Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі патрэбныя мігранты


Зьніжэньне колькасьці насельніцтва, асабліва яго працаздольнай часткі, ставіць пад пагрозу нацыянальную бясьпеку, палітычныя і сацыяльна-эканамічныя інтарэсы Беларусі. Аб гэтым заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску першы намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётар Грушнік, паведамляе БелаПАН.

Паводле яго зараз 10 беларусаў-працаўнікоў кормяць прыкладна 7 суайчыньнікаў непрацаздольнага ўзросту (на тысячу працаздольных прыпадае 693 непрацаздольных). Калі дэмаграфічныя тэндэнцыі ня зьменяцца, то ў 2030 годзе гэтая прапорцыя складзе 841 непрацаздольны на тысячу працаздольных.

Адзін з напрамкаў прынятай урадам Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бясьпекі Беларусі на 2011-2015 гг. прадугледжваецца прыцягненьне ў краіну мігрантаў.

"Прадугледжваецца шэраг мер, - паведаміла старшы інспэктар дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Тацьцяна Мялешка - каб прыцягнуць у краіну больш якасных мігрантаў. Мы будзем ставіць перад імі пэўныя ўмовы -- патрабаваньні да адукацыі, ўзросту, яго жаданьня пражываць ў нейкім дэмаграфічна складаным рэгіёне і працаваць там на карысьць нашай краіны. У выпадку, калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, такому мігранту будзе аказвацца фінансавая дапамога -- яму будуць аплачвацца расходы па пераезду, пад'ёмныя на ўладкаваньне ў нашай краіне ".

Акрамя таго, адзначыла сп-ня Мялешка, праграмай прадугледжаныя перашкоды "уцечцы мазгоў" з Беларусі -- стварэньне пэўнай сыстэмы мер, якія замацавалі б у краіне асобаў, якія валодаюць інтэлектуальным, творчым, навуковым патэнцыялам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG