Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Бандарэнка апошні тыдзень знаходзіцца ў шпіталі?


Пра вязьня калёніі ў Горках Зьмітра Дашкевіча больш за месяц няма ніякіх зьвестак. Алесь Атрошчанкаў знайшоў у турэмнай бібліятэцы кнігу Васіля Быкава, пра якую мяркуе, што яна апынулася там дзякуючы Аляксандру Казуліну. Зьміцер Бандарэнка апошні тыдзень знаходзіцца ў шпіталі, мяркуюць сваякі вязьня. Лісты Андрэя Саньнікава затрымліваюць на пошце. Маці Мірзаянава і Лобава змагаюцца за паляпшэньне ўмоваў у турмах.

16 жніўня да старшыні «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча ў калёніі ў Горках зноў не пусьцілі адваката. Гэтым разам нават не патлумачылі прычынаў, паведаміла нявеста актывіста Наста Палажанка:

«Проста, не тлумачачы нічога, не пусьцілі, і ўсё. Адвакат пакінула там некалькі скаргаў і заяву — паведаміць, што адбываецца з Дашкевічам, які стан ягонага здароўя, ці ёсьць адказ на заяву бацькі адносна сустрэчы зь ім, дзе ён увогуле знаходзіцца: у карцэры, у атрадзе ці ў памяшканьні камэрнага тыпу? Бо нам невядома нічога, што зараз зь ім адбываецца».

Паводле зьвестак, яшчэ каля месяца таму Дашкевіча зьмясьцілі ў карцэр, але невядома, зь якой прычыны.

Аляксандар Атрошчанкаў, які адбывае пакараньне ў калёніі «Віцьба-3», паведаміў жонцы падчас апошняй размовы праз тэлефон, што знайшоў у турэмнай бібліятэцы кнігу Васіля Быкава. Вэрсію Атрошчанкава пераказала Дар’я Корсак:

«Размаўлялі зь ім пра кнігі. Ён распавёў, што знайшоў у бібліятэцы калёніі кнігу Васіля Быкава на беларускай мове. Мяркуе, што гэта заслуга Аляксандра Казуліна. Зараз чытае гэтую кнігу — Аляксандар Быкава вельмі любіць».

З 2006 па 2008 год у калёніі «Віцьба-3» адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, які адмыслова зьбіраў кнігі для турэмнай бібліятэкі.

Зьмітра Бандарэнку на гэтым тыдні ўжо могуць перавесьці ў турэмны шпіталь з 5-й клінікі ў Менску, дзе ён ляжыць пасьля апэрацыі. Між тым здароўе Бандарэнкі, у якога кепска было з нагой, заўважна не палепшала, кажа жонка вязьня Вольга:

«Магчыма, будзе лепей, і гэта будзе бачна празь некалькі месяцаў, але пакуль нічога ня бачна».

Лісты экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава затрымліваюць на пошце ў Менску па некалькі дзён. Жонка вязьня журналістка Ірына Халіп робіць наступную выснову:
Нейкія людзі павінны прыходзіць на пошту, ці лісты ім адвозяць — і ўсё чытаюць.

«З паштовага аддзяленьня, адкуль лісты павінны прыносіць адразу, іх затрымлівалі па 3 дні. Гэта азначае адзінае: што нейкія людзі павінны прыходзіць на пошту, ці лісты ім адвозяць — і ўсё чытаюць».

Сёньня Ірына Халіп атрымала адразу 3 лісты мужа, на якіх стаіць штэмпэль паштовага аддзяленьня ад 12 жніўня.

Нядаўна Людміла Мірзаянава і Марына Лобава, маці палітвязьняў Фёдара Мірзаянава і Эдуарда Лобава, наведалі калёнію ў Івацэвічах «Ваўчыныя норы», дзе трымаюць іх сыноў. Жанчыны абурыліся нявырашанасьцю шмат якіх бытавых пытаньняў у калёніі. 16 жніўня маці палітвязьняў наведалі аднаго з кіраўнікоў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. У тым ліку размаўлялі пра наступную праблему:

«Мы абмяркоўвалі, дзе хаваць прадукты. На 100–200 чалавек у калёніі — адна лядоўня. Таму большасьць увогуле ня можа захоўваць свае прадукты, асабліва мяса, каўбасы. Адсюль недахоп бялкоў у харчаваньні. Мы ж убачылі Васіля Парфянкова ды Дзьмітрыя Дразда, калі яны вышлі на волю, якія яны схуднелыя — гэта ад недахопу бялкоў. І як вырашыць гэтую праблему? Сказалі, што толькі падараваўшы новыя лядоўні калёніі».

Між тым лістоў ад Фёдара Мірзаянава няма ўжо больш за два тыдні, адзначае ягоная маці. На адсутнасьць зьвестак ад сына скардзіцца і маці Аляксандра Малчанава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG