе прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і фарміраваньні Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы (Государственного комитета по чрезвычайному положению - ГКЧП) у складзе сябе, Паўлава, Кручкова, Язава, Пуга, Бакланава, Цізякова и Старадубцава. Прысутныя члены ГКЧП падпісваюць «Заяву савецкага кіраўніцтва», «Зварот да савецкага народу» і Пастанову ГКЧП № 1 аб увядзеньні "у асобных мясцовасьцях СССР" надзвычайнага становішча тэрмінам на шэсьць месяцаў з 4 гадзін па маскоўскім часе 19 жніўня, забароне мітынгаў, дэманстрацый і страйкаў, прыпыненьні дзейнасьці палітычных партый і рухаў за выключэньнем КПСС і УЛКСМ, а таксама выдзяленьні ўсім жадаючым 15 сотак зямлі. Лук'янаў і тэрмінова адкліканы з адпачынку Бясьсьмертных ухіляюцца ад удзелу ў ГКЧП. Кручкоў паведамляе аб існаваньні "арыштнага сьпісу". Рэакцыя Паўлава: «Тысячу трэба!».

23.50: Ельцын прылятае ў Маскву і едзе на дачу ў Архангельскім.

19 жніўня, панядзелак


03.30: Кручкоў абвяшчае кіраўніцтву КДБ, што "перабудова скончылася".

04.20: 60 байцоў групы "Альфа" на чале са сваім камандзірам Віктарам Карпухіным патаемна займаюць пазыцыі ў лесе побач з дачай Ельцына.

04.30: 2-я Таманская мотастралковая, 4-я Кантэміраўская танкавая і 106-я Тульская паветрана-дэсантная дывізіі паднятыя па баявой трывозе.

05.00: Камандуючы Маскоўскай вайсковай акругай генэрал-палкоўнік Калінін атрымлівае з КДБ чыстыя блянкі ордэраў на арышт.

Б.Пуга, Г.Янаеў, А.Бакланаў

05.20: Шэнін уручае дакумэнты ГКЧП старшыні Дзяржтэлерадыё Леаніду Краўчанку з указаньнем "працаваць як у дні пахаваньня вядомых дзеячаў КПСС і дзяржавы".

06.00: Дыктары тэлебачаньня і радыё зачытваюць у эфіры ўказы Янаева і зварот ГКЧП. На экранах зьяўляюцца сцэны з балету «Лебядзінае возера».

06.30: На дачы Ельцына зьбіраюцца Старшыня Вярхоўнага Савету Расеі Руслан Хасбулатаў, Старшыня ўраду Іван Сілаеў, мэр Ленінграду Анатоль Сабчак, народныя дэпутаты РСФСР Генадзь Бурбуліс, Міхаіл Палтаранін, Сяргей Шахрай, Віктар Ярашэнка. Яны пішуць зварот «Да грамадзянаў Расеіі» і перадаюць яго па факсе замежным інфармагенцтвам і радыёстанцыі «Эхо Москвы». Ельцын безвынікова спрабуе датэлефанавацца да Гарбачова і Янаева. Размаўляе з Назарбаевым, старшынямі Вярхоўных Саветаў Украіны і Беларусі Леанідам Краўчуком і Мікалаем Дземянцеем і знаходзіць іх рэакцыю "занадта спакойнай". Зьвязваецца з Грачовым, які кажа, што ня можа парушыць загад. Аднак Ельцын, павесіўшы трубку, упэўнена заяўляе навакольным: "Грачоў наш!".

07.00: Войскі пачынаюць рух на Маскву. Усяго ў горад уводзяцца каля 4 тысяч вайскоўцаў, 362 танкі, 427 бронетранспарцёраў і БМП. Дадатковыя часткі ПДВ перакідваюцца ў навакольлі Ленінграду, Таліну, Тбілісі, Рыгі.

08.55: Ельцын і яго каманда выяжджаюць з Архангельскага. "Альфа", не атрымаўшы указаньняў, ня ўмешваецца.

09.00: На апэратыўнай нарадзе ў КДБ Кручкоў выказвае надзею, што зь Ельцыным, магчыма, атрымаецца дамовіцца.

09.00: Ля помніка Юрыю Даўгарукаму пачынаецца мітынг у падтрымку дэмакратыі і Ельцына.

09.00: Генералаў зьбірае ў Фаросе прэзыдэнцкую ахову, паведамляе, што Гарбачоў захварэў, абяцае павысіць усім зарплату і захаваць пасады пры новым прэзыдэнце. Ахова працягвае несьці службу ў звычайным рэжыме.

09.00: Варэньнікаў, камандзіраваны Язавым ва Ўкраіну, сустракаецца з Краўчуком і патрабуе падтрымаць мерапрыемствы ГКЧП. Кіраўнік рэспублікі адказвае ўнікліва, спасылаючыся на тое, што ўвядзеньне надзвычайнага становішча на тэрыторыі Ўкраіны павінна быць ухваленае рэспубліканскім парлямэнтам.

09.28: Язаў накіроўвае ў войскі шыфратэлеграму аб прывядзеньні ўсіх узброеных сіл СССР у баявую гатоўнасьць.

09.40: Ельцын са спадарожнікамі прыбывае ў Белы дом, у тэлефоннай размове з Кручковым адмаўляецца прызнаць ГКЧП. Інтэнсіўныя тэлефонныя перамовы паміж Белым домам і Крамлём будуць працягвацца да раніцы 21 жніўня.

Танкі на Краснай плошчы

10.00: З дапамогай выдзеленых па ўказаньні Пуга экіпажаў ДАІ войскі займаюць адведзеныя ім пазыцыі ў цэнтры Масквы. Непасрэдна каля Белага дому разьмяшчаецца бронетэхніка Разанскага палка Тульскай дывізіі ПДВ пад камандай генэрал-маёра Аляксандра Лебедзя і Таманскай дывізіі.

10.00: У Крамлі адкрываецца пасяджэньне ГКЧП. Абмяркоўваецца тактыка: перадаць у СМІ кампрамат на дэмакратаў, выкінуць на прылаўкі крамаў усё, што ёсьць у запасе, зьнізіць кошты на некаторыя тавары. Кручкоў дакладвае аб пазыцыі Ельцына. Бакланаў адзначае ў сваім нататніку: "Браць Б.Н.".

10.00: У Ленінградзе на Марыінскай плошчы пачынаецца мітынг пратэсту.

10.15: У Белым доме зьбіраецца Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету РСФСР. Вырашана склікаць пазачарговую сэсію расейскага парлямэнту 21 жніўня.

10.30: Ельцын і Сілаеў сустракаюцца з замежнымі дыпляматамі.

10.50: Сакратарыят ЦК КПСС накіроўвае шыфратэлегарму рэспубліканскім ЦК і абкамам партыі: "Прыміце меры па забесьпячэньню ўдзелу камуністаў у садзеяньні ГКЧП СССР".

11.00: На Манежнай плошчы пачынаецца мітынг. Раздаецца заклік: "Усе на абарону Белага дому".

11.00: Ельцын праводзіць першую прэсавую канфэрэнцыю.

11.00: Супрацоўнікі КДБ дастаўляюць у адну з казармаў ПДВ дэпутатаў Тэльмана Гдляна і Ўладзімера Камчатава.

11.30: Шматтысячная калёна накіроўваецца па Цьвярской да Белага дому.

12.00: У Белым доме зьбіраецца каля 200 расейскіх дэпутатаў. Пачынаецца ўзьвядзеньне барыкад. На сьценах дамоў і станцыях мэтро зьяўляюцца ўлёткі з тэкстам звароту «Да грамадзянам Расіі».

12.10: Ельцын зьвяртаецца да прыхільнікаў зь вежы танка Таманскай дывізіі, называе тое, што адбываецца "рэакцыйным, антыканстытуцыйным пераваротам", зачытвае ўказ аб абвяшчэньні ГКЧП па-за законам.

12.30: Дырэктар лячэбна-аздараўленчага ўпраўленьня пры Кабінэце міністраў Шчарбаткін тэлефануе галоўнаму лекару крамлёўскай лякарні і патрабуе падрыхтаваць мэдычнае заключэньне аб стане здароўя Гарбачова "з пагаршэньнем у апошнія дні".

14.00: "Ядзерныя ад'ютанты" Гарбачова ў парушэньне інструкцыі падпарадкоўваюцца распараджэньню Генералова і зьяжджаюць у Алупку, а ў 19.40 ляцяць у Маскву з усёй апаратурай. Пасьля высьветлілася, што міністар абароны і начальнік Генштабу тэхнічна маглі ўжыць ядзерную зброю бяз санкцыі Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

14.00: Янаеў выдае ўказ аб прыпыненьні працы і наступнай перарэгістрацыі ўсіх СМІ, акрамя Дзяржтэлерадыё і некалькіх афіцыёзных газэт. ГКЧП патрабуе ад Ельцына і яго прыхільнікаў да 16 гадзін ачысьціць Белы дом.

14.00: Падыходы да Белага дому перакрытыя барыкадамі. Натоўп абступае танкі і БТРы, агітуе вайскоўцаў пераходзіць на бок расейскага парлямэнту. Лік абаронцаў Белага дому ў розныя гадзіны будзе вагацца ад 20 да 70 тысяч чалавек.

Б.Ельцын зачытвае заяву

14.00: Ельцын даручае народнаму дэпутату, генэрал-палкоўніку Канстанціну Кобецу арганізаваць абарону Белага дому. У распараджэньні Кобеца – 300 узброеных міліцыянтаў і супрацоўнікаў прыватнага ахоўнага прадпрыемства "Алекс", 150 прафэсійных вайскоўцаў зь ліку дэпутатаў і грамадзкіх дзеячаў, 300 "аўганцаў", каля паўтара тысячы маладых і дужых мужчын з вопытам вайсковай службы. Іх дзеляць на сотні і дзясяткі і прызначаюць камандзіраў.

14.00: Ельцын накіроўвае ў Парыж міністра замежных спраў Расіі Андрэя Козырава з правам сфармаваць урад у выгнаньні, у Свярдлоўск – "рэзэрвовы ўрад" на чале з Алегам Лобавым.

14.00: Камітэт канстытуцыйнага нагляду СССР на чале з Сяргеем Аляксеевым сумняваецца ў законнасьці ГКЧП і патрабуе неадкладнага скліканьня Вярхоўнага Савету СССР.

15.00: Гарбачоў праз свайго памочніка Анатоля Чарняева перадае Генералаву паперу з патрабаваньнямі: аднавіць сувязь і даць самалёт для вылету ў Маскву. Адказу ён не атрымлівае.

15.00-18.00: Адзінае за дні путчу пасяджэньне ўраду. Міністры кажуць аб цяжкасьцях, зь якімі сутыкнецца эканоміка ва ўмовах надзвычайнага становішча і спыненьня заходняй дапамогі. Пасьля пасяджэньня ў Паўлава здараецца гіпэртанічны крыз. Абавязкі прэм'ера пераходзяць да яго намесьніка Віталя Дагужыева.

16.00: Ельцын выдае ўказ аб перападпарадкаваньні сабе саюзных органаў выканаўчай улады.

16.00: Указам Янаева ў Маскве ўводзіцца надзвычайнае становішча, камэндантам гораду прызначаецца камандуючы вайсковай акругай Мікалай Калінін.

16:30: Ельцын і Лужкоў заклікаюць масквічоў пачаць заўтра ўсеагульны страйк. Лужкоў праводзіць у будынку мэрыі на Новым Арбаце нараду з гарадзкімі чыноўнікамі, аддае распараджэньні аб падвозе да Белага дому бэтонных блёкаў, цыстэрнаў зь пітной вадой і перасоўных прыбіральняў.

17.00: Янаеў, Пуга, Бакланаў, Цізякоў, Старадубцаў праводзяць прэсавую канфэрэнцыю ГКЧП. Янаеў называе Гарбачова "сябрам" і запэўнівае, што яны "будуць яшчэ разам працаваць". Тэлегледачы заўважаюць, што ў Янаева дрыжаць рукі.

17.00: Радыёстанцыя Белага дому перадае заклік Ельцына да салдатаў і афіцэраў не падпарадкоўвацца загадам ГКЧП.

19.00: На надзвычайнай сэсіі Ленсавету Сабчак абвінавачвае "злачынную хунту", заяўляе, што не пацерпіць у Ленінградзе надзвычайных камітэтаў, заклікае гараджан выйсьці на наступны дзень на Палацавую плошчу.

20.58: Варэньнікаў накіроўвае ў адрас ГКЧП шыфратэлеграму, у якой патрабуе "неадкладна прыняць меры па ліквідацыі групы авантурыста Ельцына".

22.00: Распаўсюджаная заява прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, у якой ён выказвае заклапочанасьць падзеямі ў Савецкім Саюзе, асуджае "антыканстытуцыйнае выкарыстаньне сілы", падтрымлівае "заклік прэзыдэнта Ельцына да аднаўленьня законных органаў улады". З аналягічнымі заявамі 19-20 жніўня выступаюць іншыя сусьветныя лідэры. Садам Хусэйн называе пераварот у Маскве "добра зробленай справай". Дзеяньні ГКЧП ухваляюць Ясір Арафат, Муамар Кадафі і Слобадан Мілошавіч.

22.02: Буш просіць злучыць яго па тэлефоне з Гарбачовым, ад прапанаванай размовы зь Янаевым адмаўляецца.

22.30: Ельцын сваім указам абвяшчае членаў ГКЧП асобамі, якія зрабілі "найцяжэйшае дзяржаўнае злачынства" і загадвае праваахоўным органам "дзейнічаць у дачыненьні да іх" на падставе Канстытуцыі і законаў.

23.00: Начальнік аховы Ельцына Аляксандар Каржакоў запрашае генэрала Лебедзя для размовы з дарадцам прэзыдэнта Юрыем Скокавым, а затым і з самім Ельцыным. На пытаньне, што ён мае намер рабіць, генэрал адказвае: "Абараняць Белы дом!"

20 Жнівень, аўторак


00.00: На шахтах Варкуты пачынаецца страйк. Усю ноч ля Белага дому паляць вогнішчы і сьпяваюць песьні.

03.00: Зяць Гарбачова Анатоль Вірганскі запісвае аматарскай відэакамэрай зварот прэзыдэнта аб антыканстытуцыйным перавароце і незаконным пазбаўленьні волі. Стужка патрапіць у зьнешні сьвет толькі пасьля краху ГКЧП.

05.00: Над Белым домам падымаецца аэрастат з расейскім трохколерным сьцягам.

09.00: Прадпрыемствы і транспарт Масквы аднаўляюць працу нягледзячы на заклік Ельцына і Лужкова да палітычнага страйку.

09.00-12.00: ГКЧП прымае рашэньне аб штурме Белага дому. Разглядаецца падрыхтаваная аналітыкамі КДБ запіска, у якой пералічаны 11 памылак, дапушчаных за мінулыя суткі. Янаеў падпісвае ўказ, які абвяшчае ўказы Ельцына "незаконнымі і ня маючымі юрыдычнай сілы". Лук'янаву даручаецца выступіць на тэлебачаньні са "стратэгічным дакладам па ключавых праблемах, якія патрабуюць ідэалягічнага тлумачэньня".

10.00-11.30: Лук'янаў сустракаецца ў Крамлі з Руцкім, Хасбулатавым і Сілаевым, адхіляе як "ультыматум" іх патрабаваньне адмяніць надзвычайнае становішча і забясьпечыць сустрэчу з Гарбачовым.

12.00: Кіраўніцтва прафсаюзаў і ЦК УЛКСМ патрабуюць выключыць ужываньне сілы, даць Гарбачову магчымасьць зьвярнуцца да народу.

Б.Ельцын вітае масквічоў з балькона Белага дому

12.00-15.00: Ля Белага дому ідзе мітынг. Выступаюць Ельцын, Шэварнадзэ, Папоў, Алена Бонэр. Супрацоўнік ленінградзкай мэрыі і афіцэр дзейнага рэзэрву КДБ Уладзімер Пуцін піша рапарт аб звальненьні з органаў.

12.30: Члены Савету Бясьпекі СССР Яўген Прымакоў і Вадзім Бакацін падпісваюць заяву аб тым, што Гарбачоў здаровы, а дзеяньні ГКЧП незаконныя. Прымакоў сустракаецца зь Янаевым і раіць вывесьці войскі з Масквы. Янаеў, які ў гэты момант рэдагуе тэкст указу аб надзвычайных мерах па ўборцы ўраджаю, абяцае "зрабіць усё для нармалізацыі становішча", кажа, што ён "закладнік", што яму "выкруцілі рукі", што "ў красавіку я не паддаўся, а ў гэты раз ня вытрымаў ".

13.00-16.00: Генэралы МА, КДБ і МУС Ачалаў, Грушко, Агееў, Громаў, Лебедзь, Карпухін, Варэньнікаў і камандзір спэцпадразьдзяленьня 35690 (адмысловы навучальны цэнтар КДБ "Вымпел") Барыс Бескаў рыхтуюць плян штурму Белага дому. Апэрацыя намечаная на 3 гадзіны ночы 21 жніўня, выхад на зыходныя пазыцыі - на поўнач. Мяркуецца захапіць будынак на працягу 15-20 хвілін, правесьці "фільтраваньне" людзей, якія там знаходзяцца, інтэрнаваць Ельцына на паляўнічай базе "Завідава". Для штурму выдзяляюцца 600 спэцназаўцаў КДБ і маскоўскі АМАП, для падтрымкі - дывізія ўнутраных войскаў імя Дзяржынскага, тры танкавыя роты і верталётная эскадрылья - усяго каля 15 тысяч чалавек. Лебедзь кажа, што ён толькі што ад Белага дому, што там "вельмі шмат сабралася народу" і "значных ахвяр не пазьбегнуць". Варэньнікаў спыняе яго: "Ты генэрал і павінен быць аптымістам». Паводле ацэнак экспэртаў, плян быў практычна бездакорны з ваеннага пункту гледжаньня. Ніякіх пісьмовых дакумэнтаў або загадаў па выніках пасяджэньня не зьявілася.

13.30: Старшыня Дзяржтэлерадыё Краўчанка запрашае Лук'янава на ТБ, той адказвае, што "да гэтай гісторыі ніякага дачыненьня ня мае і ў дэбаты з гэтай нагоды ўступаць не жадае".

15.00: Загадам камэнданта Масквы ўводзіцца камэнданцкая гадзіна з 11 вечара да 5 раніцы.

16.30: Громаў дакладвае Пуга аб выніках нарады ў Ачалава, выказваецца супраць удзелу ўнутраных войскаў у апэрацыі. Адказ Пуга: "Пастаўленую задачу трэба выконваць Гэта загад!"

17.00: Камандзір "Альфы" Карпухин інструктуе падначаленых, запэўнівае, што вакол Белага дому сабраліся "сасункі", якіх "мы хутка раскідаем". Частка афіцэраў патрабуе пісьмовага загаду.

17.00: Грачоў даручае Лебедзю правесьці рэкагнасцыроўку мясцовасьці вакол Белага дому і "давесьці справу да розуму". Па вяртаньні Лебедзь дакладвае Грачову, Громаву і Ачалаву аб непазьбежных вялікіх стратах сярод абаронцаў і ўдзельнікаў штурму. Начальнікі адпускаюць яго, ня даўшы ніякіх указаньняў.

17.00: Ельцын выдае ўказ аб часовым прыняцьці на сябе абавязкаў галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Расеі.

Танкі на вуліцах Масквы

18.00: У Маскве назіраецца інтэнсіўнае перасоўваньне войскаў. У тэлефоннай размове зь Сілаевым Язаў фактычна прызнае наяўнасьць плянаў штурму Белага дому. Дэпутаты выходзяць да народу і просяць жанчын адысьці ад будынку.

18.00-20.00: Камандзіры аддзяленьняў "Альфы" вывучаюць становішча вакол Белага дому і дакладваюць, што абаронцаў будынку шмат і настроеныя яны рашуча, а барыкады за апошнія два дні сур'ёзна ўмацаваныя. У выніку штурму, хутчэй за ўсё, загіне мноства людзей, у тым ліку Ельцын і шмат вядомых людзей і замежных карэспандэнтаў, якія знаходзяцца ў будынку. Страты самой "Альфы", па іх ацэнцы, маглі скласьці да паловы асабовага складу.

20.00: На пашыраным пасяджэньні ГКЧП Янаеў прапануе выступіць па тэлевізіі з заявай, што "чуткі аб маючым адбыцца штурме Белага дому не маюць падставы". Паміж ім і астатнімі членамі ГКЧП пачынаецца спрэчка. Запрошаныя прадстаўнікі дэпутацкай групы "Саюз" ня могуць гарантаваць, што на сэсіі Вярхоўнага Савету СССР атрымаецца сабраць дзьве траціны галасоў, неабходныя паводле закону для зацьвярджэньня надзвычайнага становішча. В.а. прэм'ера Дагужыеў прапаноўвае для паляпшэньня забесьпячэньня насельніцтва раскансэрваваць армейскі недатыкальны запас, супраць чаго рашуча пярэчыць Язаў.

20.00: Міністар культуры СССР Мікалай Губенка падае ў адстаўку на знак пратэсту супраць дзеяньняў ГКЧП.

20.00: Генэрал Лебедзь пераапранаецца ў цывільнае, ідзе ў Белы дом і паведамляе кіраўнікам абароны (па іншых дадзеных - першым убачаным абаронцам) аб намечаным на тры гадзіны ночы штурме і нежаданьні вайсковых камандзіраў удзельнічаць у ім.

20.00: Сілаеў пакідае будынак парлямэнту, сказаўшы Ельцыну па тэлефоне: "Сёньня ўначы з намі будзе скончана. Хай бяруць дома".

20.00: Дэпутат Сяргей Станкевіч абвяшчае па радыё Белага дому аб магчымым начным штурме.

21.00: Міністар замежных спраў Бясьсьмертных адмаўляецца візаваць падрыхтаваны ГКЧП рэзкі адказ на заяву Джорджа Буша.

Барыкады вакол Белага дому

21.00: У штаб абароны Белага дому прыходзіць нейкая жанчына, прадстаўляецца жонкай афіцэра "Альфы" і распавядае, што перад групай пастаўлена задача ў тры гадзіны ночы атакаваць Белы дом з боку гатэлю "Украіна", выкарыстаўшы, у прыватнасьці, сьветлагукавыя гранаты. Ад супрацоўнікаў ДАІ паступаюць паведамленьні, што да цэнтру гораду ідуць танкі.

21.30: Камандзіры "Альфы" і "Вымпелу" Карпухін і Бескаў просяць намесьніка старшыні КДБ Агеева адмяніць апэрацыю. Агееў абяцае давесьці іх меркаваньне да Кручкова.

22.00: Руцкі і Кобец даюць абаронцам Белага дому апошнія інструкцыі. Разносяцца чуткі аб магчымым ужываньні хімічнай і псыхатропнай зброі.

22.00: Танкі Таманскай дывізіі і Разанскага палка ПДВ замяняюцца ля Белага дому іншымі падразьдзяленьнямі.

22.30: Членам ураду Расеі раздаюць зброю, частцы абаронцаў - адгазьнікі.

23.30: Скокаў па даручэньні Ельцына сустракаецца з Грачовым на вуліцы каля штабу ВДВ. Па словах Скокава, Грачоў просіць перадаць кіраўніцтву Расеі, што "ён рускі, і ніколі не дазволіць, каб войска пралівала кроў свайго народу".

23.45: На загад Варэньнікава, перададзены праз камандуючага Чарнаморскім флётам адмірала Хранопула, рота марской пяхоты ў складзе 41 байца на васьмі бронетранспарцёрах займае ўзьлётную паласу аэрадрому "Бельбек" непадалёк ад дачы ў Фаросе, каб "не дапусьціць пасадкі самалёта з групай захопу".

21 жніўня, серада


00.00: "Альфа", не атрымаўшы загаду, не высоўваецца на зыходныя пазыцыі для штурму.

00.00: Хросны ход вакол Белага дому.

00.15-00.20: На Садовым кальцы адбываецца сутыкненьне матарызаванага армейскага патруля з дэманстрантамі. Салдаты страляюць паверх галоў.

00.35: Бурбуліс заклікае абаронцаў Белага дому ў выпадку штурму ня класьціся пад танкі і "добрым словам" угаворваць салдат не ісьці супраць народу.

01.10: Пры спробе спыніць БТРы ў тунэлі на скрыжаваньні Садовага кальца з Новым Арбатам гінуць трое абаронцаў Белага дому - Ільля Крычэўскі, Дзьмітры Комар і Уладзімер Вусаў.

01.30: Ачалаў дакладвае Язаву, што ля Белага дому пралілася кроў, а падразьдзяленьні КДБ і МУС не высунуліся для нападу. Адказ Язава: "Ідзі ў кабінэт і дай каманду "Стой!".

02.00: Памочнік прэзыдэнта РСФСР Леў Суханаў дакладвае Ельцыну са спасылкай на дадзеныя радыёперахопу і на размову зь нейкім заходнім дыпляматам, што штурм перанесены на 4-ую гадзіну раніцы. Па чутках, чакаюць Віцебскую дэсантную дывізію КДБ, якая павінна зьмяніць ля Белага дому "ненадзейныя" часткі.

02.00: У Белым доме зьяўляецца Эдуард Шэварнадзэ.

02.30: Ельцын адхіляе прапанову Каржакова схавацца ў будынку амэрыканскага пасольства, спускаецца ў бункер пад Белым домам.

02.30-04.30: На Лубянцы праходзіць нарада з удзелам Кручкова, Бакланава, Шэніна, Ачалава, Варэньнікава, Громава і каля 20 вышэйшых афіцэраў КДБ. Абмяркоўваюцца прычыны зрыву штурму Белага дому. Па сьцвярджэньні Ачалава, Бакланаў сустрэў яго словамі: "Што, збаяліся?" Ачалаў спасылаецца на "праліўны дождж і палітызацыю народу". Генэрал Громаў абвяшчае, што дывізія Дзяржынскага ў цэнтар Масквы не вылучалася і ўнутраныя войскі ў штурме удзельнічаць не будуць. Падводзячы вынік, Кручкоў кажа: "Што ж, апэрацыю трэба адмяняць і яшчэ раз усё абдумаць".

03.00: Ельцын пакідае бункер.

03.00: Галоўкам ВПС Яўген Шапашнікаў прыходзіць да Язава і прапануе "зыходзіць з сытуацыі, якая склалася". На пытаньне, што ён мае на ўвазе, адказвае: «Прыбраць войскі з Масквы, ГКЧП абвясьціць незаконным і разагнаць».

03.50: У Белым доме абвяшчаюць, што штурм можа пачацца праз 10 хвілін. У будынку згасае сьвятло. Абаронцы ўтвараюць жывы ланцуг, узяўшыся за рукі.

04.00: Патрыярх Аляксій II абвяшчае, што "арганізатары, ініцыятары і выканаўцы грамадзянскай вайны" будуць адлучаны ад царквы.

04.30: У Маскву прыбываюць выкліканыя намесьнікам міністра ўнутраных спраў Расіі Андрэем Дунаевым узброеныя курсанты пяці школ міліцыі з цэнтральнай Расеі.

04.33: Ленінградзкая ваенна-марская база пераходзіць у падначаленьне расейскай улады.

04.50: Хасбулатаў зьвяртаецца да абаронцаў Белага дому і заяўляе, што "перамога блізкая".

05.00: Бурбуліс тэлефануе Кручкову, той адказвае: «Штурму ня будзе, можаце спаць спакойна».

05.00: Адкрываецца пасяджэньне калегіі Міністэрства абароны. Галоўнакамандуючы ВМФ Ігар Чарнавін і галоўнакамандуючы РВСП Юры Максімаў падтрымліваюць Шапашнікава. Язаў аддае загад аб вывадзе войскаў з Масквы.

05.00: Калёна Віцебскай дывізіі спыняецца ля МКАД.

05.00-07.00: Члены ГКЧП ў адсутнасьць Язава раяцца ў гатэлі "Кастрычніцкая".

05.40: У Белым доме з дакладнай крыніцы атрымліваюць інфармацыю: супрацоўнікам КДБ дадзены адбой.

06.00: Ваенны камэндант Масквы генэрал Калінін распаўсюджвае заяву, у якім ускладае віну за гібель Комара, Крычэўскага і Усава на "хуліганскія элемэнты".

07.00: Два палкі Белгарадзкай дывізіі ВДВ, напярэдадні перакінутыя з Малдавіі і якія рухаліся ў напрамку Масквы, спыняюцца на Мажайскай шашы.

07.30: Прымакоў раіць Янаеву неадкладна пайсьці на тэлебачаньне, выступіць з заявай аб роспуску ГКЧП, сказаць, што ён знаходзіўся пад ціскам і тым выратаваць сябе. Янаеў амаль даслоўна паўтарае словы Кручкова: "Трэба падумаць ...".

08.00: Войскі пачынаюць пакідаць горад.

Людзі зьбіраюцца вакол Белага дому

08.00: Штаб абароны Белага дому заклікае абаронцаў не губляць пільнасьць і не разыходзіцца.

08.00: Кручкоў тэлефануе Ельцыну, па словах Хасбулатова, прапануе разам ляцець у Крым да Гарбачова.

08.00-09.00: Апошняе пасяджэньне ГКЧП ў будынку Мінабароны на Арбацкай плошчы. Язаў прапануе ляцець у Фарос. Бакланаў і Цізякоў накідваюцца на яго з папрокамі. Кручкоў заклікае працягваць барацьбу, затым падтрымлівае Язава са словамі: "Можа быць, ідэя і нядрэнная Павінен жа ён [Гарбачоў] разумець, што бяз нас ён нішто!"

08.30: Карпухін выклікае камандзіра аддзяленьня "Альфы" Анатоля Савельева, загадвае яму выехаць зь людзьмі на вуліцу Дзям'яна Беднага і зачыніць радыёстанцыю "Эхо Москвы", паколькі яна "перадае дэзінфармацыю". У 10,40 станцыя на некалькі гадзін замоўкла. Гэта было адзінае заданьне, выкананае "Альфай" за тры дні путчу.

Б.Ельцын выступае на надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету РСФСР

10.00: У Белым доме адкрываецца сэсія Вярхоўнага Савету РСФСР, на якой выступае Ельцын.

13.00: Кабінэт міністраў СССР распаўсюджвае заяву аб сваёй недатычнасьці да путчу.

13.10: Лук'янаў тэлефануе галоўнаму рэдактару "Московских новостей" Ягору Якаўлеву і заяўляе, што Гарбачова незаконна ўтрымліваюць у Фаросе, што ён "ня можа не паехаць да чалавека, зь якім быў зьвязаны сорак гадоў", і паляціць "нават калі мяне там заб'юць".

13.20: Кручкоў, Язаў, Бакланаў, Цізякоў, Лук'янаў і намесьнік генэральнага сакратара ЦК КПСС Уладзімір Івашка выяжджаюць у аэрапорт, па дарозе трапляюць у затор, створаны бронетэхнікай Таманскай дывізіі, якая вяртаецца на базу.

13.40: Дэсантнікі і рыскі АМАП робяць спробу штурму Вярхоўнага Савету Латвіі, адступаюць пры атрыманьні вестак з Масквы.

14.00: Сакратарыят ЦК КПСС выступае з заявай, патрабуючы ад ГКЧП высьветліць лёс кіраўніка кампартыі.

14.15: Прэзыдэнцкі Іл-62 бярэ курс на Крым. На сэсіі Вярхоўнага Савету Расеі распаўсюджваецца пагалоска, што "гэкачэпісты" маюць намер пакончыць з Гарбачовым.

15.00: Па тэлебачаньні трансьлююць прэсавую канфэрэнцыю Прымакова, Бакаціна і Вольскага з асуджэньнем ГКЧП.

15.30: Пуга падпісвае апошняе распараджэньне ГКЧП – шыфратэлеграму рэгіянальным упраўленьням унутраных спраў з патрабаваньнем узмацніць ахову тэлерадыёарганізацый і дакладваць аб усіх парушэньнях Пастановы ГКЧП аб кантролі за інфармацыяй.

16.08: Самалёт ГКЧП прызямляецца ў Бельбеку.

16.52: Група расейскіх дэпутатаў і грамадзкіх дзеячоў на чале з віцэ-прэзыдэнтам Аляксандрам Руцкім, а таксама Прымакоў і Бакацін вылятаюць у Фарос. Іх суправаджаюць 36 узброеных аўтаматамі афіцэраў МУС Расеі пад камандай Дунаева.

17.00: Ізноў выходзіць у эфір праграма "Весьці" Расейскага тэлебачаньня.

17.00: Янаеў прыяжджае ў свой крамлёўскі кабінэт, які некалі займаў Лаўрэнцій Берыя. Супрацоўнікі прэзыдэнцкага апарату Карасёў і Ярына просяць яго не пакідаць памяшканьня.

17.00: Дэлегацыя ГКЧП прыбывае на прэзыдэнцкую дачу. Гарбачоў адмаўляецца прыняць яе, адхіляе просьбы Кручкова і Лук'янава сустрэцца сам-насам, патрабуе неадкладна аднавіць сувязь са зьнешнім мірам; зьвязваецца з Масквой і робіць заяву аб тым, што "цалкам кантралюе сытуацыю", адмяняе ўсе ўказы і распараджэньні ГКЧП, адхіляе яго чальцоў ад дзяржаўных пасадаў; прызначае начальніка Генштабу Міхаіла Маісеева, начальніка Першага галоўнага ўпраўленьня КДБ (зьнешняя разьведка) Леаніда Шабаршына і першага намесьніка міністра ўнутраных спраў СССР Васіля Трушына часовымі выканаўцамі абавязкаў кіраўнікоў сілавых ведамстваў, тэлефануе Ельцыну, Краўчуку, Назарбаеву, Дземянцею, Карымаву, а таксама Джорджу Бушу і Франсуа Мітэрану.

18.45: Па патрабаваньню Гарбачова з пасадачнай паласы ў Бельбеку адводзяць марскую пяхоту і прыбіраюць цяжкую тэхніку, выстаўленую, каб перашкодзіць пасадцы Ту-134 з расейскай дэлегацыяй.

19.16: Самалёт Руцкога прызямляецца ў Бельбеку.

20.00: Генэральная пракуратура СССР узбуджае крымінальную справу па факце спробы дзяржаўнага перавароту.

20.10: Руцкі і яго спадарожнікі праходзяць да Гарбачова.

20.30: Першыя намесьнікі міністра ўнутраных спраў Громаў і Шылаў прыходзяць у кабінэт Пуга і заяўляюць, што яго ўказаньні надалей выконваць ня будуць. Па іх словах, Пуга выказаў шкадаваньне, што "паверыў Кручкову і паслухаў яго".

21.40-22.10: Гарбачоў прымае Лук'янава і Івашку ў прысутнасьці Руцкога і Прымакова, абвінавачвае Лук'янава ў здрадзе, а намесьніка па партыі – у бязьдзейнасьці ў дні путчу.

22.00: Пракурор РСФСР Валянцін Сьцепанкоў выносіць пастанову аб арышце членаў ГКЧП.


22 жніўня, чацьвер


00.01: Гарбачоў, яго сям'я і памочнікі вылятаюць у Маскву на самалёце Руцкога. Членаў ГКЧП адпраўляюць іншым бортам, толькі Кручкоў ляціць у салёне прэзыдэнцкага самалёта пад міліцэйскай аховай (па словах Руцкога, "зь ім на борце дакладна не саб'юць"). Па прыбыцьці Кручкова, Язава і Цізякова арыштоўваюць на лётным полі.

Гарбачоў вяртаецца ў Маскву

02.00: Гарбачоў вяртаецца ў Маскву. Тэлебачаньне паказвае ў прамым эфіры прэзыдэнта ў вязанай кофце, які спускаецца па трапе. Пазьней Гарбачова будуць папракаць за тое, што ён не паехаў да Белага дому, а адправіўся адпачываць на дачу.

03.50: Руцкі выступае ля Белага дому, паведамляе аб вяртаньні Гарбачова і арышце "нягоднікаў".

05.00: Ельцын абвяшчае, што "рэакцыйны путч праваліўся", і дзякуе абаронцам Белага дому.

07.00: Янаеў арыштаваны ў сваім кабінэце.

11.00: Гарбачоў тэлефануе намесьніку старшыні КДБ Грушко і дае ўказаньне "ўсім працаваць як звычайна".

12.00: На флагштоку над Белым домам упершыню падымаецца расейскі сьцяг. Ля Белага дому праходзіць "Мітынг пераможцаў".

12.00: Гарбачоў раіцца з бліжэйшымі памочнікамі аб тым, «як захаваць курс на падпісаньне Саюзнай дамовы».

15.00: На першай пасьля путчу прэсавай канфэрэнцыі Гарбачоў выкладае сваю вэрсію падзей, кажа аб перабудове, сацыялістычным выбары і пра тое, што КПСС не вінаватая ў тым, што здарылася, прамаўляе знакамітыя фразы: «Я вярнуўся ў іншую краіну» і «Мы ведаем, хто ёсьць ху».

23 жніўня


09.30: Барыс Пуга і яго жонка учыняюць самагубства.

М.Гарбачоў і Б.Ельцын на сэсіі Вярхоўнага Савету РСФСР

10.00-13.00: Гарбачоў выступае на сэсіі Вярхоўнага Савету Расеі, дзе сустракае халодны прыём. Нягледзячы на яго пярэчаньні, Ельцын проста ў зале падпісвае ўказ аб роспуску КПСС, пасьля ў размове сам-насам патрабуе надалей узгадняць зь ім усе ключавыя прызначэньні.

14.00: Гарбачоў сустракаецца ў Крамлі з кіраўнікамі саюзных рэспублік, прызначае новых кіраўнікоў Мінабароны, КДБ і МУС СССР – Яўгена Шапашнікава, Вадзіма Бакаціна і Віктара Бараньнікава.

15.00: Супрацоўнікі апарату ЦК КПСС пакідаюць комплекс будынкаў на Старой плошчы. У цэнтры Баку АМАП разганяе каля сямі тысяч прыхільнікаў Народнага фронту, якія сьвяткавалі паразу ГКЧП. Арыштаваныя Паўлаў і Старадубцаў.

24 жніўня


Дэмантаж помніка Дзяржынскаму

00.00: На Лубянскай плошчы дэмантаваны помнік Феліксу Дзяржынскаму. Саюзная пракуратура арыштоўвае Бакланава, Шэніна, Болдзіна, Пляханава.

10.00: Пакончыў з сабой былы начальнік Генштабу, дараднік прэзыдэнта маршал Сяргей Ахрамееў, які раніцай 19 жніўня добраахвотна прапанаваў свае паслугі Янаеву.

11.00: Пахаваньне Комара, Усава і Крычэўскага. На жалобным мітынгу ля Белага дому Ельцын просіць прабачэньня ў іх блізкіх. Гарбачоў пасьмяротна прысвойвае ім званьне Герояў Савецкага Саюзу. Загінулыя абаронцы Белага дому сталі апошнімі атрымальнікамі гэтай узнагароды.

12.00: Гарбачоў пакідае пасаду Генэральнага сакратара ЦК КПСС. У мітынгу ў цэнтры Масквы і вячэрнім рок-канцэрце на Краснай плошчы удзельнічае да мільёна чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG